29 Марта, 2024 Пятница

Як вярнуць тэатральнаму мастацтву былую славу?

  • 04 июля 2016 Культура Беларуская 0

    Больш як тры з паловай дзесяцігоддзі народны артыст Беларусі Віктар МАНАЕЎ радуе гледачоў спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы выдатнай ігрой у розных ролях. Пранцысь Пустарэвіч у «Паўлінцы», Кручкоў у «Пінскай шляхце», Сорын у чэхаўскай «Чайцы»… Здаецца, гэты майстар можа прымераць на сябе абсалютна любую маску.  І не проста прымераць — пражыць у ёй адно маленькае жыццё даўжынёй у спектакль. Мы сустрэліся з Віктарам Сяргеевічам, каб пагутарыць пра цяжкасці, якія перажывае нацыянальны тэатр сёння, паразважаць пра глыбінную сутнасць прафесіі акцёра і падумаць пра магчымыя шляхі збліжэння публікі і тэатра.

    — Віктар Сяргеевіч, у сваім выступленні падчас Усебеларускага народнага сходу вы закранулі многія балючыя пытанні беларускага тэатра і айчыннай культуры ў цэлым. А як, на вашу думку, можна вярнуць людзей у тэатр?

    — Толькі якасцю. Каб людзі мелі патрэбу пайсці ў тэатр, трэба ім паказаць нешта новае. Для душы. Каб чалавек разумеў: калі ён сходзіць на спектакль, то даведаецца пра свет, пра сябе нешта новае.

    — Вы казалі і пра падтрымку нацыянальнага мастацтва, якой не хапае...

    — Так. Нацыянальнае мастацтва павінна падтрымлівацца на дзяржаўным узроўні. Наш тэатр заўсёды быў славуты. Але не ўсё так гладка, як хацелася б. Сёння тэатр імя Янкі Купалы без спонсарскай дапамогі не можа выехаць на гастролі. Нават па Беларусі. Раней мы месяцы два — два з паловай штогод былі на гастролях. Мы аб'ездзілі амаль увесь Савецкі Саюз. А вандроўкі па Беларусі — гэта святое. Мы паказвалі спектаклі ў абласных цэнтрах, раённых, нават у вёскі заязджалі.

    — І як там вас прымалі?

    — Выдатна! Мы ігралі «Паўлінку», беларускі вадэвіль «Ажаніцца — не журыцца». Для нас важна не толькі паказаць сябе, але і кантактаваць з людзьмі, якія працуюць на зямлі. Было радасна і прыемна з імі гутарыць. Ды і вярталіся з гастроляў паздаравелымі: нас частавалі свойскім малаком, яблыкамі, мы выдатна бавілі час. Тады былі бліжэй да гледачоў. Цяпер такога няма. Могуць сказаць, што сёння і няма патрэбы, што ёсць тэлебачанне, інтэрнэт. Але я ў гэта не веру, бо нішто не заменіць чалавечых стасункаў: вока ў вока, душа ў душу. Трэба, каб грамадства павярнулася ў бок культуры, імкнулася падтрымліваць у першую чаргу сваё, нацыянальнае. Сёння шмат «папсы», шмат так званых «зорак», якія запаланілі Мінск, Беларусь. У тэатр і білеты не такія дарагія ў параўнанні з канцэртным. Хочацца таксама, каб у дзяржаве было перагледжана стаўленне да культуры, каб Год культуры стаў Дзесяцігоддзем культуры. Бо калі не будзе мастацтва — не будзе і эканомікі. Духоўнае, матэрыяльнае вельмі цесна ўзаемазвязаны.

    — Але ж Купалаўскі тэатр ва ўсе часы карыстаўся папулярнасцю ў гледачоў...

    — Сапраўды, наш тэатр заўсёды поўны. Я не кажу пра суботнія вечары напрыканцы мая ці ў чэрвені-ліпені. Зразумела, што гэта час адпачынку. Трэба быць тэатральным вар'ятам, каб у спякоту хадзіць на спектаклі (смяецца). Мы не скардзімся на сваіх гледачоў. Але я кажу пра падтрымку таго, што з'яўляецца брэндам беларускай культуры. Адно з рашэнняў — ладзіць Дзень Беларусі не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой, каб найлепшыя, прэм'ерныя спектаклі маглі быць сыграныя на пляцоўках іншых краін свету. Замежнікі, якія ўжо былі на пастаноўках Купалаўскага, даюць высокую адзнаку нашаму мастацтву. Я сам два гады працаваў у Польшчы, у тэатры Варшавы мы ставілі «Пінскую шляхту», і гледачы вельмі добра адгукаліся пра акцёрскую школу, рэжысуру, сцэнаграфію. Нас называлі тэатрам сусветнага ўзроўню. Беларусы часта лічаць: сваё можна і не заўважаць, чужое заўсёды цікавейшае.

    — Наша публіка таксама з інтарэсам успрымае айчынныя праекты, якімі зацікавіліся за мяжой. Дык можа, сапраўды, прадстаўленне нашага тэтральнага мастацтва за мяжой павысіла б яго запатрабаванасць і ў Беларусі?

    — Так і ёсць. «Пінская шляхта», якую мы паказвалі ў Варшаве, стала адным з самых запатрабаваных спектакляў нашага тэатра. Бывае такое, што на яго нават цяжка патрапіць у Мінску.

    — Якія яшчэ спектаклі маглі б назваць брэндавымі?

    — Перадусім «Паўлінку», якая іграецца ў нашым тэатры сем дзесяцігоддзяў.

    — Дык, можа, час здзівіць публіку?

    — Дык здзіўляем! Мы час ад часу іграем новыя спектаклі. Цяпер тэатр распрацоўвае нацыянальную тэматыку. На афішах — і «Людзі на балоце» Івана Мележа, і «Дзве душы» Максіма Гарэцкага, і нават Адам Міцкевіч, якога раней у Беларусі не ставілі. Справа нават не ў праграмах. У нас трупа таленавітая, рэжысура моцная. Будзем далей працаваць.

    — А калі тэатру выйсці за сцены будынка, прадставіць сваё мастацтва на гарадскіх плошчах і вуліцах?

    — Такое можа быць. Падобная акцыя была б дарэчная падчас адкрыцця новага тэатральнага сезона. Добрая думка, яна недзе лунала ў паветры. Так робяць у многіх краінах. Але гэта толькі як аднаразовая акцыя, бо наша праца — на сцэне.

    — Вы самі за столькі гадоў столькі роляў выканалі. Якая з іх — самая знакавая і любімая?

    — Шмат было… У васьмідзясятых гадах я іграў Адуванчыка ў «Радавых» па п'есе Аляксея Дударава. Гэтая роля вельмі паўплывала на маё адчуванне тэатра, ансамбля, партнёра на сцэне. У «Тутэйшых» па п'есе Купалы амаль 16 гадоў іграў ролю Мікіты Зносака. Былі спектаклі, якія ішлі не так доўга на сцэне, але вельмі закранулі. Напрыклад, «Касцюмер» па п'есе англійскага драматурга Рональда Харвуда, дзе мы гралі з Мікалаем Яроменкам і Валянцінам Белахвосцікам. Гэты твор распавядае пра жыццё англійскага тэатра падчас вайны, ён меў шмат прыхільнікаў. Кручкова з «Пінскай шляхты» ў маім выкананні таксама палюбілі гледачы. А як яго не палюбіць, такога таленавітага і мілага? У «Сымоне-музыку» я іграў дзеда-жабрака, яго таксама вельмі любіў. Усе мае героі таленавітыя. Нават жабрак быў таленавітым, яму не столькі былі патрэбны грошы, як магчымасць сябе паказаць. Таксама помніцца камедыя «Вячэра з прыдуркам», дзе мы ігралі шмат гадоў з Сяргеем Жураўлём на рускай і беларускай мовах. Свайго персанажа Франсуа Піньёна з гэтага спектакля я таксама вельмі любіў. Герояў спектакляў іншым разам любіш за тое, што яны лепшыя за цябе самога. Разумееш: ты не такі шчыры, добры, як гэтыя героі, таму і цягнешся да іх.

    — Яны ж вас таксама нечаму вучаць, развіваюць?

    — Безумоўна. Гэта як у любові — узаемапранікненне. Любая справа, зробленая для людзей, з любоўю, будзе мець нейкі вынік. Як жа быць няўдзячным гледачу, які прыйшоў на спектакль нават у гарачае надвор'е і дае табе магчымасць атрымаць асалоду ад таго, што ты выбег на сцэну?

    — Я чытала шмат водгукаў гледачоў, уражаных вашай ігрой на сцэне. Той пасыл, што вы даяце ў залу, вяртаецца?

    — Так, вяртаецца нават больш, чым я аддаю. Любоў гледача адчуваецца, таму немагчыма іграць, нібы слізгаючы па паверхні. Калі выйшаў — трэба сябе аддаваць цалкам. Гэта як і ў жыцці. Любоў — гэта самаахвяраванне, ты не для сябе хочаш нешта забраць, а аддаць. Так і ў гэтым дзіўным мастацтве акцёра. Пісьменнік возьме ліст паперы, аловак — і ён ужо з іх дапамогай нешта творыць. Скульптар працуе з глінай. А акцёр з чым? Са сваёй душой, сэрцам, сабой самім.

    — Ёсць показка, што кожны акцёр марыць сыграць Гамлета. А ў вас якая роля мары?

    — Гамлета ўжо не хачу іграць. Я ўжо сівы, і па колеры валасоў хутчэй падыду на ролю Караля Ліра. Мы можам марыць пра многае, але будзе так, як павінна быць. Не ведаю, што важней — каб чалавек у тэатры плакаў ці смяяўся. Вялікая камедыйная актрыса Фаіна Ранеўская на пытанне «Вы ведаеце, што на вашых спектаклях людзі плачуць?» адказвала: «Так, ведаю. Хай плачуць. Можа, у жыцці будуць менш плакаць». У гэтым таксама вялікі сэнс мастацтва, тэатра. Перажыць, каб у жыцці гэтага не было. А яшчэ мастацтва робіць рэчаіснасцю тое, чаго мы не бачым. Вось як уявіць любоў, спагаду? А тэатр можа паказаць гэта. Каб нагадаць, што чалавеку патрэбен толькі чалавек, што душа пакутуе ў самоце, цягнецца да святла, да Бога.

    — Які твор беларускай літаратуры мог бы стаць выдатным спектаклем, якога не хапае на сцэне?

    — У нас на сцэне прайшла амаль уся класіка: Купала, Дунін-Марцінкевіч, Колас… Будзем чакаць новых п'ес. У нас сёння не так шмат людзей працуе ў галіне драматургіі. Хочацца, каб у новых п'есах закраналіся значныя тэмы не толькі ў сацыяльным, палітычным, эканамічным плане, каб яны здзіўлялі перадусім глыбінёю думкі, каб адкрывалі нешта новае для душы. Формай можа быць сучаснасць, класіка. Гэта ўсё вонкавыя ўмовы. Але размова ідзе пра чалавечую душу.

    vesіaluha@zvіazda.by

    Автор: Марына ВесялухаЗвязда

Комментарии (0)