19 Апреля, 2024 Пятница

Аўтаклубы наведваюць глыбінкі, дзе жыхароў можна пералічыць па пальцах

  • 04 августа 2016 Культура Беларуская 0

    Ёсць у Беларусі ціхія вёскі. Не носіцца там па вуліцах з лямантам дзятва, не гуляе моладзь, не гучаць песні. І толькі паціху дажываюць свой век састарэлыя людзі, часта адзінокія. Нават цяжка паверыць, што там, дзе сёння ўсяго сем жыхароў, раней было больш чым сто двароў. Але час ад часу нават глухія вёскі ажываюць, сюды вяртаецца музыка. Калі ў маланаселеных пунктах немагчыма стварыць дамы культуры, гэта яшчэ не азначае, што тамтэйшыя бабулі і дзядулі будуць жыць без свята. Аўтаклубы наведваюць нават тыя глыбінкі, дзе жыхароў можна пералічыць па пальцах рукі.

    Мабільныя ўстановы культуры пачалі актыўна стварацца ў межах праграмы адраджэння і развіцця вёскі. Але не трэба лічыць аўтаклубы вынаходніцтвам нашага часу. І раней па Беларусі падарожнічалі падобныя ўстановы — жыхарам круцілі кіно, заезджыя артысты выступалі з канцэртамі… Сучасны клуб на колах можна параўнаць яшчэ і з сацыяльнай установай, бо адзінокім састарэлым людзям вельмі важна адчуваць увагу і падтрымку.

    — Усю ноч не засну, буду вас успамінаць і дзецям патэлефаную, скажу, што я не адна — дзялілася жанчына, у вёску якой заехалі артысты.

    І сапраўды такіх удзячных слухачоў, як у глыбінцы, яшчэ пашукаць трэба. Таму артысты ніколі не засмучаюцца, што працаваць даводзіцца ў палявых умовах і не такая ўжо вялікая ў іх публіка. Часам на лавачках і з дзясятак чалавек не набярэцца. Але песні будуць гучаць нават для аднаго-двух слухачоў.

    Часта падчас сустрэч, арганізаваных аўтаклубам Бярозаўскага раёна, не тое што жанчыны, мужчыны выціраюць слёзы. Дзякуюць за ўвагу, за клопат і нават за вяртанне ў маладосць, калі ў іх вёсках раней людзі с песнямі бавілі вясёлыя вечары.

    І сапраўды канцэрты аўтаклуба нагадваюць былыя пасядзелкі на прызбах. Вядома ж, у добрае надвор'е — усе выступленні на вуліцах, а ў непагадзь гледачы забіраюцца ў аўтобус, яго салон выступае адначасова і як сцэна для артыстаў, і як глядзельная зала. З аўтаклубам звычайна едзе невялікі калектыў, але гэтага хапае для 40 хвілін канцэрта.

    — Аўтаклуб разлічаны на абслугоўванне вёсак, дзе няма стацыянарных устаноў культуры, — расказвае загадчыца мабільнай установы культуры Бярозаўскага раёна Людміла Кісель. — У нас такіх 80, у 20 пражывае ад аднаго да дваццаці чалавек. У маланаселеных вёсках бываем пастаянна. Раз у год дык дакладна ўсіх наведваем. Адзінокіх людзей хоць нечым парадуем, словам добрым, песняй. Вой, як нас чакаюць!

    Людміла Васілеўна ў галіне культуры адпрацавала ўжо каля 40 гадоў, на пенсію збіралася, а тут прапанавалі заняцца аўтаклубам. І хоць спачатку падавалася гэта вельмі складанай работай, жанчына хутка асвоілася. Ужо знойдзены розныя формы работы, і аўтобус ПАЗ ніколі не прастойвае. У сярэднім за месяц работнікі клуба на колах праводзяць каля дваццаці розных мерапрыемстваў. Аўтаклуб укамплектаваны самай сучаснай гукаўзмацняльнай апаратурай. Таму ён можа ладзіць як выступленні з гармонікам, так і вялікія праграмы з фанаграмай.

    Аўтаклуб дае магчымасць самым розным калектывам і пра сябе заявіць, і з жыхарамі глыбінкі пазнаёміцца. Кожны раз з ім калясяць новыя артысты, прычым у такія паездкі выбіраюцца і дзеці. Так, упершыню ў раёне былі арганізаваны каталіцкія Калядкі. Школьнікаў, што ўдзельнічалі ў касцюміраваным свяце, бабулі абдымалі, цалавалі, дзякавалі, што хоць на нейкі час іх вёска ажыла, у яе вярнулася традыцыя.

    Каб людзям было зручна, аўтаклуб часта падстройваецца пад работу бібліобусаў, што вязуць людзям кніжкі (а на вёсках не так ужо мала народу любіць пачытаць). Людміла Васілеўна добра ведае графік аўталавак. Калі магазіны ў малых вёсках пазачыняліся, яны для месцічаў — святое. Збяруцца жыхары каля аўталавак, а тут і артысты падаспелі.

    Часам людзі бянтэжацца, што да іх столькі ўвагі, асабліва калі канцэрт даецца ўсяго для 4-5 слухачоў. Але хутка ўсе асвойваюцца, часам і прыпеўкі праспяваць просяць, бабулькі і ў скокі могуць пайсці, не супраць вяскоўцы і самі паспяваць ці расказаць што-небудзь карыснае.

    Ладзіць аўтаклуб і фальклорныя экспедыцыі. У час такіх падарожжаў спецыялісты запісваюць рэдкія беларускія словы, цікавыя песні, сакрэты, звязаныя з рамёствам, абрадамі. Вясковыя жанчыны перадалі інструменты, звязаныя з валяннем, расказалі пра старыя тэхналогіі, падарылі экспанаты для музея, маўляў, «нас не будзе, то прападэ».

    — У нас багата цудоўных людзей. Мы ездзілі віншаваць з 95-годдзем жанчыну (адна з місій аўтаклуба не пакідаць без увагі юбіляраў). Дык у яе столькі запісалі замоў і казак, ды ўсё гэта на дыялекце. У нашым раёне вельмі цікавая гаворка. Пра нашыя спораўскія жарты многа хто ўжо ведае, але ёсць у нас і спораўскі слоўнік...

    «Калі вы не можаце прыехаць да нас, мы паедзем да вас», — вырашылі ў Бярозаўскім раёне і запусцілі праграму «Бюро радасці». Цяпер ніхто са старажылаў не застанецца без увагі, бо іх наведаюць дома. Ларыса Васілеўна расказвае, што многіх жыхароў ужо добра ведае, тэлефануе ім.

    Калі ў вёсцы ёсць нямоглыя людзі, якім і некалькі крокаў зрабіць праблема, артысты выступаюць у іх двары, туды ж і астатнія вяскоўцы падцягваюцца. Цяжка нават уявіць, якое гэта свята для такіх людзей.

    Пачаў аўтаклуб ладзіць падарожжы і на хутары.

    — Неяк з сынам блукалі па лесе, бачу сцежку і цікаўлюся, ці не прывядзе яна да каго-небудзь, — расказвае загадчыца аўтаклуба. — Сапраўды прыйшлі да маленькага дамка, у двары курачкі ходзяць. І тут бабулька жыве адна-адзінюткая. Маленькая, далікатная, ёй больш за 90 гадоў. Па яе словах, яна тут з дзяцінства, ніколі нікуды не з'язджала. Вось я і падумала, як мне яе парадаваць. Пазней заехалі сюды з аўтаклубам на Каляды.

    Людміла Васільеўна паказвае здымкі — завялася такая традыцыя фіксаваць гісторыю аўтаклуба: «Гэта мы да аднаго з хутароў дабіраліся. Зіма была, аўтобус далей ехаць не мог, і мы ішлі пешшу...»

    Сапраўды, да многіх хутароў не так ужо проста дабрацца, часам даводзілася камандзе аўтаклуба намотваць пешшу не адзін кіламетр, прабірацца праз падталыя палі і глухія лясныя сцежкі.

    З аўтаклубам падарожнічаюць не толькі артысты, але і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, старшыні сельсаветаў. Вядома ж, сумесная праца дапамагае зрабіць такія сустрэчы яшчэ і карыснымі.

    Автор: Алена ДзядзюляЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)