03 Мая, 2024 Пятница

"Край мой родны! Ты для мяне заўжды галоўны!"

  • 18 мая 2016 Культура Беларуская 0

    Вёска Любішчыцы адзначыла сваё 500-годдзе

    – Дарогу ў родную вёску, сцяжынку да роднай хаты мы знойдзем нават з заплюшчанымі вачыма. Сэрцам адчуем кожны паварот дарогі, кожнае дрэўца, узгорак ці ямку, пакуль не дакранёмся да клямачкі такой знаёмай нам з дзяцінства брамкі, – пранікнёныя словы паэтэсы, ураджэнкі Любішчыцаў Любові Кліманскай, сказаныя на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 500-гадоваму юбілею вёскі, яскрава і дакладна перадалі агульны настрой удзельнікаў урачыстасцяў.

    На пляцоўцы насупраць Любішчыцкага СДК – імправізаваная сцэна, насупраць “глядзельная зала”, дзе размясціліся многія з вяскоўцаў, вакол – выстаўкі мясцовых умельцаў, у тым ліку, – школьнікаў-гурткоўцаў, дзіцячай школы мастацтваў, што працуе ў Любішчыцах. Мерапрыемства пачалося з асвячэння каменя з таблічкай аб тым, што менавіта ў 1516 годзе ўпершыню згадваецца паселішча Любішчыцы. Прадоўжылася тэатралізаваным пралогам “Жыццё вёскі ў старадаўнія часы”. Увогуле, перад гасцямі ўрачыстасцяў у гэты дзень выступалі артысты мясцовага СДК, сярэдняй школы і дзіцячага садка, самадзейныя артысты Падстарыні, Дабромысля і Майска, танцавальны гурток “Сонечныя праменьчыкі”, вядомыя і папулярныя калектывы раёна “Іванічы” і “Сяброўкі”.

    Любішчыцы – багатая на гістарычныя падзеі вёска; гэта адзначалі выступоўцы – старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў А. Ф. Сарока, старшыня Любішчыцкага сельвыканкама Ю. П. Янчук. Але яна найперш багата таленавітымі і працавітымі людзьмі, якія былі ўшанаваны ў гэты дзень. Так, Граматай Івацэвіцкага райвыканкама ўзнагароджана М. М. Гунькевіч, старшыня мясцовай ветэранскай арганізацыі, за актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці сельсавета; Граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджана Г. М. Дагель – за актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці сельскага Савета. Аляксандр Сарока ад кіраўніцтва раёна ўручыў падарунак Любішчыцкаму дзіцячаму садку; гэтая ўстанова падарункі атрымала і ад іншых гасцей.

    Ушаноўвалі ў гэты дзень ветэранаў Вялікай Айчыннай, воінаў-інтэрнацыяналістаў, ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, шматдзетныя сем’і, сем’і, у якіх у бягучым годзе нарадзіліся дзеткі, старажылаў вёскі, сярод якіх 102-гадовая К. С. Саханько, матуль, сыны якіх зараз служаць у арміі…

    Праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы.

    Колькі цёплых і ўзнёслых слоў пачулі жыхары Любішчыцаў у гэты дзень! Аўтару публікацыі асабліва ўрэзаліся ў памяць словы Таццяны Голуб, якая прыехала на родную любішчыцкую зямлю са Стаўрапольскага краю і сказала са сцэны наступнае:

    – Ужо каля 50 гадоў я жыву далёка ад Беларусі, але родным Любішчыцам, дзе хадзіла ў школу, у царкву, я буду ўдзячна да канца дзён сваіх, бо менавіта тут мяне вучылі быць шчырым, чыстым і сумленным чалавекам. Ра-дзіма і зараз кліча і заве да сябе, гэта любоў да скону дзён…

    А вось што кажа Таццяна Рабіік, якая восем гадоў таму з мужам пераехала ў Любішчыцы з Украіны:

    – Вёска проста цудоўная – і прыгожая, і людзі тут прыветлівыя, добрыя. Тут ёсць дзе сябе рэалізаваць нашым дзецям, бо працуе школа мастацтваў, мноства розных гурткоў у СДК і школе. Заўсёды адкрытыя дзверы ў СДК і для дарослых, дзе я займаюся ў самадзейнасці… Любішчыцы – перспектыўная вёска з добрым будучым.

    …Напрыканцы мерапрыемства на надзіманых шарах у неба была паднята выява лічбы 500. Цяжка-цяжка адрывалася ад зямлі гэтая лічба. Нядзіўна: сур’ёзны “груз гадоў”, гаварылі-жартавалі госці ўрачыстасцяў! Паступова ўздымалася ў неба, кружылася над вёскай выява “500”. З юбілеем, Любішчыцы! Няхай праз гады і стагоддзі твае нашчадкі ўзнімаюць у неба яшчэ больш буйныя лічбы-даты жыцця гэтай цудоўнай вёскі.

    Цікавыя факты пра Любішчыцы

    1. У 1679 годзе мясцовыя жыхары, незадаволеныя падаткамі і новымі правіламі, выбралі дэпутатаў, якіх накіравалі да польскага караля Яна Сабескага, які падтрымаў сялян і адмяніў павіннасці; увогуле, жыхары вёскі славіліся сваім упартым характарам, у 18 стагоддзі тут нават адбыўся так званы “Мядовы бунт”.

    2. У 1863 годзе вёску занялі паўстанцы К. Каліноўскага. Непасрэдна перад царквой св. Ганны перад жыхарамі вёскі быў зачытаны маніфест паўстанцаў;

    3. У другой палове 19 ст. Любішчыцы былі самай буйной па колькасці насельніцтва вёскай у Гродзенскай губерні; тут было народнае вучылішча з 5-гадовым тэрмінам навучання, 2 царквы, 2 карчмы, а на Грыўдзе – вадзяны млын; Любішчыцы дзяліліся на тры часткі – Паддухоўныя, Зарэчныя, Царкоўныя, дзе пражывала болей за 2 000 чалавек.

    4. У Любішчыцах нарадзіўся і працаваў Герой Сацыялістычнай працы С. П. Агейчык.

    Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).

    Автор: Аляксандр ГОРБАЧІвацэвіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)