27 Апреля, 2024 Суббота

Андрусь Такінданг: "Я вырас у атмасферы любові"

  • 14 апреля 2016 Культура Беларуская 0

    Буслы штогод ляцяць на зіму з нашай краіны ў больш цёплыя краі, ва Усходнюю Афрыку — Судан, Кенію, Уганду і… Чад. Напэўна, менавіта адтуль яны прынеслі на Лепельшчыну Андруся Такінданга, мастака, лідара гурта Recha (яго бацька акурат родам з Рэспублікі Чад). Падарылі нам не толькі таленавітага творцу, але і чалавека, які справамі і душой імкнецца ўзбагаціць родную для яго краіну.

    Андруся Такінданга яшчэ некалькі гадоў таму мог пабачыць кожны, каму не спіцца зранку ў будны дзень. Па тэлеканале АНТ у ранішняй перадачы ён вёў рубрыку «Беларуская мова», у якой расказваў гледачам пра слушнае выкарыстанне родных слоў, чым шчыра здзіўляў аўдыторыю. Сёння ён іграе ў гурце, а таксама добра вядомы па сваіх карцінах. У прыватнасці, па серыі абразоў «Крыжовы шлях». Андрусь прызнаецца, што яго поспехі — гэта вынік любові, з якой да яго ставіцца ўся сям'я.

    — Нізашто не паверу, што ў дзяцінстве ты быў неспакойным хлопцам.

    — Калі быў малы — так. Дзіцем часта сваволіў, бацькі мяне мусілі пастаянна супакойваць. Я, праўда, гэтага не памятаю, ведаю толькі па аповедах. Я так гарэзнічаў, што бацька мяне браў на рукі, садзіўся ў таксі і ездзіў па горадзе доўга-доўга, каб я там трохі засынаў. Карацей, шмат клопату прыносіў навакольным. Калі сканчаў наведваць садок і пачынаў хадзіць у школу, мы пераехалі жыць у вёску, тады больш ці менш супакоіўся. Тут хутчэй ва ўзросце справа.

    — У чым для цябе бацькі — прыклад?

    — Мой бацька — ураджэнец Чада, маці — з-пад Лепельшчыны. Калі яны пазнаёміліся, пэўны час жылі разам, пасля надоўга рассталіся, а праз шмат гадоў зноў сышліся. У наш час, калі людзі захоўваюць адно аднаму вернасць на адлегласці і на працягу вялікага часу, то гэта выклікае павагу. На жаль, мой бацька памёр, але апошнія гады яны з маці пражылі адной сям'ёй. Для мяне бацькі — прыклад вернасці і трываласці кахання.

    — Як лічыш, пэўныя здольнасці перадаюцца дзіцяці, ці гэта вынікі слушнага выхавання?

    — У мяне асаблівых здольнасцяў няма, як у чалавека-павука ці ў супермэна (смяецца). Чаму я навучаўся на мастака, займаюся музыкай? Усё гэта было б цяжка рабіць без падтрымкі сям'і. Музыка і мастацтва — гэта заняткі, якія патрабуюць шмат часу і паразумення навакольных. Таму што цяжка нешта ствараць, калі ты не знаходзішся ў прасторы любові. Для мяне, прынамсі, гэта немагчыма. Калі такая прастора ствараецца сярод сваякоў, тады ёсць магчымасць і жаданне быць творцам. Мастацтва патрабуе творчасці, а творчасць — любові. Я выхоўваўся ў любові, таму ўсе мае песенькі і карцінкі — гэта вынікі ўзаемаадносін радавых, сямейных. Мой дзядуля быў настаўнікам фізікі, але любіў спяваць, іграў на гармоніку ды баяне. У маладосці ў яго нават быў свой гурт. Бабуля мая дагэтуль любіць спяваць і слухаць музыку. Вядома, гэта таксама паўплывала на мае цікавасці ў жыцці. Калі ў мяне былі творчыя памкненні, то гэта заўжды заахвочвалася, падтрымлівалася.

    Мастацтва, музыка — гэта заняткі несур'ёзныя, нейкае блюзнерства ды блазнота. Крыўляешся ды пэндзлем пэцкаеш нешта. Здараецца, цяжка сябе прыняць такім. Ці гэта патрэбна каму-небудзь, ці гэта дадае добрай энергіі ў свет, ці гэта толькі ў тваёй галаве? Усё так адносна. Таму важна ведаць, што ёсць людзі, якія цябе прымаюць з хібамі і «прусакамі» ў галаве, могуць сказаць: «Не пераймайся, супакойся, мы з табой незалежна ад таго, атрымалася карціна ці не». Ці ты зарабіў тысячу долараў ці патраціў іх — родныя ўсё адно на тваім баку. Гэта дазваляе рухацца наперад насуперак свайму гультайству, дэпрэсіі і адчаю. Дзякуючы адчуванню любові я ёсць той кім я ёсць.

    — Як можна навучыцца любіць?

    — Гэтаму мы мусім вучыцца ўсё жыццё, і ўвесь час прайграваць. Тут няма выдатнікаў. Таму што ўсе мы людзі і робім памылкі. Часам ранім іншых, часам сябе не ўмеем любіць, паважаць, таму робім балюча навакольным. Гэты ўрок працягваецца штодня, і ён не завершыцца ніколі, я спадзяюся. Школа любові — гэта доўгі шлях ва ўзаемаадносінах людзей. Ці ў стане ты палюбіць сваіх сваякоў, сяброў, а затым — і ворагаў?

    — Што ты хацеў бы перадаць сваім дзецям?

    — Прывітанне! (Смяецца.) А калі сур'ёзна, мая сям'я мяне вучыла, што важна быць добрым чалавекам незалежна ад прафесіі і заробку, ад няўдач ці поспехаў. І шчаслівым! Ёсць паспяховыя людзі, але няшчасныя. А ёсць небагатыя, але шчаслівыя ў тым, чым яны займаюцца, у тым, як сябе адчуваюць. Гэта вялікая навука. Шмат у чым шчасце магчымае дзякуючы людзям, блізкім да нас. Калі нас любяць, прабачаюць нам і прымаюць, а мы адказваем тым жа — вось яно, відавочнае шчасце.

    — У сацыяльных сетках у цябе не так шмат здымкаў з бацькамі і сябрамі, колькі з бабуляй.

    — Бо яны карыстаюцца найбольшай папулярнасцю. Бабулі маёй гэта вельмі прыемна. Таму яны там ёсць. Мая бабуля — асаблівы чалавек. Майго добрага знаёмага, Клаўдзіа Гуджэроці, які быў на працягу апошніх гадоў апостальскім нунцыем у Беларусі, вельмі цікавіў генатып, асаблівасці нашага народа. Ён некалькі гадоў назіраў і аналізаваў беларусаў. І прыйшоў да такой высновы: у Беларусі людзі старэйшага пакалення больш шчаслівыя, жыццярадасныя і аптымістычныя за моладзь. І калі гэтак будзе працягвацца, у нас не будзе будучыні, лічыць ён. А мая бабуля — гэта ўвасабленне жыццярадаснасці, цвёрдасці ў перакананнях. Яна ведае адназначныя адказы на ўсе пытанні. І гэта прыгаломшвае. У свае 86 гадоў захоўвае цвярозы розум. У ёй столькі энергіі! Яна б магла быць прэзідэнтам, дакладна! (Смяецца.)

    — Ведаеш, часам вельмі прыкра робіцца, калі бачу, што некаторыя беларусы саромеюцца свайго паходжання, роднай мовы. Ёсць такія, што за мяжой кажуць усім, што яны рускія.

    — Напэўна, ідэнтыфікацыя шмат у чым залежыць ад узроўню адукаванасці. Тваё культурнае поле стварае колькасць прачытаных кніг, наведаных імпрэзаў… Узровень асветы робіць чалавека больш багатым. Тым больш, толькі калі ведаеш беларускую культуру, зможаш атрымліваць задавальненне ад яе.

    — Каштоўнасці накшталт мовы ці веры ў Бога, перадаліся табе ад бацькоў ці здабыў іх самастойна?

    — Маці ў мяне беларускамоўная, і таму беларуская мова для мяне матчына. Бабуля — настаўніца рускай мовы і літаратуры. Яна часта кажа: «Ну давай, Андрусёчак, напішы ўжо песню на рускай мове». Што тычыцца веры, то прабабуля Вікторыя, Вікцяй яе называлі (я яе, на жаль, не заспеў), была моцна веруючай, але замужам за атэістам. Вучыла маю маці маліцца, але поспеху гэта не займела. Мая бабуля толькі цяпер прыйшла да Бога. Ды і я сам прыняў хрост у свядомым узросце.

    Паколькі я хрысціўся ў 10 гадоў, то добра памятаю, як усё адбывалася. Мы хрысціліся адначасова з маці. Гэта ўвогуле быў такі час, калі цікавасць да рэлігіі ў нашай краіне пачала адраджацца. Добра памятаю, што першы дзень пасля хрышчэння я быў нібыта ў стане палёту. Хадзіў і фізічна адчуваў, што не дакранаюся да зямлі. І маці сказала, што яна адчувала тое. Хоць сам абрад прайшоў сціпла і проста… Да таго моманту я не давяраў ні Богу, ні Царкве, трымаўся на ўнутранай дыстанцыі ад іх, ставіўся вельмі скептычна. Але са мной здараліся цуды, непадуладныя ніякім рацыянальным тлумачэнням, і я не мог іх абвяргаць. Напрыклад, адчуванне прысутнасці Хрыста — настолькі блізкае, што можна было нават задаць пытанне яму ці паспрачацца. Гэта як ва Уладзіміра Караткевіча. Ён пастаянна вяртаўся да тэмы Царквы і Бога, хацеў з ім дужацца, хацеў быць, як Ізраіль. Ласку такога змагання мае кожны. Гэта таксама частка творчасці, частка жыцця чалавека. Па мне, вернік — гэта той, хто шмат у чым змагаецца з Богам. А Бог яго за гэта яшчэ больш падтрымлівае. Ёсць нават такі абраз, дзе Якаў дужаецца з Богам. Адной рукой ён барукаецца з ім, а другой — падтрымлівае, дае моц на творчую барацьбу, на скепсіс. У гэтым плане чалавек, які не веруе, абдзелены радасцю змагання. Бо з кім яшчэ ваяваць?

    — Ёсць такая тэорыя, што дзеці, народжаныя ад бацькоў розных народаў, нават блізкіх па сваёй Сутнасці, больш энергічныя, здольныя да жыцця і поспеху, чым тыя, што ад адной нацыі. Ці так гэта?

    — У мяне няма на гэты конт адназначнага погляду. Кажуць, што самыя прыгожыя дзяўчаты жывуць па берагах рэк. Бо па іх плывуць падарожнікі, спыняюцца, паміж імі адбываюцца сустрэчы, і ў выніку нараджаюцца досыць добрыя дзеткі, бо змешваецца кроў. Я не стаў бы спрачацца з тым, што ў чалавека ёсць генетычная спадчына. Але ўсё ж такі, на маю думку, не варта чалавека абмяжоўваць выключна яго паходжаннем. Кожны сам адказвае за ўласнае шчасце і ў пэўнай ступені лёс.

    Автор: Вераніка ПуставітЗвязда

Комментарии (0)