23 Апреля, 2024 Вторник

Глыбоцкае свята з водарам вішнёвым

  • 02 августа 2016 Культура Беларуская 0

    Музыка, песні і непаўторны водар вішнёвых пірагоў на працягу апошняга і галоўнага дня чацвёртага “Вішнёвага фестывалю” даносіліся з вуліцы Леніна, дзе размясціліся падворкі сельсаветаў. Ужо з раніцы тут актыўна  рыхтаваліся да сустрэчы гасцей – адны ўпрыгожвалі свае імправізаваныя сядзібы, другія расстаўлялі на стол вішнёвыя прысмакі, трэція распяваліся…

    У афармленні падворкаў заўсёды ўдзельнічаюць дружныя калектывы практычна ўсіх арганізацый, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, – работнікі сельвыканкамаў, сельскай гаспадаркі, школ, устаноў культуры, а таксама прафсаюзныя пярвічкі. Усе яны маюць багаты вопыт у гэтай справе і ўмеюць здзіўляць. Здзівілі і на гэты раз!

    Паверце, дарагія чытачы, што нідзе і ніколі вы не ўбачыце і не пакаштуеце столькі вішнёвай смакаты, колькі было на падворках падчас “Вішнёвага фестывалю” ў Глыбокім. Пірожныя, булачкі, пірагі і піражкі, кексы, тарты, пячэнне, кампоты, варэнне і наліўка… Сталы “ламіліся” ад прысмакаў. І ўсе яны, канечне ж, былі з вішняй ці ўпрыгожаныя чырвонымі сакавітымі ягадкамі. Як у кожнай гаспадыні ёсць свае маленькія сакрэты і самыя смачныя стравы, якімі яна здзіўляе гасцей, так і ў кожным падворку стараліся  падрыхтаваць штосьці асаблівае, сваё. А фантазіі і творчасці сельскім жыхарам не займаць!

    Азярэцкі падворак нібы патанаў у белай квецені вішань. Тут можна было пакатацца на арэлях, паспяваць песні і, канечне ж, выпечкай пачаставацца. Добра падрыхтаваліся да сустрэчы гасцей у Залескім падворку – спяклі вялікі (некалькі кілаграмаў) торт. У Удзелаўскім падворку гасцей было – не злічыць. Іх сустракала абаяльная Вішнёвая каралева з маленькімі сяброўкамі Вішанькамі, і многія глыбачане, а найбольш госці нашага фестывалю, хацелі з каралевай сфатаграфавацца на памяць. Ставала і прысмакаў, і танцаў, і спеваў і ў другіх падворках. Усе гаспадары стараліся здзівіць журы арыгінальным афармленнем, гасціннасцю і багаццем страў з вішнямі.

    Члены журы ўсё агледзелі, пакаштавалі і вызначылі пераможцаў. Лепшымі падвор’ямі названыя: падвор’е Азярэцкага сельсавета – 1-е месца, Удзелаўскага сельсавета – другое месца, аб’яднанае падвор’е Псуеўскага, Празароцкага і Ломашаўскага сельсаветаў – на трэцім месцы.

    Што і сказаць, гасцінныя на Глыбоччыне людзі жывуць. Гаспадарлівыя, таленавітыя, здольныя здзіўляць не толькі творчасцю – танцамі і спевамі, але і кулінарным майстэрствам.

    Автор: Наталля БельскаяВеснік Глыбоччыны

Комментарии (0)