18 Апреля, 2024 Четверг

Лазовы вернісаж у маладзечанскім палацы

  • 12 июля 2016 Культура Беларуская 0

    У Палацы культуры адкрылася персанальная выстаўка майстра лозапляцення, члена Саюза майстроў народнай творчасці Генадзія Унукава, прымеркаваная да яго 80-годдзя.

    На экспазіцыі прадстаўлены вазы і свяцільні, кошыкі і хлебніцы, цукерачніцы і кветачніцы. Адметныя работы сведчаць, што майстэрства ператварылася ў сапраўднае мастацтва. Кожны выраб можна пазнаць па адметным аўтарскім почырку.

    У цёплай сяброўскай атмасферы народнага ўмельца віншавалі прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Палаца і ўстаноў культуры, сябры, радня. Усе гаварылі пра Генадзія Андрыянавіча як пра энергічнага, таленавітага чалавека, адданага любімай справе, які шчыра дзеліцца з іншымі сваім майстэрствам.

    Больш за дзесяць гадоў таму на грамадскіх пачатках у Палацы культуры Генадзій Унукаў стварыў клуб аматараў пляцення з лазы «Вербачка», аб’яднаў вакол сябе апантаных, натхнёных аднадумцаў. Многім майстрам адкрыў дарогу ў творчае жыццё, падрыхтаваў сабе дастойную змену, але і цяпер не адышоў ад любімай справы.

    Двойчы Генадзій Андрыянавіч быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Маладзечанскага райвыканкама «Талент» у намінацыі «Майстар года». Эксклюзіўныя вырабы «Вербачкі» выстаўляліся ў Палацы Рэспублікі, былі адзначаны на прэстыжных выстаўках і фестывалях народнай творчасці, а таксама за мяжой. Цяпер падрыхтавана цікавая экспазіцыя да міжнароднага фестывалю «Славянскі базар» у Віцебску. Вырабы з лазы можна назваць візіткай нашага краю.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Людміла ЦАР.Маладзечанская газета

Комментарии (0)