01 Мая, 2026 Пятница

Баск піша доктарскую дысертацыю па заходнепалескіх гаворках

  • 23 июня 2016 Культура Беларуская 0

    У адказ на пытанне пра тое, як захапіўся беларускай мовай, Крысціян усміхаецца і адказвае: «Гэта доўгая гісторыя». Упершыню ён трапіў у нашу краіну ў 2005 годзе, тады ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце вывучаў рускую мову. Калі ж ад сяброў пачуў беларускую, то адчуў неверагодную блізкасць да сваёй роднай мовы, баскскай. Гэта, а таксама пэўная экзатычнасць матэрыялу і падштурхнулі да бліжэйшага знаёмства.

    Потым быў курс беларускай мовы ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна, абарона магістарскай дысертацыі ў Іспаніі, а таксама рашэнне прысвяціць доктарскую менавіта заходнепалескім гаворкам. Як кажа сам малады даследчык, яго як лінгвіста цікавяць рэдкія з'явы, што не захаваліся ў афіцыйнай беларускай мове: адметныя рысы, якіх няма нават у суседніх славянскіх мовах. Ва Універсітэце Сурэя (Вялікабрытанія) Крысціян знайшоў куратара для будучай працы, а таксама фінансавую падтрымку. І цяпер у межах даследавання ён ладзіць экспедыцыі па Палессі.

    Моўнага бар'ера з палешукамі ў маладога даследчыка не існуе: ён выдатна размаўляе па-беларуску.

    Ужо працаваў у вёсках Жытча Пінскага раёна, Багданаўка, што на Лунінеччыне, Татар'я Драгічынскага раёна, а ў хуткім часе скіруецца на Століншчыну, у вёску Гарадная.

    — Палешукі — людзі досыць стрыманыя, — дзеліцца Крысціян. — Калі бачаць новага чалавека ў вёсцы, ды яшчэ і замежніка, гарадскога, з універсітэта, то не ведаюць, як сябе паводзіць. Будуць гаварыць па-руску ці пяройдуць на больш літаратурную беларускую. Для таго, каб пачуць сапраўдную палескую гаворку, трэба час і больш блізкае знаёмства з мясцовымі жыхарамі. Гэта не толькі тут, у Беларусі, так заўжды бывае. Калі выпраўляешся ў лінгвістычную экспедыцыю, будзь гатовы першыя два тыдні толькі назіраць і знаёміцца. Трэба хадзіць па вуліцах, заходзіць у краму, лазню, наведваць царкву, каб цябе бачылі мясцовыя жыхары і пачалі цікавіцца табой.

    Даследчыка ўразіла, што ў заходнепалескіх гаворках не заўсёды працуе агульны лінгвістычны закон эканоміі моўных сродкаў: адзін чалавек падчас гутаркі выкарыстоўвае розныя формы слова, якія па сутнасці абазначаюць адну і тую ж граматычную з'яву. Напрыклад, паляшук можа сказаць «магу», «можу», «мажу». Таксама тут захаваліся рысы старажытнага парнага ліку. Дарэчы, як заўважыў Крысціян, такія рэдкія формы ўжываюць толькі людзі, якія нарадзіліся да 1941 года.

    — Калі прыязджаю ў вёску, стараюся перадусім паглядзець, як жывуць людзі, якімі справамі займаюцца, каб знайсці агульныя тэмы для гутаркі, — зазначае малады даследчык. — Тут кіруюся прыкладам славутага антраполага Эванса-Прычарда. Ён неяк падчас экспедыцыі доўга не мог знайсці агульную мову з мясцовымі. Але пабачыў, што ў кожнага чалавека ёсць карова, і, каб паразумецца, набыў сабе карову! Калі палескія жанчыны дояць казу — і я з імі, мужчыны косяць — я таксама на лузе. Для гэтых людзей такі лад жыцця — частка іх сусвету, і тэму для размоў трэба шукаць менавіта так.

    Крысціяна Рансэра цікавяць не толькі граматычныя ўласцівасці гаворак, але і цэласныя тэксты, напрыклад, казкі.

    Але запісаць іх не заўсёды атрымліваецца: часам вяскоўцы саромеюцца распавядаць на камеру.

    — На гэты выпадак маю план «Б» — кніжкі-казкі, якія змяшчаюць толькі малюнкі, — усміхаецца Крысціян. — Іх паказваю палешукам і прашу расказаць гісторыю, што намалявана. З гумарам, досціпам. Бываюць такія выдатныя аповеды! Ды і мова чуецца жывая. А ў цэлым, трэба выкарыстоўваць розныя падыходы, больш прыслухоўвацца да таго, як людзі гамоняць паміж сабой, бо часам у інтэрв'ю кажуць адно, а падчас гутарак з вяскоўцамі гучаць іншыя словы.

    Дарэчы, Крысціян Рансэра — досыць шчодры даследчык. Ён ахвотна дзеліцца вынікамі сваіх росшукаў, відэаролікі з расповедамі палешукоў, фотаздымкі і вынікі сваіх назіранняў, некаторыя высновы размяшчае ў адмысловым блогу.

    Дарэчы

    Гісторыя мовы баскаў, народа, які жыве на памежжы паміж Іспаніяй і Францыяй, досыць падобна на лёс беларускай мовы. Калісьці гэтыя землі былі незалежнай краінай, што мела назву Каралеўства Навара. Тут ужо ў XVІ стагоддзі выйшаў пераклад Новага Запавета на баскскую мову. Раней, чым у суседняй Іспаніі, пачалася Рэфармацыя. Але потым пад іспанскім уціскам адбыўся заняпад мовы і культуры… Адраджэнне пачалося толькі з ХІХ стагоддзя, часу значнага індустрыяльнага росквіту рэгіёна. У 1920 годзе была створаная Акадэмія баскскай мовы. Але ў час рэжыму Франка баскская мова, народныя касцюмы і музычныя інструменты былі забароненыя. Толькі ў 1968 годзе, дзякуючы інтэлектуалам, якія жылі за мяжой, Акадэмія сабралася зноў, яе члены вырашылі за аснову афіцыйнай баскскай мовы, на якой сёння вядзецца навучанне ў школах і ўніверсітэтах, узяць цэнтральныя дыялекты Краіны Баскаў.

    vesіaluha@zvіazda.by

    Автор: Марына ВесялухаЗвязда

Комментарии (0)