03 Мая, 2024 Пятница

Фестываль "Маладзечна-2016" - ад паэтычнага радка да фінальнага акорда

  • 14 июня 2016 Культура Беларуская 0

    Уладальнікам прыза імя Уладзіміра Мулявіна стаў Аляксандр Саванец, які прадстаўляў сталічны рэгіён. Усяго звыш 20 пачынаючых вакалістаў спрабавалі свае сілы ў конкурсе маладых  выканаўцаў у рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2016».

    На фестывалі выканаўцы спявалі пад фанаграму «-1» і ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Маэстра з’яўляўся старшынёй журы конкурсу маладых выканаўцаў.

    … Студэнт чацвёртага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Саванец на інтэрв’ю пагадзіўся толькі пасля таго як выканаў фінальную песню. І адразу шчыра прызнаўся, што разлічвае на перамогу. Сімвалічную хрустальную гітару спеваку ўручыла Святлана Мулявіна-Пенкіна, удава Мулявіна і кіраўнік музея, створанага ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску.

    — З іменем Мулявіна ў жыцці краіны і маім асабіста вельмі многае звязана. Безумоўна, гэты прыз – самы дарагі для мяне, — заўважыў малады артыст. – У час выступлення рабіў стаўку на эмоцыі і спяваў найперш для публікі.

    Ніна Жукоўская, якая выступала ад Мінска, і Марына Бараноўская з Віцебскай вобласці ўзнагароджаны  дыпломам ІІ ступені. Уладальнікамі дыпломаў ІІІ ступені сталі адразу трое канкурсантаў – Аляксандр Ласоўскі з Гомельшчыны, Ксенія Тайна (Бучылка) з Гродзеншчыны і Аляксандра Вітушкіна з Віцебшчыны.

    Крок да ўдасканалення зрабіла і маладзечанка Дзіяна Бажко, якая таксама прадстаўляла Мінскую вобласць. Выбар будучай прафесіі яна ўжо зрабіла і марыць звязаць свой лёс з творчасцю…

    Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2016» сёлета быў прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі, заснавальніка і мастацкага кіраўніка вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры».

    У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Ён павіншаваў прысутных з гэтай значнай для нашай краіны падзеяй і зачытаў прывітальны адрас ад Кіраўніка дзяржавы. На мерапрыемстве таксама прысутнічалі намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Віктар Сірэнка, прадстаўнікі мясцовых улад. Старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец быў адзначаны нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развiццё культуры Беларусi».

    «Песенная спадчына Уладзіміра Мулявіна»

    Тэматычную творчую праграму пад такой назвай прадставіў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Вядомыя артысты выканалі добра знаёмыя і крыху забытыя музычныя творы Песняра. Публіка шчыра вітала Наталлю Тамела, Руслана Мусвідаса, Таццяну Глазунову, Алесю Дзяржавец, Прыма-VERA, Валерыю Грыбусаву, Яўгенія Цымбаліста, Дзмітрыя Качароўскага і іншых салістаў аркестра. Імёны многіх з іх адкрыў конкурс маладых выканаўцаў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. У тым ліку і нашага земляка Аляксандра Салаўёва, які стаў уладальнікам Гран-пры ў 2009 годзе.

    У час канцэрта прагучалі шматлікія кампазіцыі з рэпертуару вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». Арганізатары прыдумалі трапнае відэааздабленне і прадэманстравалі дакументальныя матэрыялы, прысвечаныя дзейнасці Уладзіміра Мулявіна і яго калектыву. Гучнымі апладысментамі віталі заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь гітарыста Уладзіміра Ткачэнку, які шмат гадоў працаваў у складзе ансамбля «Песняры», а цяпер іграе ў аркестры пад кіраўніцтвам Фінберга. Музыкант падрыхтаваў сольны нумар і здзівіў публіку віртуозным выкананнем. Апафеозам свята стала неўміручая мулявінская «Малітва». Яна прагучала ў запісе зноў жа з выкарыстаннем відэараду. Гледачы стоячы падпявалі вялікаму Песняру.

    Фота застануцца ў Маладзечне

    Беларускі фотамайстар Юрый Іваноў падарыў нашаму гораду каля дваццаці здымкаў Уладзіміра Мулявіна. Іх можна ўбачыць у Палацы культуры на выстаўцы «Невядомыя фатаграфіі Уладзіміра Мулявіна», прымеркаванай да 75-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР.

    У зімовым садзе Палаца культуры сабралася нямала тых, хто добра ведаў кіраўніка «Песняроў». Сярод іх народны артыст СССР Ігар Лучанок. На адным са здымкаў Ігар Міхайлавіч і Уладзімір Георгіевіч, маладыя і поўныя сіл, абмяркоўваюць нейкія пытанні. Іх шматгадовае супрацоўніцтва было вельмі плённым – шмат цудоўных песень падарылі яны слухачам. «Усё гэта наша спадчына, наша памяць сэрца», — зазначыў кампазітар. Паэт Алесь Бадак прачытаў верш, прысвечаны Песняру. Журналістка і пісьменніца Людміла Крушынская расказала аб сваёй рабоце над кнігамі «Владимир Мулявин. Нота судьбы» і «Владимир Мулявин. «Сэрцам і думамі…».

    Чуллівым было выступленне ўдавы Святланы Мулявінай-Пенкінай, кіраўніка музея Уладзіміра Мулявіна, створанага пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Яна зазначыла, што ўпершыню за дзесяць гадоў існавання музея экспазіцыя перамясцілася з яго сцен. Гэта выстава стала выключэннем.

    Акрамя здымкаў наведвальнікі выстаўкі маглі пазнаёміцца і з асабістымі рэчамі Мулявіна з экспазіцыі музея пад назвай «Услада». Гэта тое, што прыносіла задавальненне музыканту ў рэдкія часы адпачынку: любімая кніга Яраслава Гашака «Похождения бравого солдата Швейка», люлька для курэння, іншыя рэчы, якія даюць уяўленне пра іх гаспадара, сведчаць пра тое, што нягледзячы на велізарную папулярнасць і высокія званні, ён быў звычайным чалавекам.

    Не забывайце цудоўных фестывальных дзён!

    Такое пажаданне адрасавалі гледачам са сцэны Летняга амфітэатра Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. Заключны канцэрт, як і іншыя мерапрыемствы, прайшоў пад знакам Года культуры і 75-годдзя з дня нараджэння стваральніка і кіраўніка ансамбля «Песняры» Уладзіміра Мулявіна. На першых фестывалях гучаў незабыўны голас Уладзіміра Георгіевіча, яго калектыў прэзентаваў у Маладзечне свае новыя праграмы. Мы помнім гэта. На жаль, цяпер Песняра можна пачуць толькі ў запісе… Але імпульс, які ён даў нашай эстрадзе, і сёння натхняе выканаўцаў, дапамагае ім больш смела ўключаць у рэпертуар беларускія песні. І яны выдатна ўспрымаюцца гледачамі: заключны канцэрт пацвердзіў гэта ў чарговы раз.

    Горача вітала публіка Ірыну Дарафееву, Іну Афанасьеву, Алёну Ланскую, вакальную групу «Чысты голас», Вольгу Вронскую, Вікторыю Алешка і многіх іншых артыстаў. Незвычайным атрымаўся сумесны нумар фальклорнага гурту «Палац» і ансамбля «Цернічка». Удала дапаўнялі нумары харэагра-

    фічныя пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага ансамбля танца, іншых калектываў, тэматычны відэарад.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО, Вячаслаў ТАБУЛІН.

    Автор: Некалькі аўтараўМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)