06 Мая, 2024 Понедельник

У вёсцы Заронава працуе незвычайны музей

  • 01 августа 2016 Культура Беларуская 0

    У «Горадзе майстроў» на Славянскім базары сустрэла Людмілу Нікіціну, загадчыцу Заронаўскага музея, якому няма аналагаў у нашай краіне. «Усе грошы на кірмашы распусціла. Сабе толькі сукенку за 30 рублёў купіла, астатнія (больш як 300) пайшлі на экспанаты для музея...» Колькі ведаю Людмілу Канстанцінаўну, столькі захапляюся яе адданасцю сваёй справе. І думаю: вось бы кожнай вёсцы па такой Нікіцінай, дык сельскі турызм квітнеў бы!

     

    Мно­гія лю­дзі едуць у За­ро­на­ва зна­рок, каб па­зна­ё­міц­ца з Ні­кі­ці­най.

    Мно­гія лю­дзі едуць у За­ро­на­ва зна­рок, каб па­зна­ё­міц­ца з Ні­кі­ці­най.

     

    Слова за слова, разгаварыліся. Аказваецца Людміла Нікіціна зусім нядаўна выдала кнігу пра сваё Заронава ды заронаўцаў.

    — Зубы не ўставіла, а кнігу выдала (смяецца). «Мой любы край, маё Заронава» называецца. Нядаўна была прэзентацыя ў Віцебскай абласной бібліятэцы. Дык, не паверыце, цэлы багажнік легкавіка экспанатаў для музея адтуль вывезлі. Людзі ж прыходзілі не з пустымі рукамі. Ніна Сулецкая, якая раней таксама займалася турызмам, падарыла заплечнік 1968 года, які пабываў нават на Эльбрусе. Калекцыянер Вадзім Кузьмін прэзентаваў старую вагу, сакваяж, настольнік, дымакур пчаліны… Цікава, што сам ён — гарадскі хлопец, але яго бабуля з дзедам родам з нашага краю. І сам Вадзім прыкіпеў да Заронава ўсёй душой, клапоціцца пра музей — перадаў ужо больш за 2 тысячы экспанатаў.

    — Людміла Канстанцінаўна, выдаць кнігу — задавальненне?

    — Так, але дарагое. Сябры крыху дапамаглі. Добра, што і сярод выдаўцоў свае людзі ёсць: Алег Маладзечкін — выпускнік нашай Заронаўскай школы. Мая кніга прысвечана 30-годдзю нашага музея. Столькі ж я працую на ніве краязнаўства. Хацелася, каб тую гісторыю, што мне ўдалося раскапаць, седзячы ў архівах і размаўляючы з людзьмі (многіх з іх ужо няма на гэтым свеце), не прыйшлося камусьці зноў аднаўляць з чыстага ліста. Музей — гэта адно. І музеі закрываюцца. А кніжка ўжо будзе на векі вечныя. Недарэмна кажуць, што напісанае застаецца. Вы б ведалі, колькі мне званкоў, паведамленняў у інтэрнэце прыйшло з падзякамі. Людзі, якія з'ехалі з Заронава і жывуць далёка, просяць набыць для іх кнігу і як-небудзь перадаць.

    Ка­лек­цыя лап­цей.

    Ка­лек­цыя лап­цей.

     

    — Можна сказаць, што вы паставілі «помнік» свайму Заронаву...

    — Так. Другі. Першы — гэта (пераходзіць на вершаваныя радкі) «Наш заронаўскі музей, быццам рымскі Калізей. Наведвае яго народ, працуем плённа круглы год». Прычым многія не проста прыязджаюць на экскурсію, але і прывозяць экспанаты. Некаторыя прадметы ўнікальныя.

    На днях мне прынеслі ручнік, я такога ўзору не бачыла. Адразу ж даслала ў «Аднакласніках» Ніне Бабровіч — гэта наш спецыяліст па арнаментах. «Ніна Аляксандраўна, гляньце». У той вочы на лоб палезлі: «Дзе вы яго ўзялі?» — «Прынеслі людзі, — кажу. — Наша вёска Бліны, Заронаўскі сельсавет». Праўда, вёскі ўжо няма, але набожнік захаваўся. Цяпер Ніна Аляксандраўна разбіраецца, што гэта за ўзор.

    Наш музей ужо як культурна-адукацыйны цэнтр. Гэта не толькі «прыйшоў, паглядзеў эспанаты — пазахапляўся». Мы праводзім розныя мерапрыемствы: беларускія абрадавыя святы, творчыя сустрэчы. Заронаўцы ганарацца нашым музеем. Якія б госці да іх не прыехалі, абавязкова вядуць сюды.

    У пад­валь­чы­ку з ня­чыс­ці­ка­мі су­ма­ваць не да­вя­дзец­ца.

    У пад­валь­чы­ку з ня­чыс­ці­ка­мі су­ма­ваць не да­вя­дзец­ца.

     

    — Якімі сваімі адкрыццямі пра Заронава вы ганарыцеся больш за ўсё?

    — Больш за ўсё радуюся, калі знаходжу архіўныя дакументы, бо пачынаецца ўсё з чутак: баба бабе, а бабе чорт. У прыватнасці, удалося знайсці інфармацыю пра графа Забэлу, які валодаў зямлёю ў Заронаве. Людзі казалі, што ён быў надзвычай адукаваным. Разводзіў розныя расліны, смаўжоў (і сёння ад іх няма ратунку) (смяецца). Пакрышачку пачынаю дакументы даставаць, з аднаго-другога архіва. Гэты род заслугоўвае, каб іх помнілі ў Заронаве. Знайшла таксама дакументальнае пацверджанне, што мошчы Еўфрасінні Полацкай неслі праз нашу вёску… І што вернікі маліліся менавіта ў нашай царкве цэлую ноч. Удалося вярнуць з небыцця героя Аўстрыйскага фронту Георгія Іванавіча Арлова. А таксама зацвердзіць кнігу ганаровых грамадзян Заронаўскага сельсавета. У яе занеслі самых выдатных людзей нашага Заронава. Такога няма ў іншых рэгіёнах...

    На­вед­валь­ні­кі му­зея пры­нес­лі вось та­кі экс­пан­ат. Што гэ­та?  Мо­жа, чы­та­чы «Звяз­ды» пад­ка­жуць?

    На­вед­валь­ні­кі му­зея пры­нес­лі вось та­кі экс­пан­ат. Што гэ­та? Мо­жа, чы­та­чы «Звяз­ды» пад­ка­жуць?

     

    — Добра, што вас падтрымліваюць вашыя сямейнікі, інакш цяжка прыйшлося б...

    — Так, уся мая сям'я жыве музеем. Сын Станіслаў закончыў гістарычны факультэт і ўжо не першы год афіцыйна са мной працуе. Ён захвальнік музейных каштоўнасцяў. Нядаўна абнавіў гістарычную экспазіцыю. Я ж не гісторык, а філолаг, усё жыццё прапрацавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Ён жа падыходзіць да ўсяго як прафесіянал. А муж — куды ж дзенецца? (смяецца). Калі трэба што дапамагачы — дапамагае: і абкосіць вакол музея, і экспанаты адрамантуе. Акрамя таго, мой Пеця больш за 500 прадметаў з асабістых сямейных рэліквій перадаў у калекцыю. Дзе што знойдзе, таксама ўсё цягне ў музей.

    — Людміла Канстанцінаўна, за што вам так палюбілася Заронава? Наколькі ведаю, вы родам з Баранавіцкага раёна?

    — У Заронаве я з 1982 года. З маіх, лічы, 57 гадоў 34 я ўжо тут. Большая палова жыцця… Прыехала сюды і ўлюбілася ў Заронаўскі край, у заронаўцаў. Гісторыя тут найбагацейшая! Людзі цудоўныя! Менавіта яны і іх продкі стваралі гэтую гісторыю.

    Юны эк­скур­са­вод Мі­кі­та Шы­бе­ка па­каз­вае экс­па­нат, які яго сям'я па­да­ры­ла му­зею.

    Юны эк­скур­са­вод Мі­кі­та Шы­бе­ка па­каз­вае экс­па­нат, які яго сям'я па­да­ры­ла му­зею.

     

    На развітанне прашу Людмілу Нікіціну назваць пяць прычын, чаму варта завітаць у Заронава. «Каб пазнаёміцца з Нікіцінай(усміхаецца). А што, я не жартую, многія менавіта для гэтага едуць у Заронава». А яшчэ...

    5 «за», каб наведаць Заронава

    1. Унікальны музей «Гісторыя Заронаўскага края»

    Гэты музей жывы. Захацелі людзі — прымералі салдацкую форму, завялі патэфон… Да ўсяго можна дакранацца. Школьнай формы вельмі шмат. Нават на апошні званок яе дзецям выдаю. Я ўжо з ліку збілася, колькі тут экспанатаў (людзі вязуць і вязуць), але тое, што іх больш за 20 тысяч — гэта дакладна. У музеі можна ўбачыць рарытэтныя навагоднія цацкі, вышыванкі, гадзіннікі, самавары… Ад багацця экспанатаў проста вочы разбягаюцца. Наведаць музей можа кожны, трэба толькі напярэдадні свайго прыезду патэлефанаваць мне 8 (029) 247-46-71, каб я была на месцы.

    2. Падвальчык з нячысцікамі

    Толькі ў Заронаўскім музеі ёсць міфалагічная зала, у якой жывуць беларускія нячысцікі. Каго тут толькі няма: і Балотнік, і Баба Яга, і Русалка, і Лазнік, і Дамавік. Міфалагічных персанажаў, дарэчы, я не выдумала, а, працуючы над экспазіцыяй, арыентавалася на кнігу нашага земляка Мікалая Нікіфароўскага «Нячысцікі...». Нарадзіўся Нікіфароўскі ў вёсцы Вымна Віцебскага раёна.

    3. Мемарыял воінам-вызваліцелям, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

    Многія прыязджаюць у Заронава не толькі, каб падзівіцца на музей, але і каб наведаць воінскі мемарыял. Ля яго — брацкая магіла, у якой знайшлі вечны спачын больш за 9 тысяч воінаў. Мы з сынам штогод аднаўляем усё новыя імёны тых, хто доўгія гады лічыўся зніклым без вестак. Калі вы вырашыце наведаць вёску, абавязкова знайдзіце хвілінку, каб ля мемарыяла ўшанаваць памяць палеглых.

    4. Заронаўскае возера

    Гісторыя гэтага прыгожага возера налічвае мінімум 10 тысяч гадоў. Пра яго складзена шмат неверагодных гісторый. Узяць хоць бы легенду пра Напалеонаўскі «ўсух» — берагавы выступ у азёрную лінію. Паводле падання, праз возера адступалі войскі Напалеона і для гэтага ў самым неглыбокім яго месцы збудавалі пясчаны пераход. Праўда, да гісторыі гэтая легенда ніякага дачынення не мае. Якія тут войскі Напалеона маглі быць? Калі толькі заблудзіўся хто з французскіх салдацікаў (смяецца). Ёсць на беразе возера і яшчэ адно цікавае месца, якое мясцовыя жыхары празвалі Казінчык. Па легендзе калісьці тут вадзіліся велізарныя самы, якія аднойчы з'елі казу, што вырашыла папіць вады. Сёння самы ў возеры не водзяцца, а вось месца сваю назву захавала.

    5. Каменныя крыжы, якія растуць з-пад зямлі

    15 гадоў таму Заронава праславілася яшчэ і тым, што на старых мясцовых могілках проста з-пад зямлі пачалі «расці» каменныя крыжы. На думку мясцовых жыхароў, яны з'явіліся не выпадкова — бо выраслі там, дзе калісьці размяшчалася праваслаўная царква ў гонар святога Ануфрыя, закрытая ў гады савецкай улады і ўзарваная ў 1944-ым. Старажылы сцвярджаюць, што крыжы можна знайсці менавіта ў тым месцы, дзе знаходзіўся алтар і хавалі святароў. Шмат хто верыць, што калі прыкласціся да камянёў левай рукой і загадаць жаданне, то яно абавязкова збудзецца. Можа, хочаце праверыць?

    Надзея ДРЫНДРОЖЫК

    Автор: Надзея ДрындрожыкЗвязда

Комментарии (0)