29 Апреля, 2026 Среда

Сярод экспанатаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея ёсць старадаўняя кафля

  • 01 июня 2016 Культура Беларуская 0

    Сярод самых адметных музейных экспанатаў – старадаўняя кафля. Кафлярства – адна з найцікавейшых і, як ні дзіўна, яшчэ недастаткова даследаваных галін творчасці беларускіх майстроў.

    Першыя вядомыя нам узоры на тэрыторыі Беларусі датуюцца пачаткам ХІV стагоддзя. Яны знойдзены ў час археалагічных раскопак у Полацку, Лідзе, Навагрудку. У тыя часы для вырабу кафлі прымянялі тэхніку ручной лепкі, пасля чаго яе падпраўлялі на маларухомым ганчарным крузе і абпальвалі на адкрытым агні. Гэта галіна імкліва развівалася, а ўмельства майстроў удасканальвалася. Засталіся ў спадчыну і самыя простыя місачныя і талерчатыя кафлі з малюнкамі на дне ў выглядзе прамых ці хвалістых ліній, а таксама каробчатыя і вытанчаныя ў выкананні, напрыклад, з увасабленнем на іх гістарычных паданняў, падзей і побыту людзей. У Мінскім абласным краязнаўчым музеі ёсць узоры ХVІ-ХVІІ стагоддзяў, знойдзеныя пры раскопках маладзечанскага, гарадоцкага і заслаўскага замкаў.

    — Некаторыя экспанаты Сярэдневякоўя даволі рэдкія, яны сведчаць, што наш край развіваўся ў кантэксце еўрапейскай культуры, — заўважае намеснік дырэктара абласнога краязнаўчага музея па навуковай частцы Наталля Палтавец.

    Маладзечанскі замак: разуменне прасторы

    Партрэтную кафлю пры раскопках гэтага замка ў 1981 годзе адшукаў доктар гістарычных навук археолаг Міхаіл Ткачоў. На старадаўняй знаходцы — выява прадстаўнічай асобы. Кафля выраблена ў тэхніцы нізкага рэльефу і выдзелена рамкай у выглядзе аконнага праёма ці архітэктурнага партала.

    — У гэтым прасочваецца традыцыя рэнесансавага разумення прасторы ў жывапісе, калі вобразы падаюцца на фоне інтэр’ераў, архітэктурных садоў і паркаў, — працягвае субяседніца. — Такія выяўленчыя кампазіцыі з’яўляюцца нібыта акном, праз якое мастак глядзіць на свет. Дарэчы, аналагічная кафля з выявай мужчыны знойдзена таксама ў Вільні, Мінску, Заслаўі, Лагойску. Узоры з цэнтральнай Беларусі ўнізе пад партрэтам маюць абрэвіятуру «AMHIB». Відавочна, што чалавек апрануты ў строй эпохі Адраджэння. Гэты стыль адзення распаўсюдзіўся ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім у першай палове XVI стагоддзя і атрымаў назву «італьянскага». Менавіта ў такім строі паказваліся сенатары на пасяджэннях польскага сейма.

    Ёсць у музеі і кафля другога тыпу – профільная выява мужчыны ў берэце, заключаная ў рамку круглай формы. Падобныя былі знойдзены ў Вільні, Клайпедзе, Мінску, Заслаўі, Гародні. Па іх таксама адчуваецца ўплыў Рэнесансу: мастакі гэтай эпохі лічылі кола ідэальнай геаметрычнай фігурай. Мужчына на ўзорах таго часу апрануты ў рэнесансавы строй. Гэты фрагмент паліванай партрэтнай кафлі маладзечанскага замка з’яўляецца… вытворчым бракам. Яна трэснула ў час абпалу і мае ў цэнтры рэшткі зялёнай палівы.

    — Верагодна, што майстэрства вырабу кафлі як першага, так і другога тыпу ў Вільню завезлі італьянскія майстры, — каменціруе Наталля Палтавец. — А партрэтная кафля з выявай барадатага мужчыны ў рэнесансавым берэце мае непасрэдныя аналогіі ў творчасці італьянскіх майстроў-керамістаў з горада Фаэнца.

    Замежныя кафельшчыкі, мажліва, прывезлі з сабой матрыцы, без якіх немагчымая вытворчасць рэльефнай кафлі, і распаўсюджвалі гэтыя формы ў гарадах і мястэчках розных краін, дзе мясцовыя майстры выраблялі кафлю з аднолькавым рэльефным дэкорам. Пра гэта сведчаць копіі знаходак з раскопак Ніжняга замка ў Вільні і ў вёсцы Гарадок нашага раёна.

    Гарадоцкія ўзоры

    У музеі ёсць кафля, знойдзеная ў 1989 годзе пры раскопках гарадоцкага замка супрацоўнікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі археолагам Генадзіем Сагановічам. Яна захавалася даволі вялікімі фрагментамі не ў лепшым стане.

    Даследчыкі лічаць, што гарадоцкія ўзоры былі выкананы адным і тым жа майстрам ці ў тых самых формах, што і ў Ніжнім замку ў Вільні. Франтальная кафля — з выявай чалавека ў поўны рост, апранутага на антычны манер, каля ног якога чалавечая галава ў профіль. Сюжэтная — казачнага зместу: два белыя зайцы смажаць на вогнішчы паляўнічага (яго касцюм і боты настолькі рэалістычныя і дэталізаваныя, што па іх можна рэканструяваць адзенне эпохі). Паліхромная — са сцэнай палявання: на фрагменце імкліва бяжыць паляўнічы, а перад ім – ганчакі; таксама ёсць кафля з выявай ягады вялікага памеру. Відавочна, што ў ХVІІ стагоддзі пачынаюць з’яўляюцца больш складаныя па канфігурацыі вырабы, для аздаблення майстры выкарыстоўваюць розныя колеры. У тыя часы кафлі, нават маленькія перамычкі, дэкарыраваліся рэльефам.

    Заслаўскія сімвалы

    Гэта найперш геральдычная кафля. Узоры, якія ёсць у нашым музеі, знайшоў у час раскопак у заслаўскім замку ў 1996 годзе таксама супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі археолаг Юрый Заяц.

    На кафлі змешчаны герб (і яго элементы) князёў Глябовічаў. Гэта адзін з найбагацейшых і ўплывовых родаў Вялікага Княства Літоўскага, з якога выйшлі многія важкія дзяржаўныя дзеячы. Глябовічы валодалі землямі ў Мазырскім, Ігуменскім, Аршанскім і Навагрудскім паветах, а таксама на Смален-

    шчыне, Віцебшчыне і ў Польшчы. Ім належалі гарады Дуброўна і Заслаўе, яны валодалі замкамі ў Вільні і Мінску.

    На гербе Глябовічаў выразна бачныя шасцівугольная зорка і маладзік рагамі ўгору, якія складаюць прыватнаўласніцкі герб «Ляліва», а таксама выявы жывёл і іншыя сімвалы. Знаходкі з заслаўскага замка добра захаваліся да нашых часоў. Гэта гаворыць аб тым, што яны былі зробленыя з трывалых матэрыялаў і выдатнымі майстрамі. Наогул, падобныя гербы маглі мець толькі заможныя асобы, высакародная шляхта. А сімвалы на іх азначалі гісторыю сям’і, традыцыі, знакавыя падзеі. Свае «штрыхі» ў геральдычныя матывы маглі ўносіць і жонкі князёў, калі яны паходзілі са знакамітага роду.

    Фота: Ірына РАБУШКА.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)