26 Апреля, 2024 Пятница

Цэнтральнай раённай бібліятэцы вырашана прысвоіць імя Яна Чачота

  • 11 июля 2016 Культура Беларуская 0

    7 ліпеня споўнілася 220 год з дня нараджэння вядомага фалькларыста і паэта Яна Чачота. Дзякуючы ініцыятыве раённых бібліятэкараў, магчыма, знойдзены невядомы твор выдатнага дзеяча беларускай культуры.

    Шэраг акцый, якія цэнтральная раённая бібліятэка прысвяціла юбілею нашага славутага земляка, завяршыўся конкурсам выразнага чытання «Наталенне радзімай».

    У выніку першае, другое і трэцяе прызавыя месцы занялі адпаведна Анастасія Юркавец, Ганна-Марыя Пячко і Таццяна Сілівончык. Прыз сімпатый гледачоў атрымаў Іван Шылянкоў. А спецпрыз старшыні журы Міхаіл Вайцэховіч, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справам моладзі райвыканкама, уручыў Дане Петручэні.

    Астатніх удзельнікаў конкурсу дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Мілана Проніна заахвоціла дыпломамі. Прыняў удзел у конкурсе 31 прыхільнік кнігі, узрост канкурсантаў – ад 7 да 58 гадоў.

    З аднаго боку, акцыі раённай бібліятэкі сталі гімнам не толькі Яну Чачоту, але і ўсёй нашай багатай нацыянальнай культуры, з іншага – узнялі падчас моды на электронныя крыніцы статус друкаванага слова. Бібліятэкары адкрылі акенца, праз якое ўвесь свет бачны, – маецца на ўвазе не аперацыйная сістэма «Windows», а кніга – максімальна шырокаму колу жыхароў раёна. У рамках сямейных чытанняў у цэнтральную раённую бібліятэку завіталі нават будучыя чытачы – наведвальнікі мясцовага дзіцячага садка.

    Разам з маленькім Маркам на чытанні прыйшла яго бабуля Дар’я Жукоўская. Прафесія ў яе далёкая ад літаратуры – повар, апошнія 14 год перад пенсіяй жанчына працавала аператарам бройлернага цэха фабрыкі «Дружба», аднак з кнігай Дар’я Міхайлаўна сябруе даўно.

    Бібліятэку наведваю ажно з 1972 года, калі прыехала ў Новую Мыш маладой дзяўчынай. Выйшла замуж – і супруга запісала. Ён чытае дэтэктывы, я ж люблю лірыку, кнігі пра каханне, аднак і прыгодніцкія раманы мяне вабяць.

    – Як вам акцыя раённай бібліятэкі – сямейныя чытанні?

    – Было б добра сабраць за кнігай маю вялікую сям’ю, але гэта будзе цяжка.

    У Дар’і Жукоўскай трое дзяцей і сем унукаў, жывуць яны ў розных аграгарадках нашага краю.

    – А вось возьмем і збяром усіх вашых родных на сямейныя чытанні. На тое наша акцыя, каб аб’ядноўваць сем’і, – адгукаецца Ірына Томарава, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі.

    Маленькія госці бібліятэкі пачулі баладу «Мышанка», на стварэнне якой фалькларыста і паэта Чачота натхніла рамантычная легенда пра паходжанне назвы Новая Мыш. А яшчэ малышы ўбачылі персанальную выставу вучаніцы Жамчужненскай сярэдняй школы Ганны-Марыі Пячко. Няма такой кнігі, якая б не зацікавіла дзяўчыну.

    – Найбольш спадабалася мне кніга Кацярыны Вільмант «Секрет пустой квартиры». Усіх эмоцый не перадаць, але было класна! Калі ўбачыла: засталося прачытаць старонку, было вельмі шкада, што яна апошняя.

    Раз на тыдзень школьніца бярэ ў бібліятэцы тры кнігі – чытае хутка. Ганна-Марыя не толькі шмат чытае, але і спявае, танцуе, паспяхова ўдзельнічае ў алімпіядах па біялогіі і фізіцы, цікавіцца лепкай. Сваімі рукамі яна стварыла скульптуркі істот з беларускай міфалогіі, пра якіх даведалася з кніг.

    Звыш паўсотні старонак сшытка «Яну з Мышы», які раённая бібліятэка завяла з нагоды юбілея з дня нараджэння Чачота, каб захаваць мясцовы фальклор, ужо запоўненыя прыказкамі і прымаўкамі, народнымі песнямі. Жыхары Новай Мышы актыўна падтрымалі гэтую ідэю. Некаторыя іх запісы могуць стаць цікавым матэрыялам для даследчыкаў. Ірына Сапліца, напрыклад, расказала пра тое, што разам з ёю ў Літараўшчынскай школе вучыліся прапраўнукі Яна Чачота Вера і Антон. Нават агульны школьны фотаздымак маецца. Пакінула ў сшытку жыхарка Новай Мышы і два вершы, якія, мяркуе Ірына Сапліца, ніколі не былі надрукаваныя. Адзін з твораў, па яе словах, належыць Яну Чачоту, другі – не менш выдатнаму нашаму земляку Адаму Міцкевічу. Адкуль жа гэты эксклюзіў?

    Маці Ірыны Сапліцы Марыя Дмахоўская ўдзельнічала ў выступленнях народнага тэатра, які арганізавала ў сваім маёнтку ў Варончы пані Чарноцкая. Моладзь ездзіла па вёсках з канцэртамі, ставіла п’есы, спявала песні і чытала вершы. Шмат вершаў ведала Марыя Дмахоўская на памяць.

    – З 1949 года я стала запісваць песні і вершы, якія толькі дзе ўчула, – распавядае Ірына Сапліца. – Сярод іх верш, які, напэўна, не быў нідзе надрукаваны, «Ехаў я раз ад Кіяны» Яна Чачота. Можа, хто з сям’і Чачотаў таксама прымаў удзел у гэтых канцэртах?

    Наша зямлячка таксама сцвярджае, што Адам Міцкевіч падарыў сшытак са сваімі вершамі дальнім сваякам Дмахоўскім, якія жылі ў вёсцы Дашкі. Паэт заязджаў туды па дарозе ў Туганавічы. Маці Ірыны Сапліцы была сваячкай тых Дмахоўскіх і брала чытаць сшытак, два вершы вывучыла на памяць. Гэтак твор і дайшоў да Ірыны Сапліцы – а яна пераклала верш «От венца возвращались…» з польскай мовы на рускую. Што гэта за творы, ці сапраўды яны такія невядомыя, як сцвярджае жыхарка Новай Мышы, каму належаць на самой справе – выклік для вучоных.

    Што яшчэ жыхары нашага краю адрасуюць «Яну з Мышы»? Зараз сшытак вандруе па вёсках Баранавіцкага раёна, і можна толькі здагадвацца, на парозе якіх адкрыццяў мы стаім.

    На падвядзенні вынікаў конкурса «Наталенне радзімай» Міхаіл Вайцэховіч агучыў ідэю прысвоіць імя Яна Чачота цэнтральнай раённай бібліятэцы, якая працягнула справу фалькларыста. Зразумела, не такая гэта простая рэч –

    прысваенне вядомага імя раённай установе, каб трымаць катэгарычны тон, аднак можам меркаваць, што сам Ян Чачот наўрад ці быў бы супраць гэтага.

    Автор: Вiталь ГЕРЦАЎНаш край

Комментарии (0)