29 Марта, 2024 Пятница

Фарбы і дрэва: дуэт на ўсе часы

  • 22 июля 2016 Культура Беларуская 0

    Роспіс па дрэве… Гэта адно з самых старажытных рамёстваў. Упрыгожванне розных драўляных вырабаў каляровым роспісам шанавалася здаўна, а ў кожным доме было па некалькі размаляваных дошак або талерак.

    Сёння цікавасць да роспісу па дрэве расце, і ў рамках нашага праекта «Незабытыя рамёствы» мы расказваем пра чалавека, які захоплены адраджэннем гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і навучае яму дзяцей.

    У Рэкцянскім Доме рамёстваў з’явіліся размаляваныя дошкі, велікодныя яйкі, матрошкі і многае іншае. І ўсё – дзякуючы метадысту-майстру Ганне Бацюшковай (на здымку), якая працуе тут усяго пяты месяц.

    Ганна Кірэеўна не толькі займаецца любімай справай, але і вядзе гурткі малявання, працы ў тэхніцы пап’е-машэ, тэатральны і працуе як мастак-афарміцель. Як кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.

    Цягу да творчасці Ганна Кірэеўна адчула яшчэ ў дзяцінстве – выдатныя пейзажы, не маючы спецыяльнай адукацыі, малявала яе мама Ефрасіння Захараўна Будрэвіч. На іх былі створаны вобразы малой радзімы – вёска Парычы Светлагорскага раёна, рака Бярэзіна… Ганна Кірэеўна наведвала мастацкі гурток пры школе, а затым паступіла ў Кобрынскае тэхнічнае вучылішча № 156 народных мастацкіх промыслаў на спецыялізацыю «Роспіс па дрэве». Прыехала па размеркаванні на Жлобінскую фабрыку мастацкай інкрустацыі. Прапрацаваўшы тут два з паловай гады, выйшла замуж і паехала жыць у вёску Рэкта. Да гэтага рамяства жанчына больш не вярталася. Яна працавала і паштальёнам, і выхавальніцай, і цырульнікам, і педагогам дадатковай адукацыі ў школе. А калі ў Рэкцянскім Доме рамёстваў прапанавалі ўспомніць забытае – згадзілася і не шкадуе аб гэтым.

    Цяпер Ганна Кірэеўна распісвае серыю дошак па матывах беларускай песні «Касіў Ясь канюшыну», і ў яе вельмі шмат ідэй і планаў, якія хочацца ажыццявіць як мага хутчэй, каб папоўніць новымі экспанатамі музей Дома рамёстваў.

    Таццяна СКОБЕЛЕВА.

    Фота аўтара

    Автор: Таццяна СКОБЕЛЕВАНовы дзень

Комментарии (0)