24 Апреля, 2024 Среда

"Полька-бабочка", "Кадрыля" і іншыя танцы

  • 19 апреля 2016 Культура Беларуская 0

    У сонечны суботні дзень, 16 красавіка, у Полацку ля памятнага знака літары «Ў», што на алее па праспекце Францыска Скарыны, палачане і госці горада далучаліся да беларускага фальклору.

    Менавіта такім чынам — выступленнем фальк­лорнага ан­самбля «Карусель» Дзіцячай школы мастацтваў Полацкага раёна — быў адкрыты ўнікальны культурны праект «Вулічны музыка-2016». Кожны прахожы меў магчы­масць разам з педагогамі і навучэнцамі фальклорнага аддзялення ўстановы трапіць у цудоўны свет аўтэнтычнага мастацтва, народнай музыкі і танца. Многія спыняліся паслухаць асаблівую мелодыку гучання народных інструментаў пад адкрытым небам. А найбольш бойкія нават спрабавалі паўтарыць рухі традыцыйных народных танцаў, і няхай не адразу гэта атрымлівалася — першыя крокі зроблены! 

    Усяго 16 танцавальных кампазіцый падрыхтавалі выканаўцы да выступлення. Сярод іх — «Полька», «Лявоніха», «Полька-бабочка», «Войра», «Распалоска», «Кадрыля», «Кракавяк» і іншыя. Прыгожыя пары хлопцаў і дзяўчат у народных строях бойка вытанцоўвалі, і разам з «жывым гукам» інструментаў, якімі па-майстэрску валодаюць выкладчыкі школы, стваралі адмысловую музычную веснавую замалёўку.

    Дарэчы, музычныя нумары чаргаваліся з забавамі, якія падрыхтавалі педагогі і навучэнцы Полацкага аграрна-эканамічнага каледжа. Разам з выхаванцамі студыі крэатыўнага рукадзелля каледжа дарослыя і маленькія ўдзельнікі музычнага свята вучыліся рабіць з паветраных шарыкаў кветачку або забаўных жывёл — напрыклад, жырафаў, сабачак. Малеча з радасцю бегала за чародкамі мыльных пузыроў, што запускалі дзяўчаты. А больш старэйшыя гледачы адказвалі на пытанні віктарын, што праводзіла вядучая Люба Іванова. 

    — Увогуле, ідэя праекта — цудоўная! — падзялілася сваім меркаваннем  кіраўнік фальк­лорнага ансамбля «Карусель» Любоў Румянцава. — Справа нашага калектыву — аднаўляць, захоўваць народныя танцы і нагадваць пра іх сучасным землякам. Памыляецца той, хто лічыць, што так ужо ніхто не танцуе: мы, калі бываем на вечарынах у розных кутках Полацкага раёна, бачым, што народны танец жыве. Людзі ведаюць «Полькі» нават на сорак кален!

    Сапраўды, народныя танцы — выдатны адпачынак для людзей рознага ўзросту і наша агульная спадчына. Кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што стварылі талент і працавітасць іх продкаў, тое, што вызначае нацыянальны воблік народа, яго душу і імкненні. Той, хто далучыўся да фальклорнай красавіцкай суботы, меў магчымасць у чарговы раз пераканацца, што душа беларусаў светлая і адкрытая.

    Автор: Оксана ШуйскаяПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)