18 Мая, 2024 Суббота

Слонімскія ляўшы

  • 26 апреля 2016 Культура Русский 0

    У выставачнай зале краязнаўчага музея  экспанавалася выстава “Слонімскія Ляўшы”. Чаму такая назва, хто такі Ляўша? Ляўша – спрытны ўмелец, як кажуць, майстар на ўсе рукі. Вось і ў нас ёсць такія ўмельцы – слонімскія Ляўшы. Заўсёды больш цікава знаёміцца з творчасцю людзей, якія жывуць побач. Сустракаешся з імі пры розных абставінах і часцей за ўсё не ведаеш, што, напрыклад, Валерый Пятровіч Анішчык, вядомы слонімскі краязнавец, – вельмі творчая асоба. Умелец з вялікай літары – ён стварае абразы. Кожны з якіх узяты ў раму. А кожная рама – узор мастацтва. Ні адна не падобна на другую. А якія прыгожыя і арыгінальныя шкатулкі зроблены рукамі майстра! Сапраўдны цуд – сярэдневяковы феадальны замак,  дакладней крэпасць.

    Цікава, што ўся гэта прыгажосць: і абразы, і рамы, і шкатулкі, і замак зроблены з адходаў мэблевай вытворчасці.

    Многія слонімцы ведаюць  Юрыя Уладзіміравіча Лапянка. Ён  нарадзіўся ў Баранавічах. З 1980 года жыве ў Слоніме. У яго, як кажуць у народзе, – залатыя рукі, якія могуць адрамантаваць любыя прыборы: ад выйшаўшых даўно з ужытку да сучасных. Але вельмі нямногія ведаюць пра яго захапленне: стварэнне робатаў. З гонарам можна зазначыць, што робаты Юрыя Уладзіміравіча не менш, а некаторыя і больш цікавыя, чым робаты добра вядомага ў Беларусі Аляксандра Іванавіча  Гадуна з Брэста, чыя выстава нядаўна праходзіла ў нашай выставачнай зале. Футурыстычныя мадэлі пры дапамозе няхітрых інструментаў: паяльніка, клея, адвёрткі і больш складаных: такарнага станка, напрыклад,  выкананы ў выглядзе дызайнерскіх твораў. У справу ідзе усё, што іншыя людзі выкідаюць на сметнік: дэталі бытавой тэхнікі, радыёдэталі і самыя звычайныя рэчы, якія адслужылі свой тэрмін. Вось так са звычайнага атрымліваецца незвычайнае. Амаль усе работы аб’ядноўвае стыль “Хайтэк”.

    На выставе былі прадстаўлены 25 яго работ. Сярод іх – робаты, якія гуляюць на гітары, ідуць на спатканне, праяўляючы пры гэтым чалавечыя эмоцыі. Не абыйдзены ўвагай і галоўны кібарг усіх часоў і народаў – знакаміты Цермінатар. Упрыгожвалі выставу гадзіннікі, адзін з іх – “Галава́ прафесара Доўэля». Байк – матацыкл, які вельмі многа каштуе, звычайна замежнай вытворчасці, часта палепшаны самім уладальнікам. Наш байк мае назву “Герой асфальту”. Трэба зазначыць, што назвы сваім работам даваў сам аўтар. Тут раскрываецца яшчэ адзін бок таленту майстра: метка, з гумарам і добрымі ведамі па гісторыі і літаратуры, абазначаць свае творы.

    У нашым горадзе ёсць не толькі самадзейныя майстры-умельцы, але і школы, дзе пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў узрошчваюцца маладыя таленты. На выставе былі прадстаўлены работы юных мадэлістаў, якія наведваюць Слонімскую станцыю тэхнічнай творчасці.Найбольш цікавымі мадэлямі з’яўляюцца: крэйсер-авіяносец “Баку”, першы чэшскі параход “Багемія”, тральшчык, тарпеданосец, амерыканскі бамбардзіроўшчык, пад’ёмны кран. Гэтыя і астатнія  мадэлі – рабочыя. На жаль, у нас не было воднай гладзі і паветранай прасторы, каб можна было прадэманстраваць іх у рабоце. Затое мы любаваліся і зачаравана сачылі за тым, як  працуе  пад’ёмны кран. Пры дапамозе пульта ён можа рухацца ўперад, даваць задні ход, у розныя бакі паварочваць стралу, падымаць і апускаць крукі, уключаць падсветку.

    Выстава здзівіла і парадавала сваіх наведвальнікаў, выклікала моцныя ўражанні і асацыяцыі.  Пасля наведвання выставы кожны мог сказаць: “Слонімскія Ляўшы – гэта гучыць ганарова!”. Але як жа шкада, што тых, хто пазнаёміўся з экспанатамі выставы было вельмі мала. Усё ж такі ёсць спадзяванне, што паступова самадзейныя майстры – слонімскія Ляўшы, нягледзячы на сціпласць, набудуць вядомасць і  прыхільнікаў свайго таленту сярод  дзяцей і дарослых. А юныя мадэлісты набудуць новыя веды, удасканаляць сваё майстэрства і пераўзыйдуць у сваёй творчасці педагогаў.

    Аліна ПРОЦАК, навуковы супрацоўнік выставачнай залы.

    Автор: Аліна ПРОЦАКСлонімскі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)