18 Апреля, 2024 Четверг

Унікальны абрад, які мае глыбокі сакральны сэнс

  • 27 июня 2016 Культура Беларуская 0

    Вяселле з’яўляецца адным з самых старажытных абрадаў у традыцыях многіх народаў. Яно ўзнікла яшчэ ў феадальную эпоху на аснове традыцыйнага сямейнага быту. На працягу такога значнага часу многія старажытныя элементы былі страчаны, але галоўныя моманты захаваліся да нашых дзён. Менавіта пра іх і паведала першае фальклорнае свята “Традыцыйнае вяселле на Будакашалёўшчыне”, якое прайшло ў Чабатовіцкім цэнтры народнага быта.  

    Мерапрыемства, прымеркаванае да Года культуры, як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Вамбрыкаў, накіравана на захаванне, падтрымку, актуалізацыю і папулярызацыю рэгіянальнай і лакальнай традыцыйнай культурнай спадчыны Буда-Кашалёўскага раёна, выяўленне і вяртанне ў практыку разнастайных форм народнай культуры,  фарміраванне каштоўных арыенціраў і грамадскай думкі ў кірунку ўсведамлення значнасці традыцыйнага мастацтва ў сістэме культуры раёна.

    Само свята пачалося з сустрэчы двух сябровак, у адной з якіх сын вырашыў урэшце рэшт ажаніцца. А ўлічваючы, што другая з жанчын займаецца захаваннем народнага дабрабыту і традыцый, было вырашана звярнуцца да яе за дапамогай. Далей было прадэманстравана, як праводзіўся той ці іншы абрад вясельнага цыклу на розных тэрыторыях Будакашалёўшчыны. 

    Пачыналася ўсё са “Сватання”, якое прадэманстраваў гледачам творчы калектыў Крыўскага СДК. У госці прыходзіў сам жаніх са сватом ці бацькам, на месцы яго ўжо чакалі розныя стравы і дзяўчына з роднымі. Пасля добрых апавяданняў пра маладых іх садзілі разам і жадалі шчаслівага сумеснага жыцця. Асаблівасць у тым, што маці нявесты накідвалі хустку на плечы, а свату – ручнік.

    Пасля знаёмства ўсе госці былі запрошаны на пляцоўку, дзе праводзіўся абрад “Прымерванне кашулі”(прадэманстраваў творчы калектыў Уваравіцкага ГДК). Калі перакласці гэту традыцыю на сучасны лад, яе можна назваць дзявочнік. Але раней сяброўкі прыходзілі да хаты нявесты не з пустымі рукамі, а прыносілі розныя прыгожыя кашулі, і калі маладой спадабаецца адзін з убранняў, яго ўладальніца станавілася шаферкай на вяселлі. А яшчэ існавала павер’е – дзяўчына, у чыёй кашулі нявеста пойдзе пад вянец, таксама скора выйдзе замуж. Таксама гледачам давялося ўбачыць дэманстрацыю вясельных кашуль, у якіх выходзілі замуж бабулі з вёскі Чабатовічы. 

    Пасля прысутныя і сяброўкі пазнаёміліся са звычаямі зачынкі і выпечкі каравая (прадэманстравалі гаспадыні Буда Люшаўскі СДК). Нязменна да гэтага працэсу дапускалася толькі хросная маці нявесты, яна прасіла благаславення ў бацькоў маладой, пасля чаго добра вымывала рукі і твар, надзявала нацельны крыжык, чытала малітву і прыступала да працы. Спачатку пустую дзёжку перакрэшчвалі тры разы, а затым ў ёй рыхтавалася зачынка, якую замешвалі абавязкова драўлянай лыжкай па гадзіннай стрэлцы (ходу сонца). Калі зачынка была гатова, яе накрывалі ручніком і ставілі ў цёплае месца, дзе яна з цягам часу падыходзіла. Потым гатавалі сам каравай. 

    Адметнай рысай абраду з’яўлялася і тое, што печ тапілі толькі яловымі і бярозавымі дровамі, а каравай ставіўся пасля того, як з печы вымяталі ўвесь жар яловымі галінкамі.  

    Наступны этап – першы дзень вяселля, адметны такім абрадам як “Выкуп нявесты”, актуальны і па сённяшні дзень. Вельмі цікава і весела праводзіўся гэты абрад на тэрыторыі кашалёўскай зямлі ў вёсцы Шарыбаўка. Карагоды, спроба выдаць іншую дзяўчыну, кемлівасць каманды жаніха – усё гэта ярка прадэманстраваў калектыў Шарыбаўскага СДК.

    Як вядома, пасля выкупу нявесты маладыя адпраўляліся вянчацца, а бацькі і самыя старэйшыя заставаліся ў хаце рыхтавацца да іх сустрэчы. Канечне, у царкву трапіць не давялося, але на сустрэчы маладых, характэрнай для жыхароў вёскі Івольск, папрысутнічаць пашчасціла. Адметная рыса традыцыі – своеасаблівыя іспыты для жаніха і нявесты. Жаніху давалі маленькія жорны і зерне з якіх, трэба было намалоць мукі. Верылі, што чым больш перамелецца зерня, тым лепей будзе жыццё маладых. Нявесце потым перадавалі свежую намалочаную муку, каб яна спекла з яе мужу хлеб. Таксама маладым давалі адкусіць хлеба, у каго кавалак атрымліваўся больш, той, лічылася і будзе галоўным у будучай сям’і.

    Працягваючы абрадавыя дзеянні, характэрныя для першага дня вяселля, творчы калектыў Глазаўскага СДК прадставіў на ўвагу прысутнічым, дзяленне каравая ў вёсцы Глазаўка. Вельмі павесялілі ўдзельнікі абрада, асабліва радасна было за свата, якога, як і маладых, адорвалі рознымі “патрэбнымі” падарункамі: палена, каралі з баранкаў і іншыя.

    Напрыканцы вяселля, як і па сёняшні дзень, традыцыйна праводзіцца абрад “Здыманне вэлюма”. Вельмі ярка, і прыгожа прадэманстраваў яго творчы калектыў Камунараўскага Палаца культуры. На іх зямлі маладым давалі выпіць квасу і з’есці кавалак хлеба.

    Другі дзень вяселля на Будакашалёўшчыне адметны вельмі вясёлым звычаем – “Мыццё цёшчыных ног”. Госці з задавальненнем назіралі над тым, як новаспечаны зяць усімі сіламі залагоджваў маці сваёй жонкі. Памыў ногі цёшчы, а пасля ў падарунак прыпадносіў новыя туфлі, і, канечне, не абыходзіўся гэты абрад без традыцыйнай беларускай полечкі.

    Апошняе прадстаўленне падрыхтаванае творчым калектывам Губіцкага СДК, дало магчымасць гледачам назіраць як святкуецца трэцці дзень вяселля, у народзе якое называюць – “Куры”. Гэты час ніколі не абыходзіўся  без гумару, пажаданняў на шчасце і долю, і, канечне, смачнага навару з курэй. 

    Таксама госці мелі магчымасць ацаніць выстаўку вясельных аксэсуараў і караваяў Пянчынскага сельскага Дома культуры і Чабатовіцкага цэнтра народнага быту. Варта адзначыць, што на працягу ўсяго мерапрыемства ўдзельнікаў ацэньвала журы, і напрыканцы свята былі вызначаны пераможцы. Першае месца прысуджана Івольскаму СДК з часткай абрада “Сустрэча маладых”. Другое месца аддадзена Камунараўскаму Палацу культуры за частку абрада “Здыманне вэлюма”. Трэцяе месца прысуджана двум калектывам: Глазаўскаму СДК за частку абрада “Дзяленне каравая” і Уваравіцкаму ГДК за абрад “Прымерванне кашулі”. Астатнія ўдзельнікі заахвочаны падзякамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

    – Раней вяселле святкавалася больш за тыдзень. Спадзяемся, мерапрыемства, якое прайшло ўпершыню, стане адным з важных крокаў для пашырэння тэрытарыяльных прастораў, творчых намераў і, канечне, папулярызацыі святкавання вяселля ў народна-традыцыйным стылі, бо, як паказала свята усе падставы для гэтага ёсць, – адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Арцём Грышай .

    Автор: Раман ВЕЖНАВЕЦАвангард

Комментарии (0)