24 Апреля, 2024 Среда

Любоў да Радзімы – важнае складаемае натхнення. Выстаўка Таболічаў у Слуцку

  • 25 мая 2016 Культура Беларуская 0

    Прафесійныя мастакі, члены Беларускага саюза мастакоў, выкладчыкі Рыгор Фядосавіч і Марыя Яўгенаўна Таболічы прывезлі ў Слуцк выстаўку жывапісу. Больш за 40 карцін вельмі гарманічна ўпісаліся ў інтэр’ер галерэі.

    Рыгор Фядосавіч і Марыя Яўгенаўна скончылі Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), падчас вучобы стварылі сям’ю. Іх дзеці таксама звязалі жыццё з мастацтвам, хоць і ведаюць, якая гэта цяжкая карпатлівая праца:

    Алесь – дызайнер, Наталля – майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сын Наталлі малюе плакаты, коміксы. Рыгор Фядосавіч нарадзіўся ў вёсцы пад Мікашэвічамі, таму Случ і Случчына вельмі блізкія яму.

    Выстаўкі Таболічаў праходзілі ў многіх гарадах Беларусі і за мяжой, карціны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, у музеі Магілёва. У экспазіцыі галерэі мастацтваў імя У.С. Садзіна – партрэты, пейзажы, нацюрморты, сюжэтныя карціны Таболічаў, рэалістычныя эцюды, абстрактныя і авангардысцкія работы.

    – Мы прадставілі рознапланавыя карціны, па якіх можна прасачыць нашу творчасць, – гаварыў падчас адкрыцця выстаўкі Рыгор Фядосавіч. – Работы розныя. Час мяняецца і мы мяняемся, па-іншаму глядзім і асэнсоўваем падзеі. Гэта, канечне ж, адлюстроўваецца ў творчасці. Я не магу   20 гадоў пісаць аднолькава. Мастак рэагуе на тое, што адбываеца вакол, ён увесь час у пошуку.

    Рыгор Фядосавіч лічыць важным для творцы не губляць сувязь з рэаліямі, бычыць сітуацыю. Любоў да Радзімы для яго – важнае складаемае натхнення.

    – Ён сапраўдны фанат Радзімы, родных мясцін, – расказвала пра мужа Марыя Яўгенаўна. – Любіць экспедыцыі і вандроўкі, цікавіцца гісторыяй. Ігэта нельга не заўважыць у работах Рыгора Таболіча.

    Таболічы працуюць у мінскай гімназіі імя Масленікава, вучаць школьнікаў пейзажнаму жывапісу. Яны катэгарычныя ў тым, што юныя мастакі павінны пісаць самі, без дапамогі настаўніка.

    – Мы можам падказаць, накіраваць, але ні ў якім разе не дамалёўваць, у першую чаргу, неабходна ўбачыць і падтрымаць індывідуальнасць, – падкрэслівае Марыя Яўгенаўна.

    Дарэчы, у Нацыянальным мастацкім музеі пройдзе ўжо другая выстаўка работ навучэнцаў Рыгора Фядосавіча і Марыі Яўгенаўны. Магчыма, і случчане змогуць ацаніць іх майстэрства.

    А каб пазнаёміцца з разнастайнай творчасцю Рыгора і Марыі Таболічаў, наведайце нашу галерэю мастацтваў. Упэўнена, не пашкадуеце.

    Автор: Ірына ВЕЧАРСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)