22 Мая, 2026 Пятница

На Глыбоччыне праходзяць святы вёсак

  • 18 июля 2016 Культура Беларуская 0

    А пачалося  яно са святочнай імшы ў касцёле Святой Тройцы. Затым па традыцыі госці каштавалі хлебны каравай і адкрывалі свята. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч расказала аб удзеле  прадстаўнікоў дэлегацыі Глыбоччыны ў рабоце  V Усебеларускага народнага сходу, аб пытаннях, на якія акцэнтаваў увагу Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, аб прыярытэтных накірунках дзейнасці, у ліку якіх была і застаецца сельскагаспадарчая вытворчасць.

    --Але пад ляжачы камень, як вядома, вада не цячэ. Дзяржаўную дапамогу, якая была і аказваецца цяпер вёсцы, сяльчане павінны выкарыстоўваць з максімальнай аддачай і не проста хадзіць на работу, а працаваць на вынік, які прыносіў бы плён і прыбытак. Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам трымаць наш дом, нашу вёсачку ў такім  чыстым прыгожым стане, як цяпер, толькі маладым рукам пад сілу  пераняць справу, пачатую вамі, паважаныя старажылы і рупліўцы, і годна яе прадаўжаць, праслаўляючы свой край, нашу Глыбоччыну, — гаварыла Галіна Уладзіміраўна. – Патэнцыял ёсць, мудрыя настаўнікі – сярод нас, маладое пакаленне  падрастае. Здароўя вам усім,  творчасці ў рабоце, аптымізму і радасці ў жыцці.

    Работнікі культуры і  настаўнікі Карабоўскай школы павіншавалі прысутных  песнямі. Вядучыя Наталля Турчыновіч і Ірына Баран згадвалі гісторыю вёскі Канстанцінава, яе ўчарашні дзень. На старонцы Памяці прыпыніліся, успомнілі пра вяскоўцаў Эдуарда Філіповіча, Аляксандра Мурзіча, Антона Філіповіча, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі ў радах змагароў. Хвілінай маўчання ўшанавалі тых, хто аддаў жыццё за наша мірнае сёння.

    На старонках кнігі – упрыгожаны працай і мудрасцю ўзрост: Алене Андрэевай і Гелене Кухарэўскай, самым старэйшым жыхаркам вёскі, сёлета споўнілася па 89 гадоў. Нялёгкае жыццё пражылі гэтыя жанчыны, але ў працы яны былі першымі  і ў захапленнях ткацтвам і вязаннем – лепшыя.

    Старасць і маладосць, як настаўнік з вучнем, заўсёды ідуць поруч. Падарунак, вялікую машынку, якая, магчыма, дапаможа  хлопчыку ў дарослым жыцці выбраць прафесію вадзіцеля, атрымаў самы маленькі жыхар вёскі Ягор Пучынскі.

    Асобны сказ быў на свяце пра сям’ю, міні-дзяржаву, якая мацуе краіну. Кажуць, што з кожным новым нараджэннем дзіцяці ў дом прыходзіць шчасце.  У дом Наталлі Супранёнак яно прыходзіла ажно пяць разоў! І няхай сабе дзеці  ўжо выраслі – для матулі яны па-ранейшаму самыя любімыя, наіўныя, добрыя і чаканыя ў бацькоўскім доме.

    Працоўная біяграфія Ірыны Філіповіч, Гелены Крывашэевай, Юзэфы Занямонец, Вацлавы Вышадкі, Марыі Бародзіч, Веры Філіповіч, Аліны Бервячонак, Станіславы Філіповіч цесна звязана з калгасам “XXII партз’езд”, дзе яны працавалі паляводамі. Пад дажджом і ў спёку не ведалі спакою іх мазолістыя рукі: буракі палолі, лён ірвалі, у цяпліцах  гародніну вырошчвалі. У сезон, бывала, без выхадных і святаў працавалі, бо інакш не маглі – сумленне не дазваляла.

    Напружаны працоўны рэжым быў і ў даярак, якія ўручную,  па тры разы  ў суткі, даілі кароў і не думалі, што калісьці  будуць  робатызаваныя фермы. Жывёлаводы Антаніна Касарэўская, Яўгенія Пачкоўская, Рамвальда Пачкоўская, Валерыя Таірава, Ірэна Манух, Яніна Кухарэўская, Францішка Гаркуш уставалі раненька, клаліся позна, мелі стабільна высокія надоі і  сваёй працай мацавалі калгасны дабрабыт. Іх праца і сёння ў пашане.

    Многія з дзяцей названых калгасніц працягнулі справу бацькоў і засталіся жыць на зямлі. Напрыклад, вёска Канстанцінава можа ганарыцца дынастыяй Пачкоўскіх-Прыедзеслайпа. Яўгенія Іосіфаўна – адна з багацейшых жанчын гэтай вёскі: у яе больш за 3 дзесяцігоддзі працоўнага стажу, 3 дзяцей, 8 унукаў і 9 праўнукаў. Прафесію механізатара выбраў сын Іван, які працуе трактарыстам у ААТ “Верхняе”. Больш за 20 гадоў спачатку ў калгасе “XXII партз’езд”, затым у ААТ “Канстанцінаў Двор” працавала  даяркай  дачка Яўгеніі Іосіфаўны Вацлава Адольфаўна. Жанчына ўручную даіла па 57-60 кароў, у 2009 годзе ад кожнай  мела па 7 тысяч 137 кілаграмаў малака. Пастаянна атрымлівала прэміі за высокія надоі і захаванасць статка. Была лаўрэатам Дошкі гонару гаспадаркі, двойчы – раённай. Неаднаразова ёй, як пераможцы спаборніцтва па дасягненні лепшых вынікаў па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, уручалі  граматы райвыканкама. Сёлетні год адметны для Вацлавы Адольфаўны: яна – юбілярка-пенсіянерка.  Справу маці працягвае сын Дзяніс Прыедзеслайпа, механізатар ААТ “Верхняе”.

    Спачатку трактарыстам, а пасля брыгадзірам працаваў у калгасе Данат Ігнацьевіч Барыла. Старанны працавіты мужчына, калі яго абралі старэйшынай вёскі, даказаў, што  і з грамадскай справай цудоўна спраўляецца: у 2013 годзе па выніках работы ён быў прызнаны лепшым старэйшынай раёна. Данат Ігнацьевіч і яго жонка Ірына Эдвардаўна – таксама заснавальнікі дынастыі. Іх малодшы сын Вадзім працуе трактарыстам, а нявестка – тэхнікам-асемянатарам. Сёлетні год для гэтай сям’і  тройчы юбілейны: 40 гадоў адзначае сын Вадзім, 45 – нявестка Аксана і 20-годдзе – унучка Дзіяна.

    Не абышлі ўвагай арганізатары свята Аляксандра Вышадку, Аляксандра Бервячонка, Вацлава Вышадку, Аляксея Крывашэева, якія былі сведкамі і ўдзельнікамі механізацыі вёскі і прафесіяналамі сваёй справы.

    Дзень сённяшні і будучае вёскі за  сем’ямі Валерыя і Вольгі Таіравых, Анатоля і Ніны Варганоў, Анатоля і Ванды Мяшко,  Сяргея і Марыі Касарэўскіх, Аляксандра і Ганны Вышадкаў, Юрыя і Марыі Вышадкаў, Сяргея і Алены Паповых, Леаніда і Таццяны Крэмісаў, Юрыя і Іны Пачкоўскіх, якія знайшлі шчасце на маленькай радзіме: абжыліся ў Канстанцінаве, выхоўваюць дзетак, займаюцца любімай справай.

    Песні і апладысменты гучалі ў адрас Ванды Мяшко, Іны Рэкуць, Ганны Пучынскай, Аляксандра Вышадкі, Івана Касарэўскага, Соф’і Хоміч, Аляксея Крывашэева і маленькай Паліны  Пачкоўскай, якія адзначылі свой  дзень нараджэння ў чэрвені; Ірыны Мінгалёвай, Ірыны Пачкоўскай і яе ўнука Андрэя, Марыі Гайдукоўскай, Івана Касарэўскага, Пятра Гаркуша, Віктара Прыедзеслайпа, у жыцці якіх  былі розныя па “важкасці” юбілейныя даты; а таксама Міхаіла і Марыі Гайдукоўскіх, Юрыя і Марыі Вышадкаў – іх сямейныя юбілеі перасягнулі мяжу ў паўчвэрць стагоддзя і сталі  лепшым пацвярджэннем моцы кахання.

    Героямі афіцыйнай цырымоніі ўзнагароджання сталі Вадзім Данатавіч і Наталля Паўлаўна Барылы, якія прызнаны пераможцамі ў конкурсе па добраўпарадкаванні, аб’яўленым напярэдадні правядзення свята. Падарункі і найлепшыя пажаданні ўручыў ім старшыня Карабоўскага сельскага Савета дэпутатаў Яўгеній Татун. Ушанавалі на свяце былога спецыяліста Карабоўскага сельсавета Ніну Аркадзьеўну Варган   і  былую паштальёнку Ірыну Пачкоўскую.

    Музычныя падарункі прысутным дарылі жаночая вакальная група Карабоўскага сельскага клуба, удзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Крынічанька” Глыбоцкага ГДК, салісты Наталля Барыла і Аксана Баброўская з Дзеркаўшчыны, Дзмітрый Януковіч, Ганна Фёдарава, Алена Шалак,  Ганна Чырвоная, а таксама вядомы і любімы ў вёсцы дуэт у складзе гарманіста Леаніда  Касарэўскага і салісткі, яго жонкі Наталлі.

    “Будзьце здаровы, у шчасці жывіце…” –  на такой добрай ноце пажадання закончылася свята.

    Автор: Галіна СутулаВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)