27 Апреля, 2024 Суббота

У Глыбокім у раённым Доме рамёстваў адкрылася выстава "Каляровы россып"

  • 02 июня 2016 Культура Беларуская 0

    Карціна з 66 тысяч крыжыкаў. Менавіта столькі крыжыкаў вышыла падсвільчанка Алена Арцімёнак, каб стварыць карціну “Анёлы”.

    – Мая любімая работа, – прызналася Алена Сяргееўна прысутным на ўрачыстым адкрыцці экспазіцыі вышываных карцін “Каляровы  россып” у раённым Доме рамёстваў.

    Гэта яе першая персанальная выстава ў Глыбокім. Між іншым, у сакавіку падсвільчане любаваліся работамі сваёй зямлячкі, якія экспанаваліся ў гарпасялковай бібліятэцы. Да таго ж і артыкул пра Алену Арцімёнак напісалі, які мы змясцілі ў раённай газеце.

    Што новенькага падчас ўрачыстага мерапрыемства даведаліся пра майстра па вышыўцы з педагагічнай адукацыяй? Тое, што яна колькі месяцаў таму ўзначаліла Падсвільскі дзіцячы садок, і часу на любімае захапленне стала нашмат меней. І тое, што вышыўка для Алены Арцімёнак – зімовае хобі, а ўлетку ўвесь яе вольны час забіраюць кветкі.

    – Я лічу, што ў доме павінны быць карціны, якія асацыіруюцца з сям’ёй. Так і раблю, выбіраю для вышыўкі пэўныя сюжэты. Як бачыце, тут сям’я лебядзей: мама, тата, сын. Тут  – дыпціх “Страсць” і “Пяшчота”. А вось домік у вёсачцы – адна з першых работ, – праводзіць экскурсію па “галерэі” сваіх карцін вышывальшчыца.

    Малодшы навуковы супрацоўнік Дома рамёстваў Таццяна Карнеева раскрыла сакрэт падсвільскай гаспадыні:

    – Калі творы на выставу забіралі з яе дома, то заўважылі, як гарманічна ўпісваюцца яны ў інтэр’ер.

    Вышывальшчыца пацвердзіла:

    – Падбіраючы схемы, ведала загадзя, куды размяшчу: нацюрморты – на кухню, пейзаж з караблямі – сыну ў пакой…

    І аформлены карціны таксама з густам – паспарту і рамкі так чароўна дапаўнялі кожны сюжэт.

    – Алена – цудоўная жонка і мама, клапатлівая гаспадыня і проста прыгожая жанчына, – адзначыла кіраўнік клуба “Спадчына” Валянціна Шымко. – Ёй, самай першай удзельніцы, мы ўручылі медаль “Майстар – залатыя рукі”.

    Пахваліла вышывальшчыцу і метадыст Падсвільскага філіяла Дома рамёстваў Алена Мацюшонак, дзякуючы якой маладая настаўніца захапілася вышыўкай:

    – Алена Арцімёнак – адна з самых лепшых маіх вучаніц, якую так моцна захапіла творчасць.

    Прызнаемся шчыра, і нас. Пасля наведвання выставы дружна ўзяліся за вышыванкі.

    Калі вы яшчэ не ведаеце, чым заняць вольны час, наведайце выставу “Каляровы россып”, магчыма, на адну вышывальшчыцу (а можа і вышывальшчыка?!) стане болей.

    Будзем толькі рады!

    Автор: Алена ХайноўскаяВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)