25 Апреля, 2024 Четверг

Наша гісторыя ў посудзе і цацках

  • 22 июля 2016 Культура Беларуская 0

    Калекцыя керамічных вырабаў — адна з самых вялікіх у фондах Мінскага абласнога краязнаўчага музея. Яна налічвае амаль паўтысячы экспанатаў. У свой час іх пачалі збіраць першыя работнікі нашага музея, якія ездзілі ў этнаграфічныя экспедыцыі па ўсёй Міншчыне.

    – Сярод экспанатаў вылучаюцца прадметы посуду і цацкі. Яны адлюстроўваюць быт народа, яго гісторыю, што асабліва важна для будучых пакаленняў, — гаворыць старшы навуковы супрацоўнік абласнога краязнаўчага музея Лідзія Курыловіч. — Часам посуд і цацкі з керамікі ў музей прыносілі маладзечанцы. У канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя калекцыя керамікі была папоўнена работамі сучасных аўтараў, якія імкнуліся перадаць у вырабах старажытны каларыт або, наадварот, унесці ўласныя штрыхі.

    Макотра — для маку, гляк — для квасу

    Вытворчасць керамічнага посуду пачалася з тых далёкіх часоў, калі з’явіўся ганчарны круг (Х стагоддзе), і хутка ператварылася ў сапраўднае мастацтва.

    — Па выглядзе посуду можна было даведацца пра дастатак у сям’і, — працягвае Лідзія Іванаўна. —

    Трэба заўважыць, што да нашых дзён захавалася надзвычай мала старадаўняга посуду, бо кераміка – матэрыял нетрывалы і лёгка б’ецца. У нашым музеі найстарэйшыя экзэмпляры належаць пасляваеннаму часу. Наогул, нямногія ведаюць, што даўней з гліны выраблялі паілкі для куранят, маслабойкі і нават рукамыйнікі. Асартымент быў значна шырэйшы за сучасны.    

    З даўніх часоў цэнтрамі керамічнай вытворчасці лічыліся прадпрыемствы ў Радашковічах, Івянцы і ў вёсцы Неманіца, што ў Барысаўскім раёне. І сёння там ёсць майстры, якія выкарыстоўваюць у сваёй рабоце старажытныя традыцыі і супрацоўнічаюць у гэтым кірунку з нашым музеем. Сярод іх Валерый Бусараў, Леанід Грыцкоў, сямейная дынастыя Пракаповічаў.

    Сучаснікі, мажліва, і не ведаюць аб тым, што раней іх продкі карысталіся спецыяльным гаршчком або латкай для прыгатавання ежы, у макотры церлі мак ці запякалі стравы ў печы, у гляку захоўвалі квас, гарэлку, алей, а ў спарышы насілі ежу ў поле… Гэтыя і многія іншыя віды посуду ёсць у краязнаўчым музеі. А па суседстве з імі на паліцах – наборы для вады, кавы, гарбаты, розных страў майстроў сучасных.

    — Трэба сказаць, што нашы продкі надавалі посуду сімвалічнае, абрадавае значэнне, — гаворыць старшы навуковы супрацоўнік. – Распаўсюджаным быў звычай разбівання глінянага посуду ў час хрэсьбін. Гасцям падавалі ў накрытым талеркай гаршчку спецыяльна звараную кашу. У талерку яны клалі грошы — нібыта «выкуплялі кашу». Потым кум павінен быў адным ударам разбіць гаршчок аб стол «на шчасце нованароджанаму», але так, каб каша не вывалілася на зямлю. А з дапамогай глінянага чарапка трэба было накарміць гасцей. У час засухі раней сяляне, калі прасілі ў нябёсаў дажджу, разбівалі гліняныя гаршчкі і кідалі чарапкі ў калодзеж. Розны посуд выкарыстоўваўся і для абрадавай варажбы. Дзяўчаты бралі міску, налівалі ў яе ваду і кідалі кавалачкі хлеба. Чый усплыве — тая хутка замуж пойдзе.

    Свістулька – за курынае яйка

    Асаблівую каштоўнасць уяўляюць старажытныя керамічныя цацкі, пераважна свістулькі. Знаўцы гісторыі сцвярджаюць, што, нягледзячы на далікатнасць матэрыялу, яны былі абсалютна небяспечныя для дзіцячых гульняў. А яшчэ мелі так званы асветніцкі характар. Справа ў тым, што майстры надавалі ім форму той ці іншай жывой істоты, і дзеці такім чынам маглі вывучаць жывёл і птушак. Таксама свістулькі выкарыстоўваліся як абярэгі. Выраблялі іх, дарэчы, хутка і ў вялікай колькасці, каб яны былі даступныя для ўсіх. Звычайна на рынку за адну свістульку давалі курынае яйка.

    Дзякуючы Міхаілу Ржэуцкаму (ганчару з вёскі Неманіца Барысаўскага раёна) у фондах нашага музея ёсць так званыя выставачныя свістулькі вялікіх форм. Дарэчы, майстар з’яўляецца аўтарам унікальнай кнігі, прысвечанай гісторыі старажытных цацак з керамікі.

    – Гэта адзін з самых цікавых, але сёння, на жаль, амаль самых забытых відаў беларускага народнага мастацтва. Як промысел ён практычна ўжо не існуе. Зрэдку адпаведныя экспанаты сустракаюцца на выстаўках. Між тым народная гліняная цацка — аснова для развіцця сучаснай мастацкай творчасці, — зазначае Лідзія Курыловіч.

    Найстарэйшых цацак, якія вяртаюць нас у Х стагоддзе (калі яны пачалі з’яўляцца), у Беларусі практычна няма. У нашым краязнаўчым музеі ёсць экзэмпляры пасляваенных часоў, а таксама зробленыя майстрамі ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя па старажытных традыцыях.

    Цікава, што раней у керамічнай вытворчасці працавалі пераважна мужчыны, жанчыны былі хіба толькі памочніцамі. Цяпер усё часцей сярод ганчароў можна сустрэць прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Мажліва, гэта наступны крок у развіцці народнага ганчарнага мастацтва…

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)