26 Апреля, 2024 Пятница

Заўтра на маладзёжным свяце "Дзень вышыванкі" прыме ўдзел Глыбоцкая дэлегацыя

  • 01 июля 2016 Культура Беларуская 0

    У Год культуры будзе закладзена новая традыцыя – правядзенне напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь маладзёжнага свята “Дзень вышыванкі”. Гэта сумесны праект Міністэрства культуры, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Мінскага гарвыканкама. На працягу ўсяго сённяшняга дня ў цэнтры ўвагі будуць вышыванкі – своеасаблівая  візітная картка беларусаў і  сімвал-абярэг нацыі.

    На творчым праекце-свяце, якое праходзіць ля Палаца спорту ў Мінску, разам з прадстаўнікамі Віцебскай вобласці прымае ўдзел і дэлегацыя з Глыбоцкага раёна.

    Напярэдадні ад’езду ў сталіцу сустрэліся з удзельнікам  маладзёжнага свята – першым сакратаром раённага камітэта “БРСМ” Элай Ждановіч.

    – Раскажыце, калі ласка, хто з глыбачан, акрамя вас, будзе задзейнічаны на мерапрыемстве?

    – Глыбоччыну будуць яшчэ прадстаўляць галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Працук, педагог-арганізатар цэнтра дзяцей і моладзі Анастасія Развадоўская, электраманцёр Глыбоцкіх электрасетак Ганна Баран, майстар па выцінанцы Глыбоцкага Дома рамёстваў Людміла Казіцкая.

    – Дзе можна будзе сустрэць глыбоцкую дэлегацыю на “Дні вышыванкі”?

    – На інтэрактыўнай  пляцоўцы – у 12.00 адкрыецца “Красуйся, горад майстроў!” Наша задача – наладзіць работу так, каб кожны наведвальнік, заглянуўшы да нас, атрымаў поўную інфармацыю пра Глыбоччыну. Па-першае, аформім выставу з вырабаў народнай творчасці, дзе пакажам нашы мясцовыя ручнікі і выцінанкі з раённага Дома рамёстваў, адметныя лялькі, створаныя ў цэнтры дзяцей і моладзі. Шкада, што нашы славутыя маляванкі не пакажам: майстар Святлана Скавырка ўдзельнічае ў іншым мерапрыемстве. 1 ліпеня яна разам з Віктарам Дудкевічам у Палацы Рэспублікі прадстаўляла наш рэгіён на інтэрактыўнай выставе “Скарбніца Беларусі”. Па-другое, сталічных і іншых гасцей будзем забаўляць нашымі мясцовымі народнымі гульнямі. Па-трэцяе, навучым іх выразаць выцінанкі – майстар-клас дасць Людміла Казіцкая. Патрабаванне арганізатараў, каб на кожным сувеніры быў вышыты наш мясцовы арнамент.

    – Значыць, глыбоцкія вышыванкі госці свята добра разгледзяць?

    – Так. А яшчэ пройдземся  з імі ў арт-парадзе “ Пад сцягам вышыванкі” разам з прадстаўнікамі з усіх абласцей. Дарэчы, глыбоцкі арнамент зойме сваё месца і ў калектыўным пано, якое будзе стварацца падчас акцыі “Гэта наша”. Справа ў тым, што мы загадзя даслалі, як і іншыя раёны, адлюстраванне ўзора-арнамента нашага рэгіёна, з якога стварылі пано Віцебскай вобласці. Спадзяёмся таксама, што глыбоцкая моладзь прыняла ўдзел у фотаконкурсе “Сэлфі & фота з вышыванкай”, вынікі якога падвядуць на свяце. Наогул, праграма “Дня вышыванкі” вельмі насычаная: конкурсы, дэфіле, рыцарскія турніры, канцэрты, дыскатэка…

    Не сумняваемся, што ўражанняў застанецца шмат – будзе яшчэ нагода зноў сустрэцца.

    Автор: Алена ХайноўскаяВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)