28 Марта, 2024 Четверг

Магія тэатра на сцэне цэнтра дзіцячай творчасці

  • 19 апреля 2016 Культура Беларуская 0

    Хто з нас у дзяцінстве, асабліва дзяўчаты, не марыў  пра вялікую сцэну? Іграць, спяваць, танцаваць і… «купацца» ў апладысментах… Для многіх такія мары пачынаюць спраўджвацца ў Слуцкім цэнтры дзіцячай творчасці. Для таленавітых, здольных, натхнёных у гэтай установе ёсць дзе знайсці сваё творчае «я».

    Пазнаёміцца з усімі тэатральнымі аб’яднаннямі па інтарэсах у адзін дзень пашчасціла слуцкім школьнікам. Урыўкі з пастановак прадставілі гледачам у сваёй прыгожай зале ўдзельнікі ўзорнай тэатральнай студыі «Сінтэз» (кіраўнік Валянціна Мікалаеўна Мельчакова, рэжысёр Вольга Міронаўна Вішняк), узорнага тэатра лялек «Усмешка» (кіраўнік Святлана Анатольеўна Ляшэнка, рэжысёр Ала Барысаўна Сініца), узорнага музычнага тэатра «Непаседы» (кіраўнікі Марына Сямёнаўна Баскакава, Станіслаў Дзмітрыевіч Ігнатовіч, рэжысёр Святлана Рыгораўна Смыкоўская). Усе гэтыя калектывы – удзельнікі шматлікіх конкурсаў і фестываляў, добра вядомы случчанам.

    Гучнымі апладысментамі віталі Вольгу Міронаўну Вішняк, якая заснавала не толькі студыю «Сінтэз», але і тэатр лялек. Не адзін дзясятак гадоў аддала яна тэатральнай дзейнасці. А колькі талентаў раскрыла! Некаторыя з былых яе гурткоўцаў цяпер вучаць майстэрству пераўвасаблення новае пакаленне случчан – аматараў сцэны.

    Разам з артыстамі тэатра лялек «Усмешка» гледачы супакойвалі Нехачуху, рабілі лясную зарадку з тросцевымі лялькамі. Потым адправіліся на «Дзень нараджэння Карлсана» з сінтэзаўцамі, сустрэліся з Мэры Попінс.

    Узорны музычны тэатр «Непаседы» парадаваў дэбютам малодшай групы: вучні пачатковых класаў, якія нядаўна пачалі займацца ў тэатры, інсцэніравалі «Майдадыра». Ды як! Сапраўдныя акцёры.

    А ўжо вопытныя артысты «Непасед» паказалі частку музычнага спектакля «Востраў скарбаў», пастаноўку якога прэзентуюць летам.

    Упэўнена, дзеці з задавальненнем паглядзелі цудоўнае прадстаўленне, адчулі своеасаблівую магію тэатра. Ды яшчэ даведаліся, чаму можна навучыцца ў студыях і гуртках цэнтра дзіцячай творчасці. Адкрываць у сабе новыя здольнасці і таленты, пачаць асвойваць творчую прастору заўсёды цікава.

    Автор: Ірына ВЕЧАРСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)