28 Марта, 2024 Четверг

Рамеснік Сяргей Бандарэнка пачаў будаваць копію Крэўскага замка на падворку сваёй хаты ў Чухнах

  • 07 мая 2016 Культура Беларуская 0

    Пра тое, як рамеснік Сяргей Бандарэнка пачаў будаваць копію Крэўскага замка на падворку сваёй хаты ў Чухнах, на відэахосцінгу YouTube ў інтэрнэце выкладзена некалькі відэаролікаў, а некамерцыйная платформа ідэй Talaka.by абвясціла акцыю па зборы сродкаў для праекта. Знайшліся нераўнадушныя людзі, якія падтрымалі задуму Бандарэнкаў па будаўніцтве копіі Крэўскага замка ў маштабе 1:10.

    Хто такі Сяргей Бандарэнка? Той факт, што ён двайны цёзка знака-мітага беларускага скульптара, аўтара помніка Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду ў Віцебску, сёння мала спрыяе прасоўванню Крэўскага праекта. Аднак дае падставу спадзявацца на станоўчае вырашэнне пытання і спраўджванне неверагодных мар смаргонскага рамесніка, які, не дачакаўшыся рэканструкцыі і адраджэння велічнага замка ХІІІ — ХІV стагоддзяў у Крэве, сам распачаў ствараць яго мініяцюрную копію. Сам і цаглінкі ляпіць стаў для галерэі будучай пабудовы. Камянёў жа, якія ўмацоўваліся ў абарончыя сцены аўтэнтычнай пабудовы, у ваколіцах хапае. Па сведчанні знаўцаў гісторыі і архітэктуры абарончых збудаванняў, сцены да ўзроўню баявой галерэі будаваліся з палявога каменя, а на 7-метровай вышыні выкладаліся па знешнім перыметры поясам з буйной цэглы. Замак меў па кутах дзве башні: Паўночную і Княжацкую. На замкавым двары знаходзіліся жылыя пабудовы, кузня, стаў. Даць магчымасць аматарам даўніны і падарожнікам на свае вочы ўбачыць старажытны замак, а не яго фрагменты, — вось тая думка, што служыць галоўнай матывацыяй для Сяргея Бандарэнкі.

    Шмат гадоў запар мастак і майстар займаецца стварэннем вырабаў і сувенірнай прадукцыі з дрэва, гліны, металу. Яго творчая натура спрыяе стварэнню арыгінальных металічных мініяцюрных скульптур, вока мастака здольна разгледзець тое, на што большасць людзей не звяртае ўвагі. На лясной сцяжынцы, пад выспай каля ракі або на гарышчы старой сялянскай сядзібы ён знаходзіў і знаходзіць матэрыял для сваіх твораў. Адмысловыя карані ядлоўца натхнілі яго ў свой час на выраб грацыёзных кветкавых кампазіцый, у якія ён усталёўваў гадзіннікавы цыферблат, тэлефон, падсвечнік. Вырабы карысталіся попытам у Мінску, Маскве, Вільнюсе. Ні адзін яго твор не паўтараўся, кожны быў у адзіным выкананні. Сёння гэту яго традыцыю працягваюць дзве дачкі: студэнткі Анастасія і Аксана, якія ў вольны час дапамагаюць бацькам і ствараюць сувеніры з гліны або дрэва, прычым немагчыма знайсці двух падобных экзэмпляраў. Сяргей з гэтай нагоды жартуе і абяцае аддаць задарма сваім пакупнікам сувеніры, калі хто з іх знойдзе дзве аднолькавыя цацкі.

    Гандлюючы сваёй прадукцыяй каля замкавых руін, Бандарэнкі пераканаліся ў вялікай колькасці гасцей, што наведваюцца сюды за эмоцыямі, уражаннямі, з надзеяй пабачыць рэшткі былой велічы Вялікага Княства Літоўскага. Госці прыязджаюць не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы. Кагосьці рэшткі замка ўражваюць, у некаторых вы-клікаюць адмоўныя эмоцыі. А Сяргею, які даўно і глыбока цікавіцца гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, вельмі хочацца ганарыцца мінуўшчынай сваёй зямлі, апавядаць пра славутых князёў, культурны росквіт старажытнай краіны, што пралягала ад мора і да мора.

    Справа паціху прасоўваецца. Сёння створаны памятны знак, прысвечаны 630-гадоваму юбілею падпісання Крэўскай уніі. Па перыметру будучай пабудовы пасаджаны дрэвы. Сам замак мяркуецца збудаваць на плошчы каля 80 квадратных метраў, з башняй вышынёй у 2,6 м. Бандарэнкі мяркуюць, што ў 2017 годзе будаўніцтва завершыцца і шматлікія турысты атрымаюць магчымасць убачыць невіртуальную копію славутага замка. А пакуль чакаюць валанцёраў, з дапамогай якіх будуць заліваць падмурак і ўзводзіць сцены. А яшчэ разлічваюць на фінансавую падтрымку нераўнадушных да сваёй гістарычнай спадчыны людзей.

    Автор: Таццяна МАЛЬШЭЎСКАЯ.Светлы шлях

Комментарии (0)