29 Апреля, 2026 Среда

Стварэнне лялек - справа сур'ёзная

  • 25 марта 2016 Культура Беларуская 0

    Знаўцы тэатральнага мастацтва заўважаюць, што ў нашай краіне ўсяго двое сапраўдных майстроў па вырабе лялек – Алег Нікалайчык у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек і Святлана Тарайкоўская з нашай «Батлейкі». Іх называюць прафесіяналамі з прыроджаным дарам.

    Трэба сказаць, што такіх спецыялістаў для прафесійнага тэатра не рыхтуюць ні ў адной навучальнай установе краіны. А на фестывалях і конкурсах, дзе прынята адзначаць лепшых рэжысёраў, сцэнарыстаў, выканаўцаў роляў і іншых слуг тэатра, намінацыя для майстроў па вырабе лялек… не прадугледжана. Між іншым, поспех спектакля ў многім залежыць ад таго, наколькі якасна зроблены лялькі.     

    С. Тарайкоўская працуе ў «Батлейцы» дзевятнаццаты год. Яна прафесійны мастак, спачатку займалася дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, асабліва захаплялася саломапляценнем, шукала сябе ў педагогіцы. Але тэатр пакарыў яе сэрца. Святлана «з нуля» самастойна асвойвала тэхналогію вырабу лялек. Яна нават распрацавала і ўкараніла ўласныя методыкі.

    — І ў друку, і ў інтэрнэце практычна няма інфармацыі па вырабе лялек для прафесійных тэатраў. За апошнія сорак (!) гадоў не выйшла ніводнай новай кнігі па гэтай тэматыцы, — адзначае С. Тарайкоўская.

    За час работы ў «Батлейцы» Святлана зрабіла амаль 200 лялек для большасці спектакляў, якія значацца ў рэпертуары. Над вырабам адной іншым разам даводзіцца працаваць на працягу месяца. Майстар ведае, што не ўвесь патрэбны матэрыял можна купіць у магазіне.

    — Як правіла, мне прыносяць з дома ўсё тое, што лічаць смеццем і адходамі. Я заўсёды знайду гэтаму прымяненне. Утулкі ад упаковачнай плёнкі і кавалкі лёскі выкарыстоўваю для вырабу механізму лялек, з шарыкаў ад ролікавых дэзадарантаў атрымліваюцца вочы, з «падложкі» для ламінату — трывалыя галаўныя ўборы, з барабанных палачак – далікатная шыя… Таксама ў ход ідуць пластык, абрэзкі тканіны і пражы, пенапласт, — гаворыць Святлана.

    Яна спрытна спраўляецца з пласкагубцамі, малаткамі, нажоўкамі, напільнікамі розных форм і памераў, электрадрылямі. Гэта яе настольныя інструменты. Слушныя парады дае і сваім калегам па бутафорскім цэху: як найлепш зрабіць эскіз і якое потым змадэляваць

    адзенне. Урэшце, лялька павінна ажыць у руках акцёра. Перш чым перадаваць выраб для спектакля, Святлана на імгненне сама ператвараецца ў… актрысу. Перад люстэркам майстар уяўляе, як лялька будзе глядзецца на сцэне, правярае яе механізмы. Каб пераканацца, што акцёрам зручна працаваць з персанажамі, наведвае рэпетыцыі.

    У «Батлейцы» працуе і муж Святланы. Віктар Піліпенка лічыцца адным з вядучых акцёраў тэатра. У сямейнага «дуэта» ёсць сумесная творчая пастаноўка «Маленькая гісторыя» па аднайменным творы Ніны Гернэт. Святлана выступіла ў якасці мастака, афарміцеля і майстра па вырабе лялек, а Віктар – як сцэнарыст, рэжысёр, аўтар музыкі і акцёр. Іх «Гісторыя» адзначалася як лепшы спектакль для дзяцей і дарослых на двух міжнародных фестывалях – у Малдове і ва Украіне.

    Нядаўна Святлана пайшла на творчы эксперымент, і ў яе з’явіліся лялькі-пальчаткі ў выглядзе жывёл, якіх яна зрабіла з воўны ў тэхніцы валення. Да гэтага часу ў тэатрах краіны аналагічныя не выкарыстоўваліся. Яны надзвычай складаныя і далікатныя ў выкананні. Восем ваўняных лялек можна ўбачыць у спектаклі «Клочки по закоулочкам».

    Цяпер майстар працуе над стварэннем «лялечных акцёраў» — штокавых марыянетак — для новага спектакля катэгорыі «18+» па п’есе Нікола Макіявелі «Мандрагора», якую нярэдка называюць «комедией про прелести греха». Прэм’ера адбудзецца ўжо ў наступным месяцы. Зрэшты, Святлана заўсёды знаходзіцца ў пошуку новых ідэй. А ў снах нярэдка бачыць падказкі сваім творчым задумам.

    Фота: Ірына РАБУШКА.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)