Тэатралізаваны парад-імправізацыя ў гонар 25-гадовага юбілею Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» адбыўся ў дзень яго адкрыцця, 14 ліпеня. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі творчых калектываў раёнаў Віцебшчыны, якія прымаюць у сябе фестывалі і святы міжнароднага і абласнога маштабаў. Быў прадстаўлены ў мнагатысячным шэсці і Гарадок, знакаміты святам народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору, прысвечаным К. Вераніцыну, «Гарадоцкі Парнас» і тым, што на яго галоўнай сцэне прапісаўся агляд-конкурс харэаграфічных калектываў «Прыдзвінскія карункі».
Пад бадзёры барабанны дробат зводнага аркестра барабаншчыц, са шматлікімі звонкімі духавымі аркестрамі ўдельнікі параду прайшлі ад плошчы Перамогі да Летняга амфітэатра. Кульмінацыяй шэсця стала тое, што да алеі сцягаў краін-удзельніц святочных і конкурсных мерапрыемстваў — сёлета іх ажно 45 — упершыню далучыўся сцяг фестывалю. Пачэснае права ўзняць яго было прадстаўлена ўладальніку гран-пры «Славянскага базара-2015» Дзімашу Кудайбергену з Казахстана.
— Старт фестывалю дадзены! — урачыста аб’явіла намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава і нагадала яго дэвіз. — Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення!
Якраз насупраць кафэ-клуба «Тэатральнае» развярнуўся наш панадворак, гучна названы «Гарадоцкім Парнасам». Ён будзе працаваць да 16 ліпеня. Сустракае яго наведвальнікаў сам палясоўшчык Тарас, разам з парнаскімі багамі ён прапаноўвае віцябчанам і гасцям горада сфатаграфавацца ля «заячай нары», ляснога куточка, аформленага чучаламі жывёлін і птушак супрацоўнікамі РГГА «БТПР». Гараджане разглядаюць «дзівоцтвы»: пеўня, курачак, перапёлак, індычку (менавіта яна выклікае найбольшую цікаўнасць) і звяртаюць увагу на прадукцыю Гарадоцкай птушкафабрыкі пад брэндам «Мара гурмана».
Пачаставацца свежапрыгатаванымі стравамі прапаноўваюць удзельніцы аматарскіх аб’яднанняў нацыянальнай кухні з Кабішча, Пальмінкі, Даўгаполля. Водар лунае ў паветры ад сашэ з лекавымі траўкамі. Дзеці стаяць у чарзе, каб работнікі цэнтральнай бібліятэкі намалявалі на іх тварыках і ручках прыгожыя малюнкі, самы папулярны з якіх — фестывальны васілёк. Ля бібліятэчнай выставы «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?» можна паспытаць шчасце ў латарэях і розыгрышах. Багатая на вырабы сувенірная лаўка Дома рамёстваў і фальклору. Тут жа яго супрацоўнікі праводзяць майстар-класы, на вачах у здзіўленай публікі робяць новыя вырабы. Звонка заліваюцца гармонікі…
— Гарадоччына творчая прыме ўдзел у шэрагу святаў-конкурсаў, што пройдуць у рамках юбілейнага «Славянскага базара», — расказвае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Каўрыга. — Сярод іх — свята-конкурс народнага майстэрства «Шыўкі майстэрства» з праграмай-прэзентацыяй і фотасесіяй традыцыйных народных строяў. 16 і 17 ліпеня адбудзецца свята-конкурс лозапляцення «Лазовы прут», у якім прыме ўдзел майстар Васіль Сіманковіч са сваім вучнем Аляксандрам Круцялёнкам. У конкурсе майстэрства культарганізатараў «Славянская казка» выступіць калектыў Пальмінскага СДК. Нам належыць пацвердзіць брэнд свайго раёна ў рамках прэзентацый тэматычных тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў. Фестывальныя дні абяцаюць быць гарачымі і насычанымі, запрашаем падтрымаць нас!
Фота аўтара.
Комментарии (0)