27 Апреля, 2024 Суббота

Слова пра мову: чаму мы ўсё менш гаворым па-беларуску?

  • 13 мая 2016 Культура Беларуская 0

    Цікавы ліст даслаў у рэдакцыю пенсіянер з Івацэвічаў Аляксандр Куляшэвіч. Аднак відавочна, што не столькі адказы хвалююць нашага аўтара, колькі глабальная праблема, якая і спарадзіла гэтыя пытанні – праблема знікнення з ужытку нашай роднай беларускай мовы. А гэтую бяду рукамі не развядзеш…

    Каб сутнасць звароту была зразумелая чытачу, мы друкуем ліст Аляксандра Куляшэвіча (у скарачэнні). Вось што ён піша: “У нашай сям’і захаваўся нумар “Кастрычніка” за 8 сакавіка 1990 года. З цікавасцю праглядзеў матэрыялы, якія былі змешчаны ў газеце 25 гадоў назад. Уразіла тое, што ўсе нарысы, заметкі, віншаванні, спачуванні, аб’явы надрукаваны на беларускай мове. І гэта ў той час, калі быў яшчэ Савецкі Саюз, Беларусь не была незалежнай, а родная мова не мела статусу дзяржаўнай. А газета была не меней запатрабавальнай. (...) Ніхто нас не апалячвае, ніхто не забараняе, а чуем сваю родную мову ўсё меней і меней. Ужо неаднойчы на захаванне беларускай культуры і мовы звяртаў увагу наш Прэзідэнт (...). Успомнім пра закрытыя вясковыя школы, у якіх навучанне вялося на беларускай мове, паглядзім на назвы вуліц, прадпрыемстваў, устаноў, магазінаў, пачытаем рэкламу ў газеце, паслухаем аб’явы аб прыбыцці і адпраўленні аўтобусаў і цягнікоў, звернем увагу на назвы маршрутаў на электронных табло новых прыгожых аўтобусаў… А хіба віншаванні, спачуванні, падзякі на роднай мове гучаць не так шчыра і сардэчна? Хутчэй, наадварот (...). Беларуская мова (гэта прызнаны факт) – адна з наймілагучнейшых у Еўропе, і трэба не пагарджаць ёю, а ганарыцца.

     

    Успамінаю сваю службу ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння ў Латвіі ў 1969-1971 гадах. Мой лепшы сябар з Кіева (з якім служыў) прасіў, каб мне прыслалі з дому кнігі на беларускай мове. Я выканаў яго просьбу. І ён з задавальненнем, спачатку з маёй дапамогай, а потым самастойна чытаў беларускую літаратуру (...). Добра, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы. Мы з лёгкасцю чытаем у арыгінале лепшыя творы расійскіх і замежных аўтараў на рускай мове. Руская мова – сродак зносін людзей розных нацыянальнасцей былога Саюза. Гэтым набыткам трэба даражыць і захоўваць яго, але ні ў якім разе не падмяняць ім сваю родную мову.

    P.S.Хацелася б даведацца, ці ёсць якія-небудзь нормы і правілы прымянення беларускай мовы? Я гэта да таго, што раней маршруты аўтобусаў былі напісаны па-беларуску, а электронны варыянт ужо па-руску. І назва вёскі Яглевічы каля ДЭУ на новым знаку напісана па-руску. Чаму?”

    Надзвычай важную праблему для беларускай нацыі падняў у сваім лісце наш чытач, думкі якога падаліся мне сугучныя з думкамі Ф. Багушэвіча з прадмовы да “Дудкі беларускай”: “Яно добра, а нават і трэба знаць суседзкую мову, але наперш трэба знаць сваю (…). Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы”. Не адно стагоддзе думка пра ратаванне роднай мовы не губляе актуальнасці, але гэта было і застаецца праблемай меншасці – беларусы пераважна гавораць па-руску ці на трасянцы і не перажываюць на гэты конт. Калі б беларуская гаворка гучала на вуліцах, а назвы гэтых вуліц, а таксама ўстаноў, магазінаў, аб’явы і гэтак далей пісаліся на рускай, то можна было б абурацца ў поўны голас. Але ж тыя, хто піша назвы, ідзе ад жыцця: людзі гаво-раць па-руску.

    У артыкуле 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь занатавана, што дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская. Калі падрабязна пазнаёміцца з Законам “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” ад 26 студзеня 1990 г. у рэдакцыі ад 13 ліпеня 1998 г. (у гэтым законе і ўтрымліваюцца тыя самыя нормы і правілы ўжывання беларускай мовы, пра якія пытаецца Аляксандр), то атрымліваецца, што ва ўсіх сферах жыцця дазволена карыстацца як беларускай, так і рускай мовай. І згодна з артыкулам 6 гэтага Закону, “стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі (мовамі) і пропаведзь варожасці на моўнай глебе цягнуць устаноўленую законам адказнасць”. Беларуская і (ці) руская мова – гэта мова актаў дзяржаўных органаў, справаводства, з’ездаў і канферэнцый, мова адукацыі, навукі і культуры і гэтак далей. Як бачым, білінгвізм дазволены афіцыйнымі дакументамі.

    Кропкі над і расстаўлены нядаўна адносна назваў геаграфічных аб’ектаў (населеных пунктаў, вуліц, паркаў, рэк, азёр, заказнікаў, чыгуначных станцый, пунктаў прыпынку транспарту і г.д.) У Законе Рэспублікі Беларусь “Аб найменнях геаграфічных абъектаў” ад 16 лістапада 2010 г. са змяненнямі і дапаўненнямі ў 2012 г, у артыкуле 17, напісана, што назвы геаграфічным аб’ектам прысвойваюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітэрацыі перадаюцца на рускую мову (маюцца на ўвазе назвы, якія ўзніклі пасля ўступлення закона ў сілу).

    Што тычыцца надпісаў на знаках дарожнага руху, то рэдакцыя “ІВ” зрабіла запыт у Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, дзе нам патлумачылі, што мова напісання інфармацыі на іх рэгламентуецца СТБ 1140-2013 “Тэхнічныя сродкі арганізацыі дарожнага руху. Знакі дарожныя. Агульныя тэхнічныя ўмовы”. Дакументам дапускаецца варыятыўнасць напісання назваў на некаторых знаках – можна пісаць на беларускай мове, можна на рускай, але пазначана, што лепш аддаваць перавагу беларускай. Некаторыя ж знакі павінны ўтрымліваць надпісы выключна на беларускай мове, альбо на беларускай і англійскай. Знака “Пачатак населенага пункта” (пра які піша ў лісце наш чытач) сярод апошніх няма. Значыць, законам не забараняецца зрабіць яго на рускай мове. У адказе міністэрства таксама пазначана, што надпісы на паказальніках па маршрутах транспарту агульнага карыстання выконваюцца аўтамабільнымі перавозчыкамі на адной з дзяржаўных моў, якіх згодна з Канстытуцыяй дзве.

    Дарогу, на якой стаіць знак з надпісам “Яглевичи”, абслугоўвае Івацэвіцкае ДРБУ №178. Яго начальнік Мікалай Лакішык патлумачыў, што інфармацыя на дарожных знаках пішацца на адной з дзвюх дзяржаўных моў. Знак “Яглевичи” з’явіўся на дарозе не ўчора, ён стаіць там працяглы час і не будзе дэманціраваны да той пары, пакуль не сапсуецца, бо фінансавых сродкаў на замену добрых знакаў у прадпрыемства няма. Але пры заказе новых знакаў ДРБУ №178 аддае перавагу знакам з інфармацыяй на беларускай мове і будзе таксама рабіць і далей.

    Як бачым, у тых момантах, якія прыводзяцца ў лісце, няма парушэння законаў. Імі ж у сваёй дзейнасці кіруецца і рэдакцыя раённай газеты, якая дапускае двухмоўе на сваіх старонках. Але роднай мове заўжды аддаецца перавага – штатныя аўтары раёнкі пішуць на ёй амаль што ўсе свае артыкулы, як і многія пазаштатнікі. “ІВ” быў і застаецца добрым сябрам мовы і тых, хто прагне чытаць па-беларуску (у адрозненне ад многіх іншых раёнак). А што аб’явы ці спачуванні напісаны па-руску, дык гэта пажаданне рэкламадаўцаў.

    Падрыхтавала Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

    Автор: Вольга ШЭЛЯГОВІЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)