20 Апреля, 2024 Суббота

У партнёрстве з ПРААН

  • 07 июня 2016 Культура Беларуская 0

    Валожынскі раён стаў адным з 30-і пілотных раёнаў краіны па рэалізацыі праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.

    Вядомая міжнародная арганізацыя – ПРААН – выступае як выканаўчы орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і супрацоўнічае з партнёрамі ў многіх краінах свету.  Мэта супрацоўніцтва – садзейнічанне ўстойліваму развіццю рэгіёнаў, павышэнне ролі жанчын, эфектыўнае кіраванне, развіццё сацыяльнага прадпрымальніцтва, забеспячэнне верхавенства права і інш. У Беларусі названая арганізацыя пачала сваю актыўную дзейнасць у 1992 годзе.

    30 раёнаў Беларусі, у тым ліку і наш Валожынскі, нядаўна падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтва з Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.

    Гэты праект накіраваны на актывізацыю мясцовага патэнцыялу, самакіравання і падтрымку ініцыятывы грамадзян. Праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і Праграмай развіцця ААН.

    У Мемарандуме вызначаны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва: умацаванне патэнцыялу мясцовых органаў улады, арганізацый і насельніцтва ў сферы тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця (ТАР), падтрымка мясцовых ініцыятыў, правядзенне конкурсу мясцовых ініцыятыў і суправаджэнне іх рэалізацыі.

    У абласцях Беларусі працуюць рэгіянальныя каардынатары па ажыццяўленні міжнародных праектаў ЕС/ПРААН. На мінулым тыдні ў Валожын з рабочай місіяй прыехала каардынатар ПРААН па Мінскай вобласці Ірына Пашкун.

    У нарадзе па рэалізацыі Мемарандума, якая праходзіла пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама П. І. Бібіка, прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, гаспадары аграсядзіб, індывідуальныя прадпрымальнікі, кіраўнікі некаторых аддзелаў, арганізацый і ўстаноў раёна і інш. У той дзень была сфарміравана раённая ініцыятыўная група па тэрытарыяльна-арыентаваным развіцці Валожыншчыны ў рамках міжнароднага праекта. Кіраўніком гэтай групы абраны старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі, намеснікам – начальнік аддзела эканомікі райвыканкама В. С. Багатырова, сакратаром – намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму В. В. Башаркевіч.

    У рамках праектаў ЕС/ПРААН у нашым раёне пры міжнароднай фінансавай падтрымцы ўжо паспяхова ажыццёўлены некаторыя значныя мерапрыемствы. Напрыклад, сімвалам раёна з улікам шматлікіх прапаноў нашых грамадзян стаў зімародак. Усё большую папулярнасць не толькі сярод турыстаў набываюць знакамітыя “Валожынскія гасцінцы”.  Развіваецца крэатыўная эканоміка: правядзенне разнастайных конкурсаў, фестываляў, выстаў работ народных майстроў, рамеснікаў, арганізацыя пленэраў і інш.

    Супрацоўніцтва пры міжнароднай фінансавай падтрымцы мае добрую перспектыву. На рабочай нарадзе з удзелам рэгіянальнага каардынатара ПРААН Ірыны Пашкун былі вызначаны далейшыя крокі на шляху партнёрства з ЕС/ПРААН. У Валожынскага раёна, які праяўляе зацікаўленасць і зайздросную ініцыятыву ў ажыццяўленні розных міжнародных праектаў, конкурсаў, ёсць шанц заявіць пра сябе ў справе далейшага тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця рэгіёна. Калі конкурс у рэалізацыі чарговага праекта мы выйграем, то ад міжнароднай арганізацыі атрымаем чарговы грант у памеры 39 тысяч еўра.

    Якія ж праблемы ў тэрытарыяльна-арыентаваным развіцці Валожыншчыны на сённяшні дзень з’яўляюцца вызначальнымі, а значыць, патрабуюць сваёй рэалізацыі ў бліжэйшай перспектыве? На працягу гадзіны члены раённай ініцыятыўнай групы абмяркоўвалі гэту надзённую тэму.

    У выніку канструктыўнай прынцыповай дыскусіі былі вызначаны наступныя прыярытэты ў развіцці нашага рэгіёна:

    – павышэнне інфармавання аб культурнай спадчыне Валожынскага раёна;

    – паляпшэнне дарожнага пакрыцця да аб’ектаў турызму;

    – стварэнне парку адпачынку ў горадзе Валожыне;

    – вызначэнне зон адпачынку ў раёне, іх добраўпарадкаванне (на тэрыторыі вадаёмаў, лясных масіваў);

    – арганізацыя інфраструктуры веласіпедных дарожак;

    – абсталяванне спартыўна-гульнявых, дзіцячых пляцовак;

    – мадэрнізацыя трансфарматарных падстанцый у населеных пунктах;

    – мадэрнізацыя вулічнага асвятлення ў сельскай мясцовасці.

    Нагадаем, што гэтыя напрамкі дзейнасці прапанавалі большасцю галасоў члены раённай ініцыятыўнай групы па тэрытарыяльна-арыентаваным развіцці раёна ў рамках будучага міжнароднага праекта. Будзе ўважліва вывучана і меркаванне на гэты конт у працоўных калектывах. Члены ініцыятыўнай групы правядуць сходы грамадзян з мэтай выяўлення іх думак адносна прыярытэтных пытанняў у развіцці раёна.

    Свае прапановы наконт выбару прыярытэтных напрамкаў рэалізацыі будучага праекта можа выказаць і кожны з чытачоў раённай газеты, напісаўшы нам на адрас электроннай пошты valozhyn@tut.byабо патэлефанаваўшы на нумар 55-3-92.

    Меркаванне грамадзян будзе вывучаць на працягу ўсяго рабочага дня (7, 8, 9 чэрвеня бягучага года) па тэлефоне 55-0-31 аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

    Праяўляйце актыўнасць, тэлефануйце, выказвайце свае меркаванні і прапановы! Якая са шматлікіх мясцовых ініцыятыў выйграе конкурс – пакажа час!

    Рэдакцыя раённай газеты плануе перыядычна інфармаваць сваіх чытачоў аб тым, як будзе рэалізоўвацца ў раёне чарговы міжнародны праект.

    Автор: Ірына ПАШКЕВІЧПрацоўная слава

Комментарии (0)