20 Апреля, 2024 Суббота

Таямніцы “Астрамечаўскага рукапісу”

  • 18 июля 2016 Культура Русский 0

    Не так даўно мне пашчасціла пазнаёміцца з доктарам філалагічных навук, прафесарам, ганаровым старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Адамам Восіпавічам Мальдзісам. Вядомы навуковец прыняў удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных да 500-годдзя Астрамечава. І хоць у гэтыя  мясціны ён завітаў упершыню, да іх ў Адама Восіпавіча  асаблівае стаўленне. Каля паўстагоддзя таму ён знайшоў помнік музычнай культуры XVII ст., а пасля дапамог даказаць яго астрамечаўскае паходжанне. Гутарка ідзе пра “Астрамечаўскі рукапіс”. Скарыстаўшыся выпадкам, не магла не даведацца з першых вуснаў пра падрабязнасці даследвання знакамітага рукапісу і тыя таямніцы, якія суправаджалі вяртанне яго на радзіму.

    – Адам Восіпавіч, як вядома, лісты з нотамі, якія сёння маюць назву  “Астрамечаўскі рукапіс”, былі выяўлены вамі пад вокладкай уніяцкага трэбніка. Раскажыце, калі ласка, пры якіх абставінах гэтае адкрыццё адбылося.

    – Гэта была мая першая навуковая камандзіроўка у Польшчу. У Кракаве, ва ўніверсітэце Ягелонскім, мне паказалі адну рэлігійную кніжку, на вокладцы якой было памечана, што яна з Астрамечаўскай царквы. Бібліятэкар папрасіла мяне ўдакладніць, ці ёсць такое месца на тэрыторыі Беларусі. Я адказаў, што павінен паглядзець гэта ў даведніках, але хутчэй усяго яно знаходзіцца  на Брэстчыне, дзе з’явілася ўнія. Аддаючы бібліятэкару трэбнік, я заўважыў, што ўнутры вокладцы ёсць нейкія рукапісныя паперкі. Напэўна, іх з-за непатрэбнасці выкарысталі як напаўняльнікі. Тады ж рабілі вокладкі як мага таўсцей. Я папрасіў у бібліятэкара дазволу дастаць лісты і пабачыць, што там. Але яна адказала, што гэта справа спецыяліста.

    Потым я забыў пра той выпадак, бо працаваў тады над XIX стагоддзем, ды і эпізодаў такіх многа сустракаецца ў час архіўных, бібліятэчных і музейных пошукаў. А тут раптам даведаўся: польскі музыказнаўца Ежы Голас расшыфраваў нотныя запісы з вынятага з вокладкі трэбніка рукапісу. Дарэчы, яго па месцу знаходжання назвалі Ягелонскім. На аснове некаторых твораў (а гэта была барочная музыка) ім была створана грампласцінка. Па маёй просьбе кракаўскія сябры даслалі яе мне.

    – Як творы з рукапісу зноў загучалі ў Беларусі?

    – Быў канцэрт барочнай музыкі ансамбля “Кантабіле” у зале Саюза пісьменнікаў, на якім я быў разам з Уладзімірам Караткевічам. Мы тады сябравалі з ім і жылі побач на вуліцы Веры Харужай (у Мінску. –Прым. рэд.), хадзілі разам на розныя мерапрыемствы, дык пайшлі і на гэты канцэрт. Гучала італьянскае барока, французскае, рускае…

    – А што беларускага барока не было? – пытае мяне Караткевіч.

    –  Чаму? Было. Я бачыў у Кракаве “Астрамечаўскі рукапіс” з нотамі, і нават заказаў грампласцінку.

    — Дык ідзі на сцэну і скажы  аб гэтым «Кантабiле».

    На перапынку я падыйшоў да артыстаў з прапановай. Кіраўнік ансамблю пытаецца ў мяне:

    – Няўжо ў Беларусi было свае барока?

    – А як жа яно прыйшло да Расіі? Пераскочыла? – адказваю я. – Калі ёсць ў Расіі, павінна быць і ў нас.

    Я распавёў аб рукапісу з Астрамечава, які давялося мне ўбачыць у Кракаве.

    Адчуўшы гэтую гісторыю, адзін з музыкантаў сказаў:

    — Хто ведае тое Астрамечава? Давайце будзем лічыць гэты сшытак полацкім, Полацк усе ведаюць.

    – Дык гэта жа будзе фальсіфікацыя, – запярэчыў я.

    – Ну тады мы не будзем выконваць, – паставілі ультыматум артысты.

    Згадзіцца з імі падштурхнуў мяне Караткевіч. “Ці важна, як будзе называцца, абы выконвалі музыку”, – пераканаў мяне пісьменнік.

    Неўзабаве “Полацкі сшытак” стаў на слыху. Пасля таго, як у аддзел рукапісаў нашай акадэмічнай бібліятэкі прыйшоў мікрафільм з музычнымі творамі, песні з рукапісу загучалі ў выкананні “Кантабіле” і  іншых калектываў і артыстаў. Выкарыстоўвалі “сшытак” і танцавальныя ансамблі.  Што вы думаеце, у XVII стагоддзе людзі не кахалі адзін аднога, не танцавалі і не спявалі?

    — Як атрымалася даказаць усім, што “Полацкі сшытак” зусім не полацкі, а астрамечаўскі?

    – На вокладцы ўніяцкага трэбніка выразна было напісана – Астрамечава. Не знайшоўшы ніякіх звестак аб Астрамечава на Полачынне, Ежы Голас прыйшоў да высновы, што гэты рукапіс мог з’явіцца на беларуска-польскім памежжы.  Прааналізаваўшы вадзяныя знакі на паперы рукапісу, ён заключыў, што трэбнік убачыў свет у перыяд паміж 1633 і 1650 гадамі, а сам рукапіс быў пераплецены не пазней 1680 года. Потым я знайшоў звесткі, што ў Астрамечава ў XVII стагодде была свая царква. А праз некаторы час да мяне звярнуўся Аляксей Сцяпанавіч Скакун, які і дапамог адваяваць гістарычную справядлівасць. Сёння я магу са стапрацэнтнай упэўненасцю сказаць, што знойдзены ў Кракаве рукапіс мае астрамечаўскае паходжанне.

    Гэта таксама падцверджана Акадэмiяй навук Беларусi.

    – Ці ёсць яшчэ ў “Астрамечаўскім рукапісу” таямніцы, якія чакаюць свайго раскрыцця?

    – Неабходна знайсці людзей, якія здалі ўніяцкі трэбнік у бібліятэку Ягелонскага ўніверсітэта, а паступіў  ён пасля вайны. Значыць, прывез яго нехта з тых, хто перасяляўся з  Брэстчыны ў Польшчу насуперак закону.  Хутчэй за ўсё, трэбнік яны прадалі за грошы, а так як гэта фінансавы дакумент, спісы з іх прозвішчамі павінны быць дзесьці ў бібліятэцы. Таксама трэба выдаць арыгінал рукапісу з нотамі. Але сярэднявяковые чарніла часам пераходзяць з аднаго боку на другі бок, і некаторыя ноты цяжка прачытваюцца. Значыць, трэба рабіць дадатковую ксеракопію ці  прыцягнуць нейкую іншую тэхніку. Я лічу, што для гонару Астрамечава і ўсёй Брэстчыны гэта неабходна зрабіць.

    Автор: Алеся ПашкевичЗаря над Бугом

Комментарии (0)