Фестываль-конкурс аматарскіх калектываў тэатральнага жанру нядаўна праходзіў у Маладзечанскім раённым цэнтры культуры.
Фестываль меў назву «Залатая маска». І гэта сімвалічна. Сапраўды, тое што адбывалася на сцэне, вельмі прыцягвала ўвагу прысутных у глядзельнай зале. З якім захапленнем яны сачылі за дзеяннямі герояў пастановак, прыслухоўваліся да кожнага іх слова! Цікавыя і відовішчныя мініяцюры, маналогі выклікалі бурныя эмоцыі. Гледачы разам з самадзейнымі артыстамі смяяліся, суперажывалі, а потым дзякавалі ім апладысментамі.
Адкрылі фестываль юныя артысты тэатральнай студыі «Маска» Чысцінскага сельскага Дома культуры. Іх пастаноўка «Лэдзі і логіка» была прысвечана праблемам узаемаадносін сучаснай моладзі. Чысцінскія дзяўчаты, няхай сабе і ў жартаўлівай форме, паспрабавалі данесці са сцэны, што светам кіруе любоў, і толькі шчырыя, цёплыя адносіны паміж маладымі людзьмі робяць іх прыцягальнымі не толькі знешне, але і духоўна.
Глабальная камп’ютарызацыя дайшла і да глыбінкі. Прычым абзавесціся складанай тэхнікай, колькі б яна ні каштавала, не супраць нават і пажылыя вяскоўцы. Аб гэтым расказала Галіна Міранчук з Заскавіцкага СДК. Свой жартаўлівы маналог «Верка і камп’ютар» яна пачала словамі: «Вот продала Борьку-хряка и купила комп…». Нельга было стрымацца ад смеху гледзячы на тое, як Верка асвойвала «комп», з якімі цяжкасцямі яна сутыкнулася.
Далей эстафету прыняла Вольга Зяновіч (Хажоўскі СДК). Яе эстрадны маналог «Пышка» таксама павесяліў прысутных. А калі на сцэну выйшлі і пачалі размінку ўдзельнікі пастаноўкі «Фітнэс» тэатральнага калектыву «Творчая майстэрня» Палачанскага СДК, стрымацца ўжо было немагчыма. Публіка, як казаў адзін вядомы гумарыст, «неистовствовала». Гледачы выціралі слёзы і гучнымі воклічамі «брава!» падтрымлівалі артыстаў.
Выдатную жартаўлівую пастаноўку пад назвай «У суботу Янка…» прапанаваў на суд гледачоў тэатральны калектыў «Сваякі» Лебедзеўскага СДК. Дзеянні на сцэне суправаджаліся вядомай аднайменнай песняй. Толькі знаёмства Янкі з Алёнай атрымалася не такім рамантычным — яна «крала буракі». Вядома, чым скончыліся супрацьзаконныя дзеянні маладых людзей. Дарэчы, ролю Янкі вельмі ўдала выканала ветэран клуба Лідзія Гарохава. А вось прыгажуняй Алёнай была Юлія Абрамовіч. Гэта, можна сказаць, яе дэбют на тэатральнай сцэне. Юля нядаўна закончыла музычны каледж і робіць першыя крокі ў якасці мастацкага кіраўніка Дома культуры ў Лебедзеве. Затое мае значны стаж выступлення ў якасці спявачкі — яна працяглы час займалася ў эстраднай студыі Алены Атрашкевіч, часта выступае з сольнымі нумарамі не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы. Выдатныя знешнія даныя, артыстызм і вакальнае майстэрства, безумоўна, паспрыяюць дзяўчыне дасягнуць значных поспехаў на сцэне.
Фестываль-конкурс стаў першай творчай пляцоўкай для многіх іншых маладых удзельнікаў тэатральных калектываў раёна, якія прадстаўлялі Беразінскі, Радашковіцкі, Дубраўскі, Раёўскі, Пранчэйкаўскі сельскія Дамы культуры. Лепшыя з лепшых былі адзначаны строгім журы.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

Комментарии (0)