19 Апреля, 2024 Пятница

Зброяй сатыры, зброяй праўды

  • 23 марта 2016 Культура Беларуская 0

    Ад маленства да сталасці

    Вядомы нам пад псеўданімам Крапіва, Кандрат Кандратавіч, сапраўднае прозвішча якога Атраховіч,  нарадзіўся 5 сакавіка 1896 г. у вёсцы Нізок Уздзен-скай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Уз-дзенскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пра свой жыццёвы і творчы шлях ён падрабязна расказаў у аўтабіяграфіі “Ад маленства да сталасці”:

    – З васьмярых братоў і сясцёр, што нарадзіліся раней за мяне, у жывых засталіся дзве сястры. Адна з іх хутка памерла. Каб застрахаваць мяне ад такога ж лёсу, бабулькі параілі даць мне імя майго бацькі. Так і стаў я на ўсё жыццё Кандратам Кандратавічам. Як бы ўзрадаваліся бабулькі на тым свеце, калі б даведаліся, што я пражыў на свеце ўжо больш за шэсцьдзесят гадоў! І, вядома, палічылі б страшэннай няўдзячнасцю мае сатырычныя вершы пра ўсялякія забабоны!

    Дзяцінства вясковага хлопчыка Кандрата Атраховіча прайшло сваім парадкам. Спачатку насілі ў калысцы на поле, пасля сам хадзіў, ухапіўшыся за матчын падол, потым пасвіў свіней і кароў, а ў чатырнаццаць пайшоў за плугам і за касой.

    – Прыходзілася і цяжка часамі, але я з удзячнасцю ўспа-мінаю сваіх бацькоў, якія навучылі мяне працаваць яшчэ ў маладым узросце, навучылі цаніць працу і паважаць людзей з мазольнымі рукамі.

    У сем гадоў Кандрат Атраховіч пачаў вучыцца ў царкоўнапрыходскай школе і за чатыры гады паспяхова яе скончыў. Неўзабаве ў сям’і здарылася вялікае гора – памерла маці. Бацька, Кандрат Міхайлавіч, разважыў, што без гаспадыні ніяк нельга і ажаніўся другі раз, а сына вырашыў “вывесці ў людзі”, даўшы адукацыю. Пасля гадавога перапынку будучы пісьменнік прадоўжыў вучобу спачатку ў народным вучылішчы ў мястэчку Узда, а потым у гарадскім чатырох-класным вучылішчы ў мястэчку Стоўбцы Мінскай губерні. Да гэтага часу адносяцца першыя “пробы пяра” – лірычныя вершы з налётам “сусветнай тугі” і эпіграмы на знаёмых. Адзін твор “высокага класа”, як іранічна зазначае сам Крапіва, паслаў у часопіс “Жизнь для всех”, і атрымаў адказ, што верш не можа быць надрукаваны, бо ён не мае дастатковай мастацкай каштоўнасці. Пасля гэтага Кандрат Кандратавіч не браўся за пяро восем гадоў, бо палічыў гэта марнай справай.

    Закончыўшы ў 1913 г. гарадское вучылішча, Крапіва пайшоў “на свой хлеб”, які аказалася не так лёгка было здабыць.  Лета працаваў на гаспадарцы, а восенню, пазычыўшы ў суседа тры рублі, паехаў у Мінск здаваць экзамен на званне народнага настаўніка. Вярнуўся дадому з пасведчаннем, аднак месца настаўніка не знайшоў. Давялося займацца фізічнай працай. Толькі на наступны год прыйшло назначэнне ў земскае народнае вучылішча. Настаўнічаў нядоўга, у 1915 годзе Кандрат Крапіва быў прызваны ў войска, забягаючы наперад, варта  адзначыць, што на баявыя паходы пісьменніку пашанцавала аж занадта. Як чалавек, які меў адукацыю, ён адразу быў накіраваны ў школу прапаршчыкаў. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце, дзе ўпершыню атрымаў баявое хрышчэнне. Рэвалюцыю сустрэў у арміі, а калі выйшаў загад галоўнакамандуючага Крыленкі аб дэмабілізацыі настаўнікаў з арміі, Крапіва вярнуўся ў родную вёску. Працаваў на гаспадарцы, а пасля выгнання нямецкіх акупантаў у лістападзе 1918 года нейкі час настаўнічаў.  У 1919 годзе ажаніўся са сваёй аднавяскоўкай Аленай Махнач. У 1920-м  перажыў і другую акупацыю – белапольскую, пасля якой зноў быў прызваны ў армію. З 1922 г. служыць у Мінску, дзе  пасля доўгага перапынку пачынае пісаць. 13 красавіка 1922 г. у “Красноармейской правде” з’яўляецца твор – вершаваны фельетон “Жылі-былі”. З гэтага часу карэспандэнцыі, фельетоны, сатырычныя вершы Крапівы часта друкуюцца на старонках газеты.

    У Мінску малады аўтар паступова стаў далучацца да літаратурнага жыцця, знаёміцца з літаратурнай моладдзю. Актыўна супрацоўнічае з газетай “Савецкая Беларусь”, пачынае пісаць на беларускай мове.

    – З асалодай чытаў творы і тады ўжо слаўных беларускіх паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Раней у мяне не было такой магчымасці. Знаёмства з беларускімі класікамі канчаткова пераканала мяне, што добрыя творы можна пісаць і на беларускай мове. А ёю я валодаў лепш, чым рускай.

    Пасля дэмабілізацыі ў кастрычніку 1923 г. Крапіва разам з жонкай і сынам едзе ў Нізок, дзе працуе на гаспадарцы і настаў-нічае. У 1925 г. па просьбе сяброў з “Маладняка” пісьменнік пасля доўгага роздуму пераяз-джае ў Мінск і ўладкоўваецца на працу ў Цэнтральнае бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. У 1926 годзе, калі Кандрату Кандратавічу было ўжо трыццаць гадоў, паступае на літаратурнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які заканчвае ў 1930-м. Далей вырашае жыць літаратурнай справай.

    У 1939 г. быў зноў прызваны ў армію, удзельнічаў у паходзе за вызваленне Заходняй Беларусі. Потым ваяваў на лініі Манергейма ў Фінляндыі. А праз год пачалася Вялікая Айчынная вайна, на пачатку якой Кандрат Крапіва працаваў у франтавых газетах «За Савецкую Беларусь», «Красноармейская правда», з 1943 г. і да канца вайны рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну».

    У 1945 – 1947 гадах Кандрат Крапіва з’яўляўся рэдактарам часопіса «Вожык», у 1947—1952 гадах – загадчыкам сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры АН БССР. Калі ў 1952 годзе быў створаны асобны Інстытут мовазнаўства, ён стаў дырэктарам гэтага інстытута на чатыры гады.  У 1956 годзе Крапіву абралі віцэ-прэзідэнтам АН БССР; на гэтай пасадзе ён прабыў да 1982 года, калі, па ўласнай просьбе, яго перавялі на пасаду старшага навуковага супрацоўніка-кансультанта.

    Свой зямны шлях Кандрат Крапіва скончыў 7 студзеня 1991 года.

    Талент шматгранны, самабытны

     Творы Кандрата Крапівы складаюць адну з найбольш яркіх і значных старонак беларускай літаратуры. I ў паэзіі, і ў прозе, і ў драматургіі ён сказаў сваё самабытнае слова. З імем пісьменніка звязана ўсталяванне сатырычнай плыні ў нацыянальнай літаратуры. Вялiкага майстэрства Кандрат Крапiва дасягнуў у жанры байкi, якую ўзняў на вышыню мастацкай дасканаласці, паставіў на адзін узровень з іншымі, больш развітымі жанрамі. Непаўторнае беларускае гучанне баек Крапівы, даходлівасць, жыццёвая насычанасць і дакладнасць па-спрыялі таму, што яны адразу атрымалі сталую “прапіску” ў нашай літаратуры.

     

                      Абраза

     

    — Набраўся недзе, як свіння,

    Дый брэша, як сабака;

    Вось некаму цябе суняць! —

    Так прабірае Жонка Мужа,

    Які напіўся дужа

    I лаецца са смакам.

    — Няпраўда,— кажа тут Свіння

    Да п’яніцавай жонкі,—

    Ані гарэлкі, ні віна,

    Ні нават самагонкі

    Не п’ю я зроду,

    А толькі п’ю памыі й воду,

    I за такую вось абразу

    Я падцягнуць магла б адразу.

    — I я пакрыўдзіўся на вас,—

    Спусціўшы хвост і морду нізка,

    Сказаў вясковы Лыска.—

    Ці чулі ж вы калі хоць раз

    Такую лаянку між нас —

    Адборную, густую?

                                   Я пратэстую!

    Што можам мы дабавіць

                                               з вамі?

    Жывёлы ўсё сказалі самі.

    1925 г.

              

     Сваяўство

     

    Для сябра ці для сваяка

    I на вярбе растуць, часамі,

                                                  бэры,

    I па вядру казёл дае, бывае,

                                              малака.

    Хто гэтаму не даў бы веры,

    Дык факты тут яго

                      пераканаюць скора.

    Нядаўна нек, учора ці

                                             заўчора,

    Я чуў — Свіння Казла хваліла,

    Уславіла падрад разоў са сто.

    Хваліла, ды не ў гэтым сіла,

    А справа ў тым — за што?

    Яна Цялят сабрала чараду

    I пачала:

    — Вы знаеце,— пытаецца,—

    Казла —

    Такую бараду

    З развілінамі рог?

    Ах, што за працаўнік! Ах, што

                                    за маладзец!

    Ох, ох! Рох, рох!

    Працуе ён не то што за Вала —

    За трох!

    Спытайцеся сабе ў авец...

    Ці верыце яшчэ вы,

                                      мілыя мае?

    Ён нават малака дае.

    Цяляты тут Свінні ў адказ:

    — А не дуры ты, цёця, нас!

    Казлова малако сама еш

                                        на здароўе,

    А нам ляпей кароўе.

    А што ён працаўнік, і гэтакі й

                                                      такі,

    Дык ясна тут, як двойчы два:

    Вы з ім, здаецца ж, сваякі —

    Жывёлы з аднаго хлява.

    1927 г.

    Автор: Ю.ДашкевичВеснік Чэрыкаўшчыны

Комментарии (0)