03 Мая, 2024 Пятница

Традыцыйная сустрэча ў "Хаваншчыне"

  • 30 мая 2016 Культура Беларуская 0

    Як ніколі шматлюдна было ў мінулыя выхадныя на Жытліншчыне. Тут па традыцыі ў апошнюю нядзелю мая адбылася сустрэча партызан і падпольшчыкаў у мемарыяльным комплексе партызанскай славы “Хаваншчына”. А ў суботу, за дзень да традыцыйнай сустрэчы, упершыню “Хаваншчыну” наведалі арганізаваныя групы школьнікаў з розных раёнаў Брэстчыны.

    Сустрэча на зямлі партызанскай славы 29 мая атрымалася запамінальнай для гасцей. Арганізатары ў гэтым годзе змянілі звычайны фармат правядзення мерапрыемства і прапанавалі наведвальнікам шмат новага.

    З самага ранку ў вёску Жытлін пачалі прыбываць шматлікія дэлегацыі. На жаль, у скла-дзе іх з кожным годам усё менш і менш ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў партызанскага руху вобласці. Аднак колькасць людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць загінуўшых у той страшнай вайне і аддаць даніну павагі яшчэ жывым сведкам тых падзей, гаворыць аб тым, што памяць пра жахлівыя гады вайны жыве і будзе жыць вечна.

    Жывая музыка ў выкананні народнага духавога аркестра Івацэвіцкага ГДК, шэрагі вучняў Хадакоўскай і Вулька-Аброўскай школ з партрэтамі сваіх дзядоў і прадзедаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай, актывісты РК ГА “БРСМ”, якія віталі гасцей і ўручалі ім бутаньеркі ў выглядзе кветак Перамогі, ганаровая варта піянераў ля помніка… – ўсё гэта прыдавала ўрачыстасці і стварала святочны настрой. Перад пачаткам мітынгу, што адбыўся ля помніка загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне, прысутныя змаглі паслухаць пра гісторыю партызанскага руху ў раёне, на Жытліншчыне. Затым слова было прадастаўлена старшыні райвыканкама Анатолію Ткачуку. У сваёй прамове кіраўнік раёна звярнуўся да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і ўдзельнікаў мітынгу.

    – Сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем аб мужнасці партызан і падпольшчыкаў, подзвігу працаўнікоў тылу, аб усіх, хто набліжаў Дзень Перамогі і ў цяжкіх умовах падымаў з руін і попелу нашы гарады і сёлы. Дзякуючы подзвігу нашага народа сучаснае пакаленне з упэўненасцю глядзіць у будучыню… Толькі народ, які помніць сваю гісторыю і выхоўвае на яе прыкладзе падрастаючае пакаленне, можа быць упэўнены ў заўтрашнім дні. Наша галоўная задача – ведаць і помніць аб тых падзеях, каб не дапусціць паўтарэння новай вайны, – адзначыў Анатолій Уладзіміравіч.

    Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, а таксама ад сябе асабіста ён пажадаў ветэранам моцнага здароўя на многія гады, сіл і ба-дзёрасці для будучых сустрэч на Жытлінскай зямлі, а ўсім удзельнікам мітынгу – міру і дабра, дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні і адданай любові да сваёй Радзімы.

    Затым слова было прадастаўлена прадстаўніку ветэранскай арганізацыі Бярозаўскага раёна, намесніку старшыні Бярозаўскай раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў”, падпалкоўніку запаса Валерыю Непарка, вучаніцы Хадакоўскай базавай школы Таццяне Дубойскай.

    Памяць загінуўшых ушанавалі мінутай маўчання. Як пры адкрыцці мітынгу, так і пры закрыцці гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь, а таксама салют. Да помніка загінуўшым ускладваюцца вянкі і кветкі. Першымі гэта робяць ад імя раённай улады старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока. Вянкі і кветкі ўскладваюць да помніка ветэраны, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый.

    Пасля мітынгу дэлегацыі перамяшчаюцца ў мемарыяльны комплекс партызанскай славы “Хаваншчына”. Сюды, у былы штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, які на працягу 1941-1944 гадоў аб’ядноўваў 11 брыгад і 12 асобных партызанскіх атрадаў (больш за 13 тысяч чалавек) і дзе з красавіка 1943 года размяшчаліся падпольныя абласны камітэт партыі і абласны камітэт камсамола, рэдакцыя газеты “Заря”, у гэты памятны дзень прыехалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, падпольшчыкі, удзельнікі партызанскага руху вобласці, іх дзеці і ўнукі, а таксама людзі, якія даражаць успамінамі аб той страшнай вайне. Прыемна, што прыязджаюць цэлымі сем’ямі. І сярод наведвальнікаў з кожным годам усё больш прадстаўнікоў маладога пакалення. Юнакі і дзяўчаты прыязджаюць сюды, каб ведаць гісторыю партызанскага краю, ушанаваць памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны і выказаць падзяку за мірнае неба над галавой яшчэ жывым удзельнікам партызанскага руху вобласці.

    Спачатку на паляне перад уваходам госці змаглі ўбачыць ваенна-гістарычную рэканструкцыю з удзелам ваенна-гістарычных клубаў “Гарнізон” (г. Брэст), “4-ы паветрана-дэсантны корпус” (г.Мінск”), клуба рэканструкцыі “Дзве вайны” (г. Івацэвічы), прысвечаную “Здзітаўскай абароне”, падзеям, якія адбыліся ў красавіку 1944 года (3-11 красавіка 1944 года ў вёсцы Здзітава праходзілі баі партызанскіх брыгад імя Дзяржынскага, “Савецкая Беларусія” і 345-га партызан-скага атрада супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў).

    Затым усім было прапанавана тэатралізаванае прадстаўленне “Адзін дзень з жыцця партызанскага атрада”, у якім было задзейнічана больш за 100 чалавек (навучэнцы старэйшых класаў СШ №1 г.Івацэвічы пад кіраўніцтвам настаўніц Алы Васільеўны Валінскай і Вольгі Васільеўны Дайлід, актывісты РК ГА “БРСМ”, удзельнікі вышэйзгаданых ваенна-гістарычных клубаў, члены раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”, работнікі Івацэвіцкага ТЦСАН, Івацэвіцкага ГДК, Івацэвіцкага РАУС, ДУК “Івацэвіцкая клубная сетка”, Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея), і якое не пакінула раўнадушным ні аднаго наведвальніка. Праходзіла яно такім чынам, што каля кожнага аб’екта комплексу госці “Хаваншчыны” маглі ўбачыць невялічкія сцэнкі з жыцця партызанскага атрада. Але найперш адбылася ўрачыстая цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да памятнага знаку пры ўваходзе ў мемарыяльны комплекс.

    Пасля экскурсіі па “Хаваншчыне” ўсіх гасцей чакаў святочны кірмаш, на які ўсіх запрашала яго арганізатар, супрацоўнік ДУК “Івацэвіцкая клубная сетка” Алена Шэлест. Беларускія, рускія і ўкраінскія песні ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Гортальскага СДК, Сомінскага СК, Вулька-Аброўскага СДК, Целяханскага ЦК і вольнага часу і Аброўскага ЦКіНТ, святочна накрытыя сталы са стравамі рознай нацыянальнай кухні, “салдацкая” каша і духмяная гарбата з траў стваралі атмасферу свята, радасць ад здабытай Перамогі і пачуццё гонару за нашых дзядоў і пра-дзедаў, дзякуючы якім мы жывем пад мірным небам.

    – Кожны год мы стараемся здзівіць нашых гасцей нечым новым, – расказвае Раіса Горбач, дырэктар Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея. – Сёння, напрыклад, акрамя традыцыйнай экскурсіі па “Хаваншчыне”, гэта яшчэ і рэканструкцыя падзей “Здзітаўскай абароны” і святочны кірмаш. Упершыню за дзень да традыцыйнай сустрэчы мемарыяльны комплекс наведалі групы школьнікаў з усіх раёнаў вобласці. Многія з іх выказалі пажаданне, каб субота перад апошняй нядзеляй мая стала традыцыйным днём для наведвання комплексу моладдзю з усёй краіны. І мне здаецца, што ў гэтым годзе нарадзілася яшчэ адна добрая традыцыя на Івацэвіччыне.

    У свае 93 гады пакласці кветкі да памятнага знака ў “Хаваншчыну” прыехала жыхарка в. Серадава Еўдакія Мікалаеўна Кот. Жанчыне ў такім паважаным узросце ўжо цяжкавата хадзіць адной, таму сёння яе суправаджалі пляменніца Ніна і ўнучка Святлана. У час вайны Еўдакія Мікалаеўна была ў лагеры сувязной. Сёння бабуля са слязьмі на вачах успамінае мінулае і жадае маладому пакаленню ніколі не зведаць жахаў вайны.

    А вось жыхарка в. Корачын Яўгенія Яўстафіеўна Цюшкевіч, у дзявоцтве Кулініч, у трохмесячным узросце аказалася ў партызанскім лагеры з усёй сваёй сям’ёй: бацькамі, чатырма сёстрамі і двума братамі. На жаль, баць-ка памёр ад хваробы ў лагеры. Маці з дзецьмі засталася тут да канца баявых дзеянняў на тэрыторыі раёна. Цяпер кожны год Яўгенія Яўстафіеўна прыходзіць у гэтае памятнае для яе сям’і месца і дзякуе ўсім, што не забываюць пра гераічны подзвіг партызан і падпольшчыкаў.

    – Я ўпершыню на “Хаваншчыне”, – кажа Ліза Барзенка, вучаніца 9 класа Вулька-Аброў-скай СШ. Дзяўчына прыехала жыць у Беларусь з Украіны. – Мяне вельмі ўразіла ўсё тое, што я сёння ўбачыла. Як добра, што беларусы так шануюць памяць аб тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Важна ведаць гісторыю свайго краю і ніколі не забываць пра гераізм нашых дзядоў і прадзедаў.

    Прадоўжыліся святочныя мерапрыемствы на стадыёне вёскі Хадакі. Тут адбыўся святочны канцэрт (выступілі народны хор ветэранаў Івацэвіцкага ГДК, народны жаночы ансамбль “Сяброўкі” Івацэвіцкага ГДК, вядомыя ў раёне выканаўцы Надзя Куіс, Юрый Лайша, Крысціна Віктаровіч, Арцём Аўцынаў, Сяргей Азарка, Галіна Дзянісік, Ірына Лушч і Ірына Акавітая, Уладзімір Краўцоў, а таксама народны ансамбль народнай песні і музыкі “Крыніца” Ляхавіцкага ГДК), прайшлі розныя спартыўныя мерапрыемствы. Працавалі гандлёвыя кропкі Івацэвіцкага райста, для дзяцей – атракцыёны. Жадаючыя маглі паспрабаваць “салдацкую кашу”.

    Аляксандра ДЖЭЖОРА, фота аўтара і Валерыя МІСКЕВІЧА.

    Автор: Аляксандра ДЖЭЖОРАІвацэвіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)