20 Апреля, 2024 Суббота

Кроплі мастацкага дажджу

  • 28 июля 2016 Культура Беларуская 0

     У Капыльскім раённым краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы, арганізаванай па выніках V Міжнароднага пленэра ART-RAIN.

    На некаторых палотнах — Капыль. Вось Спаса-Узнясенскі храм: на карцінах народнага мастака Расіі Генадзя Намяроўскага і старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Анатоля Отчыка. Краявіды вёсачкі Калюгі прывабліваюць на палотнах кіраўніка Беларускага саюза мастакоў Рыгора Сітніцы, членаў Саюза мастакоў Расіі Алега Саўлова, Віктара Шумскага, Генадзя Русецкага, Аляксея Шкурата. Асобныя моманты летняй Капыльшчыны адлюстраваны ў творах заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Уродніча, заслужанага мастака Расіі Веры Самарынай, членаў Саюза мастакоў Расіі Святаслава Арайса, Івана Харчанкі, Аляксандра Доласава, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктара Нямцова.

    Ідэйным натхняльнікам і арганізатарам пленэра стаў намеснік старшыні секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў, старшы выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Глеб Отчык, які падчас адкрыцця выставы шчыра адзначыў:

    — З 2000 года мне пашчасціла наведаць больш за 40 міжнародных пленэраў і сімпозіумаў. Мноства жывапісных работ, цікавых праектаў, творчых адкрыццяў прадставіў я і мае калегі за межамі нашай краіны. Але хацелася б зрабіць гэта і дома. Вось і з’явілася ідэя міжнародных пленэраў АRТ-RAIN. Пленэры АRТ-RAIN з’яўляюцца рэгулярнымі і ўяўляюць сабой комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку і папулярызацыю прафесійнага выяўленчага мастацтва. Напрыклад, III Міжнародны пленэр АRТ-RAIN, прысвечаны 250-годдзю М.К. Агінскага, быў  праведзены  з  11  па  21  верасня  2015  года ў в. Наносы Мінскай вобласці. У пленэры бралі ўдзел мастакі Беларусі, Расіі, Украіны і Эстоніі. Дарэчы, АRТ-RAIN — у перакладзе азначае мастацкі дождж. І на карце на тых месцах, дзе адбываюцца пленэры, мы ставім кропелькі. Вось адна з такіх кропелек з’явілася і на Капылі. Па выніках пленэра мы выпусцілі каталог, у які ўвайшлі рэпрадукцыі карцін і інфармацыя пра мастака. Не магу не адзначыць і чалавека, дзякуючы якому адбыўся пленэр, — гэта прадпрымальнік з Гомельшчыны Леанід Клімовіч.

    — Нам вельмі прыемна, што мастакі з Расіі хадзілі па нашай, капыльскай, зямлі, малявалі яе краявіды, — бярэ слова дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова. — Дарэчы, наш край — радзіма такіх знакамітых мастакоў, як Віктар Розін, Уладзімір Пасюкевіч, Іван Грынюк.

    Тэма творчага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння прагучала і з вуснаў старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгора Сітніцы:

    — Лічу, што ні адзін маленькі гарадок не павінен заставацца ўбаку ад культурных падзей. Тым больш, што Капыль, як высветлілася, — старэйшы за Мінск. Дык чаму ён павінен быць абдзелены ўвагай мастакоў, пісьменнікаў? Мы наведалі Мір, Нясвіж і ўбачылі, што нашай культуры больш за 1000 гадоў. І калі прыехалі ў Капыль, даведаліся, што яму таксама больш за 1000 гадоў! І мы вельмі рады, што паўдзельнічалі ў гэтым пленэры. Творы, якія з’явіліся ў выніку яго, будуць вандраваць па розных мясцінах, і людзі ўбачаць і даведаюцца пра прыгажосць капыльскай зямлі.

    Падчас правядзення пленэра мастакі мелі магчымасць наведаць і пабачыць найбольш значныя мясціны нашага раёна: сядзібна-паркавы комплекс у Макранах, цэрквы ў Лешні і Кіявічах,  рэшткі храма ў Камсамольскай, вёскі Калюгу і Сунаі. І хоць, на жаль, не ўсе гістарычныя і культурныя каштоўнасці захаваліся ў добрым стане, госці засталіся задаволенымі: яны адчулі сапраўдную творчую і крыху загадкавую атмасферу Капыльшчыны.

    Благачынны цэркваў Капыльскай акругі айцец Сергій адзначыў, што некаторыя з мастакоў малявалі менавіта Спаса-Узнясенскую царкву, якая хутка адзначыць 150-годдзе.

    Кожны з мастакоў на памяць аб удзеле ў пленэры атрымаў Дыплом удзельніка, каталог і кнігу фотаздымкаў пра Беларусь.

    Слово гостям

    Народный художник России, член-корреспондент Российской академии художеств, профессор Геннадий НАМЕРОВСКИЙ:

    — Мы очень рады, что попали на Копыльщину. Как и все художники, мы собирали впечатления. Ведь когда мы смотрим на какую-либо вещь, мы видим и ощущаем ее историю. Мы все  абсолютно разные по своему характеру, поэтому и выбирали, и отражали свои взгляды очень индивидуально. Как получилось, решать вам.

    Фота аўтара

    Автор: Дзіяна ТКАЧЭНКАСлава працы

Комментарии (0)