05 Июля, 2026 Воскресенье

І пояс, вышыты ўзорам…

  • 08 августа 2016 Культура Беларуская 0

    Паясы ў беларускай традыцыйнай культуры займаюць адно з самых пачэсных месцаў. Без іх цяжка ўявіць народны касцюм і апісанні старадаўняга побыту, звычаяў і абрадаў. Майстрыхі мінулых гадоў распрацавлі разнастайныя тэхнікі і ўзоры, якія прайшлі праз тысячагоддзі і захаваліся да нашых дзён. Гэта рамяство заўсёды прыцягвае ўвагу і захапляе нераўнадушных да народных традыцый людзей.  

    Найбольш ярка практычнае прызначэнне пояса выступала ў мужчынскім касцюме. Поясам абавязкова падпяразвалася кашуля, якая насілася навыпуск. Лічылася верхам непрыстойнасці для мужчыны выйсці з дому непадпяразаным. Існавала народнае павер’е аб тым, што падпяразаны чалавек мае абарону ад злых духаў. Пояс мужчыны насілі і з верхнім адзеннем. Шчыльна прыціснутае поясам адзенне надзейна захоўвала так неабходнае ў халодную пару года цяпло. Пояс выкарыстоўваўся і для таго, каб мацаваць на ім розныя патрэбныя ў паўсядзённым ужытку рэчы: крэсіва, ключы і інш. Ідучы на працу, за пояс затыкалі сякеру, рукавіцы.

    Ужыванне пояса ў жаночым касцюме таксама было даволі разнастайным. Пояс прышываўся да паяснога адзення, замацоўваючы край спадніцы ці андарака. Свабодныя канцы прышытага пояса выконвалі пры гэтым ролю засцежкі. Калі канцы былі доўгія, то, перш чым завязаць, пояс абкручвалі вакол стану. На вузенькіх, павязаных на таліі паясках жанчыны насілі розныя прадметы, напрыклад, ключы ад скрыні. Выкарыстоў-валі жанчыны пояс і з верхнім   адзеннем.

    Пояс насілі і дзеці. Зусім маленькія, гадоў да двух-трох, маглі хадзіць у адных кашульках. З узростам наяўнасць пояса ў дзіцячым касцюме паступова станавілася больш абавязковай.

    Практычнае ўжыванне пояса як у жаночым, так і ў мужчынскім традыцыйным касцюме спалучалася з функцыяй упрыгожання. Святочныя паясы ў параў-нанні з тымі, якія насілі кожны дзень, звычайна былі шырэйшыя, мелі больш прыгожыя ўзоры, а таксама з выдумкай аздобленыя канцы.

    Самае шырокае прымяненне  знаходзілі паясы ў паўсядзённым побыце. Вузкія паяскі мацавалі да самых розных прадметаў, якія служылі для пераноскі чаго-небудзь: саламяных сявенек, каробак, збанкоў. Паясы прышывалі ці прывязвалі да палатняных торбаў. На пояс вешалі ключ ад хаты. У 1940-1950-х гадах у вёсках Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці рамяство вырабу паясоў выкарыстоўвалі пры вытворчасці абутку: ткалі пасачкі для басаножак на драўлянай падэшве.

    Сярод традыцыйных абрадаў, у якіх найбольш разнастайна выкарыстоўваліся паясы, было вяселле. У вясельным абрадзе пояс выконваў ролю шматзначнага сімвала. Найперш ён сімвалізаваў ідэю аб’яднання, устанаўлення сваяцкіх адносін і трывалых сувязей. У перадвясельнай абраднасці выразна праяўлялася сімволіка пояса як шляху, дарогі, што вядзе маладых да шлюбу. Перад выездам да вянца маладую з маладым, якія разам з дружынай трымаліся за пояс, абводзілі вакол стала тры разы. На наступных этапах вяселля пояс выступаў у якасці сімвала паяднання, злучэння. Пры вянчанні рукі маладой і маладога звязвалі ручніком і поясам, што адпавядае пазнейшаму звычаю абмену пярсцёнкамі. У царкве або касцёле пояс расцілалі па ручніку-“падножніку”, на які станавіліся маладыя. У Лідскім раёне Гродзенскай вобласці пры вянчанні ў храме, калі святар тры разы абводзіў маладых вакол аналоя, маладая старалася цягнуць за сабой ручнік і пояс з тым, каб яе сяброўкі хутчэй пайшлі замуж. З той жа мэтай у Навагрудскім раёне маладая пасля вянчання ўваходзіла ў хату маладога са ўсёй сваёй дружынай, і ўсе яны трымаліся за пояс.

    Калі прыходзілі сваты, дзяўчына сярод іншых падарункаў раздавала прыйшоўшым і паясы. У знак згоды на шлюб трэба было завязаць пояс на бутэльку з жытам, якую папярэдне абкручвалі палатном сваёй работы, пасля – рушніком ці хусткай. Зверху завязваўся пояс.

    Напярэдадні вяселля заручоная дзяўчына перадавала свату для маладога пояс разам з сарочкай і штанамі. Поясам падпяразваліся маладыя, калі вянчаліся.

    Пояс на вяселлі разам з палатном, ручнікамі і наміткамі, вышыванымі кашулямі быў каштоўным падарункам. Галоўным асобам на вяселлі традыцыйна дарыліся паясы чырвоныя ці з пераважаннем чырвонага колеру. У пазнейшыя часы яны маглі быць рознакаляровымі, але абавязкова прыгожымі, адмыслова арнаментаванымі і дасканалымі па выкананні. Прыгожы чырвоны пояс вылучаў галоўных асоб на вяселлі, падкрэсліваў іх ганаровы статус.

    Раздаючы паясы ў розныя моманты вяселля, маладая сімвалічна здабывала сабе адпаведнае месца ў новым сацыяльным калектыве – у сям’і, родзе яе мужа. Акрамя жа-ніха, пояс у якасці падарунка ад маладой атрымлівалі ўсе бліжэйшыя сваякі з боку маладога. Прычым у першую чаргу паясы ад маладой атрымлівалі мужчыны і хлопчыкі. Абавязкова пояс-падарунак маладая давала свату і свацці. Яны атрымлівалі паясы ад нявесты яшчэ на заручынах.

    На завяршаючай стадыі вяселля, у абрадавых “іспытах”, маладая павінна была адзначыць паясамі ўсе найбольш значныя месцы новай для яе гаспадарчай прасторы. На другі дзень пасля вяселля маладая пакідала паясы на дзяжы, чапяле, патэльні, даёнцы, прасніцы, начоўках, на печы і дровах. Ідучы першы раз па ваду, па-кідала пояс на калодзежы, вешала на вочап, на каромысел, на вароты.

    Паясы, якія пакідала маладая, лічыліся шчаслівымі. Нярэдка вяскоўцы спецыяльна чакалі, калі маладая пакіне пояс на калодзежы, спаборнічалі, каб заняць яго першым – у асноўным гэта было забавай дзяцей і падлеткаў.

    З сімвалічным падтэкстам выкарыстоў-ваўся пояс у самых розных жыццёвых сітуацыях. Маладуха, ідучы першы раз у замужнім стане на жніво, першы зжаты сноп абвязвала поясам, потым гэты пояс аддавала ў падарунак свякрыві. Поясам абвязвалі зажыначны сноп, які пасля ставілі на покуці.

    Важнае месца адводзілася поясу ў радзінным абрадзе. У некаторых месцах жанчыны абавязкова насілі пояс падчас цяжарнасці. Пры цяжкіх родах расцілалі пояс і змушалі парадзіху пераступіцьь цераз яго. Бабка-павітуха павінна была прынесці з сабой палатно і пояс для спавівання немаўляці. Спавіванню дзіцяці поясам надавалася значэнне своеасаблівага блаславення. Калі дзяўчына ў сталым узросце доўга не ішла замуж, то казалі, што бабуля “пояса не прынесла”. Калі ў шэсць тыдняў дзіця неслі хрысціць, поясам перавязвалі складзеную на рог падушку.

    Не абыходзіліся без пояса і ў пахавальным абрадзе. Яго клалі ўпоперак труны так, каб канцы звешваліся па баках. Існавалі розныя павер’і пра тое, што нябожчык на тым свеце на нейкай кладачцы пакіне гэты пояс. Альбо калі чалавек будзе ўставаць на Страшны суд, то будзе трымацца за пояс. У вёсцы Неглюбка жанчын хавалі ў поўным касцюме з панёвай і поясам. Вузел на поясе не завязвалі, як гэта рабілася пры жыцці, а толькі абкручвалі вакол стана. Развязаны пояс сімвалізаваў размыканне жыццёвага кола, разам з тым ён, ахопліваючы стан, надзейна абараняў памерлага чалавека ў замагільным свеце.

    Автор: Ю. ДашкевичВеснік Чэрыкаўшчыны
    Теги: 

Комментарии (0)