25 Мая, 2026 Понедельник

Я – вясковая гаспадыня!

  • 18 мая 2016 Культура Беларуская 0

    Праект раённага Савета дэпутатаў “Вясковая гаспадыня” прадоўжыў свой рух па сельскіх тэрыторыях Будакашалёўшчыны. 

    На ўзоўскай тэрыторыі за  права быць уладальнікам тытула “Лепшая гаспадыня” спаборнічалі Святлана  Дуброўская, Вольга Нахаева, Наталля Грачова і Ганна Сауціна. 

    Перамогу ўзяла Наталля Грачова, якая параўноўвала працу вясковай гаспадыні зараз і шмат гадоў таму назад. Сям’я, на яе думку, асацыіруецца з 7 колерамі вясёлкі, а падвор’е выдзяляе мноства кветак, а саму гаспадыню – безліч заняткаў: вязанне, дэкупаж, лепка, работы з пластыку, пляценне з газет. Дарэчы, Наталля Грачова прызнана лепшай і ў намінацыі “Лепшая кухарка” – рагалікі, мядовік, маннік, пірог з ківі і, канечне ж, святочныя кулічы ўразілі журы. 

    Але і іншым жанчынам было што расказаць. Так, Вольга Нахаева спякла куліч па рэцэпту сваёй бабулі, атрымаўшы перамогу ў намінацыі “Лепшая кухарка”. Самымі ўзорнымі сядзібамі прызнаны тыя, дзе пражываюць Ганна Сауціна і Святлана Дуброўская. Як паведаміла гаспадыня першага, з дома, які пабачыў 5 пакаленняў, яна робіць казку, а вось другая аддае перавагу кветкам. Акрамя таго, Вольга Нахаева любіць вышываць крыжыкам, Наталля Грачова – распісваць шкло. Святлана Дуброўская і Ганна Сауціна прачыталі вершы, што кранулі самыя далёкія струны душы прысутных. 

    Па-сапраўднаму цёплым, дамашнім і ў той жа час імгненным, прайшоўшым на адным дыханні атрымалася свята ў Ліпініцкім сельсавеце.

    Нягледзячы на тое, што канкурсантак было толькі трое – Марына Хамлюк, Таццяна Ляонава і Галіна Ляонава, гэта не перашкодзіла ім напоўніць мерапрыемства і сэнсам, і гумарам. Але аб усім па парадку. Марына Хамлюк, атрымаўшы дом у 2007 годзе, зрабіла там агарод вітамінаў. На падвор’і Таццяны Ляонавай “пасяліліся” пінгвіны і іншыя персанажы. Галіна Ляонава адзначыла, што  вельмі любіць быць дома. Са сваёй сям’ёй Марына Хамлюк  прысутных пазнаёміла на сцэне, сям’і Таццяны Ляонавай споўнілася 5 год.  

    Бадай, самым яркім аказаўся творчы конкурс. Марына Хамлюк паказала інсцэніроўку  аб тым, як яна курачак пасціла, Таццяна Ляонава – сцэнку пра прыём на работу, якая павінна адпавядаць характару і іншым прынцыпам патэнцыяльнага працаўніка. Галіна ж ра-зам з дзецьмі выканалі цыганскі танец. Самым сакавітым можна назваць іспыт, у якім жанчыны прадставілі свае кулінарныя шэдэўры. Кулічы, піражкі, кексы, цукеркі з рознай начынкай, торт з кветкай, падобнай на сапраўдную, і іншае як нельга лепш гаварылі аб тым, што ў конкурсе ўдзельнічаюць сапраўдныя гаспадыні. Дарэчы, галоўнага звання на гэтым этапе ўдастоена Марына Хамлюк, якая і працягне ўдзел у праекце. Акрамя таго, яна стала лепшай у намінацыі “Лепшае падвор’е”. Лепшай кухаркай названа Галіна Ляонава, а лепшы творчы дэбют у Таццяны Ляонавай, таксама яна адзначана дыпломам як майстар лепшых кулінарных шэдэўраў. 

    Алена Чуянкова – выбар жыхароў Гусявіцкага сельвета на праекце «Вясковая гаспадыня». 

    Творчае спаборніцтва сабрала трох удзельніц, талент і неардынарнасць кожнай з іх ускладнілі выбар гледачоў. Нагадваем, менавіта яны ў той вечар выбіралі лепшую. 

    Вакал, прэзентацыі, вершы – усё гэта ўражвала, але самым яркім было прадстаўленне страў на конкурс «Лепшыя кухаркі». Тут уразілі ўсе  ўдзельніцы: бліны, каравай, тарты – колькасць і складанасць дзівілі. Але лепшай у гэтай намінацыі прызналі Алену Чуянкову. Яе стравы былі аднолькава прыгожыя і смачныя. Больш таго, з кожным з жадаючых яна падзялілася рэцэптам.

    У намінацыі «Лепшы сельскі падворак» журы выбрала Наталлю Коцур. Перамога была аддадзена нездарма. Здзівіў прысядзібны ўчастак жанчыны, на якім сям’я вырошчвае розныя культуры. Важна і вядзенне падсобнай гаспадаркі, да такой працы, як стала зразумела з прэзентацыі, прывучаны нават і дзеці. 

    Вольга Цуранкова, як і ўсе ў той вечар, хвалявалася, але змагла справіцца і паказаць сябе. Варта адзначыць, что выступіла з жанчынай і яе маленькая дачка, якая толькі дадала фарбаў нумару. Старанні Вольгі не засталіся незаўважанымі, яна атрымала перамогу ў намінацыі «Лепшы творчы дэбют». 

    Самы галоўны прыз – білет на раённы этап конкурсу атрымала Алена Чуянкова. Менавіта яна стала пераможцай. Жанчына захапіла ўвагу з самага пачатку мерапрыемства. Пастаўлены голас, яркі знешні выгляд – усё гэта гаворыць пра тое, што канкурсантка сур’ёзна падрыхтавалася да спаборніцтва. Калі яна ў вобразе цыганкі пачала жартаваць і гадаць, забаўляючы прысутных, усім стала зразумела, менавіта Алена павінна прадстаўляць гусявіцкую зямлю ў далейшых этапах праекта.

    Ірына Саўчанка, Алена Янчанка, Валянціна Яўсеенка і Людміла Шульга прадставілі свае таленты ў Патапаўскім сельсавеце.

    Дарэчы, як і на многіх тэрыторыях, тут сустракалі аднавяскоўцаў і журы рознымі стравамі, але адметна было тое, што Ірына Саўчанка, акрамя тварожных шарыкаў, кексаў і іншага, спякла смачны торт з надпісам назвы праекта “Вясковая гаспадыня”, што ў далейшым і дазволіла ёй стаць лепшай кухаркай. Лепшым падвор’ем прызнана сядзіба Валянціны Яўсеенкі, дзе мірна жыве мноства жывёлін: і куры, і конь, і карова, і цяля, і парсюкі, і кролікі. Дарэчы, сама гаспадыня прэзентавала немалы набор страў: грыбы, абрыкосы, арэхі – і ўсё з цеста. У прадстаўленні сваёй сям’і не аказалася роўных мнагадзетнай маці Людміле Шульзе. На яе думку, сям’я – гэта асобны мір, дзе кожны адносіцца да іншага з цярпеннем. За лепшы творчы дэбют узнагароджана Алена Янчанка, дарэчы, таксама мнагадзетная маці, якая зараз працуе даяркай і кожны яе дзень пачынаецца з першымі промнямі сонца, каля 4 гадзін  раніцы. А вось пара падрыхтоўкі да наступнага этапу пачалася для Валянціны Яўсеенкі – менавіта ёй аднавяскоўцы выказалі давер прадоўжыць удзел у праекце. 

    Гаспадыні Уваравіцкага сельсавета, а гэта Святлана Крыкун, Анастасія Пільнік, Людміла Татарынава, Ала Аўраменка, Алена Пімахава, Людміла Свярдлова, сустракалі журы і аднавяскоўцаў у беларускіх народных  касцюмах. 

    Потым жанчыны здзіўлялі сваімі кулінарнымі шэдэўрамі, падвор’ем,  творчымі нумарамі. Не дзіўна, што на гэтай тэрыторыі журы і жыхарам гарадскога пасёлка прыйшлося няпроста. Напрыклад, у візітнай картцы Ала Аўраменка  расказала пра сябе праз прызму розных букетаў: школьнай пары, юнацтва і іншых перыядаў жыцця, а Людміла Свярдлова з дапамогай варажбы на рамонку прадставіла сябе. Апавядаючы пра сям’ю, Людміла Татарынава ўпэўнена заявіла, што вясковая гаспадыня – шыя: куды паверне, туды і пойдзе галава, значыць гаспадар. Прадстаўляючы падвор’е, Анастасія Пільнік адзначыла, што прайшло ўжо 8 год з таго часу, як яе сям’я змяніла горад на вёску. Святлана Крыкун не толькі паказала, якія прыгожыя ў яе цюльпаны, але і як рабіць святочныя кулічы. Сядзіба Алены Пімахавай вызначаецца вялікім парніком, а таксама разнастайным жывёльным мірам: тут і куры, і кураняты, і парасяты, і кролікі, і карова, а пры ўваходзе кожнага сустракае бусел. Асабліва ярка канкурсанткі паказалі свае здольнасці ў творчым конкурсе. Так, Алена Пімахава ра-зам з маці выканалі песню пра бэз, Ала Аўраменка разам з суседкамі – пра ягаду-маліну, Людміла Татарынава прачытала пранікнёны верш на праваслаўную тэматыку, Людміла Свярдлова з мужам павесялілі прыпеўкамі, Анастасія Пільнік таксама з мужам выканалі розныя народныя танцы, Святлана Крыкун прадставіла калекцыю ўбораў для дзяцей. Акрамя таго, усе канкурсанткі паведалі пра свой вольны час.

    На  падставе ўбачанага і быў зроблены вывад. Так, намінацыю “Лепшы творчы дэбют” журы аддала Анастасіі Пільнік і Людміле Татарынавай, лепшымі сельскімі падвор’ямі прызнаны сядзібы Алены Пімахавай і Людмілы Свярдловай, а лепшымі стравамі прызнаны тыя, што прыгатавалі Ала Аўраменка і Святлана Крыкун. Прадстаўляць уваравіцкую тэрыторыю ў далейшых  этапах  праекта будзе  Святлана  Крыкун. 

    Прадстаўляць сваю тэрыторыю жыхары Крыўскага сельсавета даверылі Алене Пажарковай. 

    Менавіта яе выбралі з пяці прэтэндэнтак – Людмілы Дамарацкай, якая, як яна сама прызналася, вельмі хацела ўдзельнічаць у гэтым конкурсе, Вольгі Немчанкі, што займае актыўную жыццёвую пазіцыю, Галіны Крукавай, валодаючай ігрой на музычных інструментах, і Галіны Лабушавай, якая ведае сакрэт падняцця настрою з дапамогай смачнай выпечкі. У цэлым кожная з гаспадынь вызначылася сваёй адметнасцю і непаўторнасцю. Так, Галіна Лабушава нарадзілася ў сям’і, дзе было чацвёра дзяцей, па двое двайнятак, сама ж жанчына стварыла сваю сям’ю 22 чэрвеня. Акрамя таго, ужо каторы год запар на яе падвор’і з’яўляецца новая малая архітэктурная форма. Кожны пражыты дзень для Алены Пажарковай – адкрыццё, якое дапамагае зрабіць, у тым ліку, і ўнук-непаседа. Свой дом яна лічыць пачаткам усіх пачаткаў, а агароду, які корміць увесь год, не нарадуецца. Падвор’е Галіны Крукавай  выдзяляецца львамі, што сустракаюць кожнага на парозе, а яшчэ кветкамі. На сядзібе Людмілы Дамарацкай расце груша, якой  ужо 100 год. Вольга Немчанка здзівіла тортам “Чарапаха” і песняй  пра бабіна лета, якую выканала разам з дачушкамі. Алена Пажаркова пранікнёна спела кампазіцыю “Стары клён”. У сваім нумары Людміла Дамарацкая расказала, што жадае выйсці замуж. Галіна Лабушава таксама з дачушкай выканалі завадны танец. 

    Па выніках выступленняў і быў зроблены вывад. Так, у творчым нумары перамогу атрымала Галіна Крукава, выканаўшы песню. Вольга Немчанка прызнана лепшай кухаркай: велікодны куліч, блінчыкі і, як ужо сказана вышэй, торт  у выглядзе чарапахі абышлі іншых. За лепшы творчы дэбют  адзначана Галіна Лабушава, а за лепшае падвор’е – Алена Пажаркова. Узнагароду ў спаборніцтве пра сям’ю атрымала Людміла Дамарацкая, якая з’яўляецца багатай бабуляй – у яе 5 унукаў-хлапчукоў. 

    Автор: Галіна ГОРБАЧ, Раман ВЕЖНАВЕЦАвангард

Комментарии (0)