03 Мая, 2024 Пятница

Корреспондент газеты "Праца" побывала на фестивале национальных культур в Гродно

  • 08 июня 2016 Культура Беларуская 0

    Столькі публікацый і анонсаў папярэднічала XI Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур у Гродне, што не пабачыць свята на свае вочы для мяне не ўяўлялася магчымым. Гэта ж быў сапраўдны шанц здзейсніць кругасветнае падарожжа за 48 гадзін!.. Ды яшчэ з праграмай кшталту “all inclusive”. І хацела б адмовіцца ад іншаземных выразаў, але ў гэтым артыкуле яны да месца: у гора-дзе над Нёманам падчас фестывалю сабраліся прадстаўнікі амаль 40 нацыянальнасцей.

    8306

    Ці не сімвалічна, што сёлета святкаванне фестывалю супала з правядзеннем Года культуры ў Беларусі?.. Такі форум дае магчымасць кожнаму народу паказаць самае глыбіннае, што спрадвеку захоўвае нацыя, – традыцыі; дазваляе зберагчы тое лепшае, што было і ёсць у агульнай спадчыне, – інтэрнацыяналізм, добрасуседства, узаемную павагу да культур, звычаяў, традыцый, мовы кожнага народа, векавы запавет жыць у міры і згодзе. Таму, як заведзена здавён, фестываль адкрыла шматнацыянальнае шэсце ўдзельнікаў мерапрыемства. Чарадой ад плошчы Ле-ніна да месца ўрачыстага ад-крыцця – плошчы Савецкай – прайшлі прадстаўнікі этнічных аб’яднанняў і культурных калектываў. У фестывальны марафон гарманічна ўпісваліся рускі гармонік і кітайскі дракон, беларуская прыпеўка і грузінская лезгінка, экзатычнае паглынанне агню і класічная рапсодыя. Гараджане і госці віталі калону апладысментамі, сцяжкамі і шарамі, добразычлівымі воклічамі “брава!”, “ура!”, “са святам!”. З пэўнай перыядычнасцю ад гледачоў можна было пачуць “крычалку”: “Фестиваль стартует в Гродно. Это весело и модно!”.

    8305

    Трэба сказаць, не падманулі аўтары рыфмаў: кожны ўдзельнік святочнай праграмы мог знайсці для сябе нешта цікавае… 

    Пазнаёміцца з бытам і традыцыямі розных народнасцей на нацыянальных падворках, альбо паўдзельнічаць ва ўпершыню арганізаваным турніры па традыцыйных для розных нацыянальнасцей спартыўных гульнях i забавах. На выбар – паўтара дзясятка незвычайных відаў спорту з нацыянальным каларытам: рынга, лапта, айс-ток, воркаут, амерыканскі футбол, дартс і іншыя. А колькі прыгожых падарункаў, у тым ліку аўтарскіх эксклюзіўных работ, і мілых драбніц можна было набыць на памяць аб Гродне ў “Горадзе майстроў”, што раскінуўся на плошчы Тызенгаўза! 

    Прыемна, што сярод гандляроў вылучаліся і зэльвенскія рамеснікі. Падворак раённага цэнтра рамёстваў прапанаваў пакупнікам гліняны посуд і дэкаратыўныя элементы, вырабы з саломы і паперы. Народны майстар Антаніна Пянцяк давала майстар-клас па ткацтве. 

    8307

    Добрую праграму без прыгожай песні і заліхвацкага танца не зробіш. На шматлікіх гарадскіх пляцоўках музычную і харэаграфіную асалоду гледачам на працягу двух дзён дарылі узорныя калектывы і выканаўцы. Сваю порцыю апладысментаў атрымаў і зэльвенскі народны ансамбль песні і музыкі “Весялуха”, які прымаў удзел у адкрытым конкурсе ансамбляў музыкі і песні. За папулярызацыю беларускай песні зэльвенскія артысты узнагароджаны дыпломам Міністэрства культуры.

    Ахапіць усе мерапрыемствы фестывалю было проста немагчыма – настолькі насычанай і разнастайнай была праграма. Але ацаніць лепшыя моманты свята усё ж атрымаецца: штогод вядомыя фотамайстры робяць неверагодныя здымкі народнага гуляння. Найбольш удалыя кадры становяцца экспанатамі на выставах, трапляюць у тэматычныя выданні. Вось і сёлета падчас фестывалю нацыянальных культур у Новым замку дзейнічала выстава членаў народнага фотаклуба “Гродна”, дзе былі адлюстраваны цікавейшыя эпізоды мінулага свята, у парку Жылібера быў арганізаваны фотазабор з хронікай 20-гадовай гісторыі фестывалю. Акрамя таго каля 270 здымкаў розных гадоў увайшлі у альбом “Летапіс Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур”. Яшчэ адно прэзентаванае выданне мела назву “Беларусь шматнацыянальная”.

    Фестываль – падзея надзвычай знакавая, заслужыўшая права стаць часткай гісторыі. Таму ў гродзенскай СШ№8 адкрыўся музей фестывалю нацыянальных культур. У музейным пакоі размясцілася больш за сотню экспанатаў, якія распавядаюць пра гісторыю зараджэння і развіцця фестывалю, яго галоўныя падзеі. Пад агульнай назвай «Народаў дружная сям’я» аб’яднана восем экспазіцый, прысвечаных беларусам, рускім, літоўцам, украінцам, французам, немцам і іншым народам. Цэнтральнае месца адведзена стэнду «Нас аб’ядноўвае Гродна», які адлюстроўвае этапы развіцця фестывалю нацыянальных культур.

    Адной з адметнасцей сёлетняга свята было тое, што ўпершыню яно праходзіла пад патранажам ЮНЕСКА. Безумоўна, гэта з’яўляецца вялікім гонарам для рэгіёна, сведчаннем вядомасці і прызнання фестывалю не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. А як жа інакш?! Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродна – свайго роду ідэальная мадэль свету, толькі ў паменшаным варыянце. Тут вы можаце ужывую ўбачыць, як мірна і дружна могуць жыць людзі розных нацыянальнасцей і канфесій. Унікальнае свята, сабраўшае пад бусліным крылом людей розных культур, традыцый, менталітэту! Людзей, што жывуць у агульным доме – Беларусі.

    Автор: Алеся ШумовичПраца
    Теги: 

Комментарии (0)