08 Мая, 2024 Среда

Дэбют Яніны Малінчык

  • 11 апреля 2016 Культура Беларуская 0

    Наша зямлячка сыграла ў вядомым расійскім фільме “Батальёнъ”

    Фільм рэжысёра Дзмітрыя Месхіева “Батальёнъ”, які выйшаў у шырокі пракат у 2015 годзе, прысвечаны трагічнаму лёсу жаночага батальёна, створанага ў Пецярбургу ў 1917 годзе па загадзе часовага ўрада для падняцця баявога духу салдат на франтах Першай сусветнай вайны. І наша зямлячка з Целяханскага краю, актрыса Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Яніна Малінчык сыграла ў ім адну з заўважных роляў.

     Яе імя значыцца чацвёртым у тытрах пасля імёнаў зорак расійскага кіно Марыі Аронавай, Марыі Кажэўнікавай… Фільм “Батальёнъ” атрымаў перамогу ў чатырох намінацыях на прайшоўшым у Йаханэсбургу першым Міжнародным кінафестывалі краін БРІК “Хуткі леў”. Карціна заваявала статуэткі ў катэгорыях “Лепшы фільм свету”, “Лепшы фільм краін БРІК”, “Лепшая жаночая роля” (Марыя Аронава), “Лепшы гукарэжысёр” (Анатолій Белазёраў). А Яніна Малінчык сярод расійскіх зорак на ХХІІ Міжнародным фестывалі акцёраў кіно “Сузор’е” атрымала ўзнагароду за лепшы жаночы дэбют. Фестываль праходзіў у г. Арол. Узнагароду ўручаў Яніне заслужаны і народны артыст Валерый Барынаў.

    Нарадзілася Яніна Малінчык у Томскім раёне ў Расіі. Калі дзяўчынцы было 10 гадоў, сям’я пераехала ў Цвярскую вобласць, дзе яна скончыла школу. Бацькі планавалі вярнуцца на радзіму ў Беларусь, таму Яніна абрала для паступлення Брэсцкі музыкальны каледж. У 2001 го-дзе Яна Малінчык паступае на аддзяленне “акцёр тэатра драмы і кіно”, пасля заканчэння якога ў 2005 годзе была залічана ў трупу Брэсцкага акадэмічнага тэатра, дзе і працуе па сённяшні дзень.

    З вялікай нецярплівасцю чакала Яніна выхаду фільма на экран, дзе яна паспрабавала сябе ў новым амплуа – у ролі актрысы. Прызнацца шчыра, і для мяне фільм “Батальёнъ” стаў намнога бліжэй і радней, калі даведалася, што Дуся Грынёва – гэта наша зямлячка з Целяханшчыны, дачка Галіны Раманаўны Малінчык, дырэктара Крайскай школы.

    А тут яшчэ надалася магчымасць пазнаёміцца з гэтай нашай сапраўднай актрысай. У дзяцінстве, памятаецца, доўгі час сама захаплялася кіно, збірала калекцыю фотаздымкаў вядомых акцёраў, а адным часам з сяброўкай на поўны сур’ёз цікавілася, як паступіць у тэатральнае. Таму размова з эфектнай і запамінальнай Янінай была доўгай.

    – Яніна, скажыце, калі ласка, якія ўражанні Вы атрымалі ад прагляду фільма, у якім адбыўся Ваш дэбют актрысы кіно? Вы адчуваеце сябе зоркай?

    – Фільмам засталася не проста задаволена, я ганаруся тым, што прыняла ўдзел у такім маштабным і якасным праекце. А зоркай сябе не адчуваю. Ніколі да гэтага не імкнулася. У мяне бяруць многа інтэрв’ю, здымаюць пра мяне перадачы, паклоннікі пішуць у сацыяльных сетках і так далей, але для мяне гэта хутчэй частка прафесіі, чым прыкметы зоркавасці.

    – Вас уразіў сцэнарый фільма “Батальёнъ”?

    – Сцэнарый глыбока крануў, больш таго, я і падумаць не магла, чытаючы яго ўпершыню, што ён мог быць заснаваны на рэальных падзеях. Ён нарадзіў ува мне інтарэс да гэтага жаночага батальёна, і я пастаралася знайсці як можна больш інфармацыі аб ім. Калі зразумела, што гэта ўсё праўда, перачытала сцэнарый наноў, і яшчэ больш адчула трагічнасць усёй гэтай гісторыі.

    – Здымацца ў кіно было Вашай марай?

    – У нейкі момант так. Але гэта здарылася акурат за год-два да здымак у кіно. Я з дзяцінства ўяўляла сябе спявачкай на сцэне… Але воля лёсу была іншай. Жадаючы падаць дакументы на вакальнае аддзяленне, паступіла на акцёрскае… У працэсе вучобы ўлюбілася ў тэатр. А прыйшоўшы ў тэатр пасля каледжа, вырашыла, што ўсе мае мары збыліся. Толькі ў некаторы момант зразумела, што хачу развівацца ў сваёй прафесіі, а ў гэтым мне дапамогуць здымкі ў кіно. Ушчыльную занялася стварэннем прафесійнага партфоліа, і праз некалькі месяцаў пасля гэтага мяне запрасілі ў Мінскі праект “Ма-мач-кі”, а яшчэ праз год – у “Батальёнъ”.

    – У Вас не было адчування, што вы папалі не на здымачную пляцоўку, а адразу ў армію?

    – Не проста ў армію, адчуванне было, што нас перанеслі ў іншую эпоху. Мы з 6-7 гадзін раніцы да 8-9 гадзін вечара знаходзіліся на здымачнай пляцоўцы, дзе ўсё дыхала эпохай 1917 года. Дэкарацыі, касцюмы… Іншы раз, вяртаючыся дадому, на тэлевізар глядзела як на нешта іншапланетнае.

    – У многіх сцэнах фільма я Вам не зайздросціла і дакладна ведаю, што і блізка не змагла б, напрыклад, прайсці паласу перашкод. Вам доўга давялося трэніравацца? Ці не крыўдна было, што Вам на дэбют дасталася такая складаная роля, як кажуць, адразу па-мужчынску “ў агонь і полымя”?

    – Ніякай крыўды і блізка. Больш таго, я не стамляюся паўтараць у сваіх інтэрв’ю, што мне цікава працаваць “на пераадольванне”, шукаць у сабе новыя грані, адкрываць новыя магчымасці. Чым складаней роля, тым цікавей. Так што я нават удзячна лёсу за гэтыя цяжкасці, я шмат новага ў сабе адкрыла. А трэніроўкі і сапраўды былі. Да здымкаў мы прахо-дзілі двухтыднёвы курс маладога байца, вывучалі асновы рукапашнага бою, як абыходзіцца з вінтоўкай часоў Першай сусветнай вайны, вывучалі яе ўстройства… Гэта было вельмі цікава. Тым больш, у мяне была такая сітуацыя, што складаныя трукі за мяне не выконвалі каска-дзёры, а ўсе давялося самой. Ныраць у ледзяную ваду, бегаць з цяжкім кулямётам, цягаць на сабе звязкі са стрэльбамі вагой у паўцэнтнера, дубль за дублем каціцца з пяціметровага абрыву, пераадольваць паласу перашкод, нават прабіваць сцяну. І гэта пры тым, што спартсменкай я ніколі не была, бег, скачкі – не мой канёк.

    – Чым давялося ахвяраваць, што даў удзел у здымках фільма?

    – За асноўную ахвяру прынята лічыць расставанне з валасамі – стрыжку нагала… Але асабіста для мяне большай ахвярай было расставанне з блізкімі. Гэта я перажыла з вялікай цяжкасцю. Мне ўдавалася вырвацца на адзін-два дні ў месяц, а дачцэ было толькі 3,5 года. Ды і з мужам за сем гадоў на той момант мы ніколі не расставаліся так надоўга. Дзякуй маім бацькам, любімай сястрычцы, сям’і. Мы прайшлі праз гэта ўсе разам. Без іх падтрымкі я б не справілася. А набыла… У першую чаргу, каласальны вопыт. Работа з вялікім рэжысёрам, таленавітымі партнёрамі… Я аб гэтым і марыць не магла.

    – Як, дарэчы, ацэньваў Вашу работу вядомы рэжысёр Дзмітрый Месхіеў? І які ён у рабоце?

    – Дзмітрый Дзмітрыевіч вельмі скупы на пахвалу і суровы на пляцоўцы. За ўсе паўгода здымак асабіста ў свой адрас я ўсяго толькі некалькі разоў атрымала словы адабрэння ці ўдзячнасці. Але тым каштоўней яны былі. Дапусцім, сцэна з кулямётам. У фільме яна доўжыцца секунды, мы ж яе здымалі двое сутак. Там складаная звязка, “доўгі кадр”, як прынята казаць у кіно. Страляю ў аднаго немца, бягу за вугал, невялікі рукапашны бой з другім немцам, хапаю кулямёт і расстрэльваю трэцяга… І ўсё гэта пад абстрэлам куль, якія свісцяць нада мной. Толькі на тое, каб падрыхтаваць піратэхніку для гэтага кавалка, ішло 3,5 гадзіны, і вось каманда: “Матор, пачалі”… То немец няправільна ўпаў, то я паслізнулася на павароце, то кулямёт заклініла… І зноў гадзіны падрыхтоўкі, дубль за дублем. Напрыканцы другога дня я была выматана і фізічна, і маральна. Калі мы нарэшце знялі гэты кадр, Дзмітрый Дзмітрыевіч у рацыю (сродак сувязі на здымачнай пляцоўцы, які чуюць усе 100 чалавек здымачнай групы) сказаў: “Малінчык, малайчына, паапладыруем ёй!” І ўсе сталі пляскаць у далоні. Прызнаюся, я заплакала ад перапаўняючых эмоцый і шчасця. Вось такі ён чалавек.

    Ці камфортна адчувалі сябе побач з вядомымі расійскімі актрысамі Марыяй Аронавай, Марыяй Кажэўнікавай…?

    – Болей чым. Мне, наогул, пашанцавала з партнёрамі. І Марыя Кажэўнікава, і Ірына Раманава, І Кацярына Вілкава пакінулі самыя цёплыя ўспаміны. А Марыя Валер’еўна Аронава ў прынцыпе стала для мяне эталонам як у прафесіі, так і ў жыцці. Яна цудоўны чалавек, з выдатным пачуццём гумару і магутнай энергетыкай. Наогул, такога згуртаванага калектыву я не сустракала нідзе. І тым больш дзіўна, што ён часовы. Гэта ж не адна вялікая каманда ў 500 чалавек, якая пераходзіць з праекта ў праект. Гэта зборная “салянка”. Але ўсе стаяць адзін за аднаго гарой.

    – Прафесія акцёра, з майго пункту гледжання, патрабуе адсутнасці якіх бы то ні было комплексаў і разняволенасці. У Вас былі комплексы ў юнацтве і як Вы ад іх пазбавіліся?

    – У дзяцінстве, вядома, былі, ды і зараз… Я не думаю, што існуе чалавек, якога ўсё ў сабе абсалютна задавальняе. І справа не ў знешнасці, гэта самае простае. Мне, іншы раз, хочацца быць больш стрыманай у эмоцыях, больш вытанчанай і жаноцкай, больш чытаць, атрымаць яшчэ адну адукацыю, вывучыць некалькі замежных моў (заўсёды зайздросціла паліглотам)… Але гэта хутчэй імкненне да самаразвіцця, чым комплексы.

    – Ці не цесна Вам сёння ў тэатры? Дзе вы адчуваеце сябе лепш: на сцэне тэатра ці на здымачнай пляцоўцы?

    – Складанае пытанне. Думаю, што не цесна. На сённяшні момант ідэальным збегам абставін было б для мяне працаваць у тэатры і прадаўжаць час ад часу здымацца ў кіно. Тэатр дае гледача. Гэта абмен эмоцыямі, жывая энергія. Здымкі ў кіно пакуль нешта новае, да канца не адчутае, але надта захапляльнае… Пакуль я не гатова адмовіцца ні ад кіно, ні ад тэатра.

    – Як аднесліся да Вашага поспеху калегі, блізкія, сябры?

    – Цёпла. І адны, і другія падтрымалі і былі шчыра рады за мяне. Я не перастаю дзякаваць лёсу за тое, што мяне акружаюць цудоўныя людзі.

    – Каму ўдзячны ў сваім жыцці?

    – Лёсу. Так здарылася, што ўсё, што са мной адбываецца, адны выпадковасці. І само паступленне (хаця, каб не мама, гэтага не здарылася), і гэтыя праекты. Я не дабівалася гэтага потам і крывёю, хутчэй цякла па цячэнні. Але калі прымалася за работу, то выкладвалася як магла, каб потым сказаць: “Я зрабіла ўсё, што ад мяне залежала”. Многае ў жыцці – справа выпадку. Быць чэснай з самой сабой, працаваць і самаразвівацца – гэта і ёсць асноўны залог любога поспеху ў гэтым жыцці.

    – На некаторых кадрах Вы вельмі падобны на маму. Што яшчэ ад яе перадалося?

    – Мама навучыла мяне любіць, гэта самы бясцэнны падарунак мне ад яе. Любіць сябе, блізкіх, жыццё, справу, якой займаешся. У гэтым, пэўна, мая сіла. Яна цудоўны чалавек, мэтанакіраваны, валявы, і ў той жа час пяшчотная і любячая. Не перастаю ёю захапляцца. Без яе я не стала б той, якой з’яўляюся зараз. Дарэчы, мама заўсёды прыязджае на нашы прэм’еры.

    – Якая Вы па характары? Мама казала, што эмацыянальная і ў той жа час датклівая… Якія якасці Вы цэніце ў людзях?

    – Мама мяне адчувае, як ніхто. Сапраўды эмацыянальная, простая, адкрытая. Але іншым разам мне патрабуецца абсалютная адзінота, цішыня і спакой. Ува мне часта спрачаюцца процілегласці. У людзях цаню найперш чэснасць. Болей за тое, адразу адчуваю, калі чалавек не шчыры, гэта мне непрыемна.

    – Якую ролю марыце сыграць? І кім марылі стаць у дзяцінстве?

    – Канкрэтнай ролі няма. Я адкрыта да ўсяго новага і хачу сыграць многа роляў, самых разнастайных і складаных. А ў дзяцінстве кім толькі ні марыла стаць. Ваеннай, як тата (расла ў яго на палігоне і зайздросціла жанчынам з пагонамі), сцюардэсай, бо марыла пабываць у розных краінах. Калі мы пераехалі і тата стаў працаваць у міліцыі, усур’ёз намервалася стаць адвакатам, потым спявачкай, як казала.

    – Сваю дачку бачыце актрысай у будучым?

    – Дачку не. Хаця ўжо зараз яна толькі і шчабеча, што стане актрысай. Гэта надта складаная і залежная прафесія. Мне б хацелася для яе чаго-небудзь больш стабільнага.

    – Што хацелі б пажадаць юным хлопцам і дзяўчатам, якія мараць аб прафесіі акцёра? На што трэба абавязкова звярнуць увагу?

    – Па-першае, не баяцца сваёй мары, аднак грунтоўна даведацца пра ўсе бакі прафесіі, перш чым акунуцца ў яе. Каб быць акцёрам, трэба мець сілу волі, добрае здароўе і ніколі не шкадаваць сябе. Калі стаў на гэты шлях, то ідзі да канца, рызыкуй і не аглядвайся.

    – Дзе знаходзіце крыніцу натхнення? Дзе і як любіце адпачываць?

    – Маё натхненне – гэта мая сям’я. А адпачываць… толькі ў Івацэвіцкім раёне, у невялікай вёсачцы Турная на мамінай радзіме. Ад маіх дзядулі і бабулі застаўся домік. Гэта маё любімае месца адпачынку. Пасля здымкаў у кіно, пасля здачы чарговага спектакля, словам, калі толькі з’яўляецца хаця б тыдзень перадыху перад новым праектам ці новымі рэпетыцыямі, я лячу з сям’ёй туды. Мы жывём там, гатуем у печы, п’ём ваду з калодзежа, ходзім па грыбы і ягады, ездзім на рыбалку… Не прамяняю такі адпачынак ні на якія пяцізоркавыя атэлі і моры. Гэта мой маленькі рай.

    – Над чым працуеце зараз?

    – 2 красавіка адбылася прэм’ера музыкальнага спектакля-вадэвіля “Жаніх на дваіх” рэжысёра А. Казака. Гэта тры месяцы работы, складаныя вакальныя партыі, сур’ёзнае харэаграфічнае напаўненне, словам, каласальная праца. І глядач, думаю, ацаніў тое, што ў нас атрымалася.

    – Дзякую за размову і жадаю поспехаў ад імя ўсіх землякоў.

    – Дзякую.

    Валянціна БОБРЫК. Фота з архіва Яніны Малінчык.

     

     

    Автор: Валянціна БОБРЫКІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)