26 Апреля, 2024 Пятница

На Глыбоччыне праходзяць святы вёсак

  • 08 августа 2016 Культура Беларуская 0

    Пра тое, што культурнае жыццё ў Чарневічах ажыло, што талентаў тут лічыць — не злічыць, у “ВГ” мы згадвалі неаднойчы, адзначаючы пры гэтым адметныя арганізатарскія здольнасці загадчыцы новага сельскага Дома культуры Раісы Пустыннікавай і мастацкага кіраўніка Валянціны Арэхавай. І вось надарылася цудоўная магчымасць на свае вочы пабачыць, як спяваюць, як танцуюць, як ладзяць свае святы  вяскоўцы.

    Чарневічы не проста кропка на карце, гэта вельмі прыгожая вёска, у якой жывуць прыгожыя і шчырыя людзі. У апошнія гады яна дзіўна пахарашэла, і кожны, хто едзе па чарневіцкай вуліцы да крынічкі Святога Яна – а едуць сюды па цудадзейную ваду з усяго свету — гаворыць пра гэта. З гэтых мясцін выйшлі на шырокія прасторы жыцця  военачальнік Палікарп Пугачэўскі, навуковец Здзіслаў Бельскі,  заслужаная настаўніца Беларусі, чалавек года Віцебшчыны Лізавета Дзмітрыева, паэтка і літаратурны крытык Тамара Чабан, паэт Уладзімір Куц… Чарневіцкая зямля сапраўды шчодрая на таленты, асабліва – на паэтычныя. Здаецца, не так даўно друкавалі мы на старонках газеты вершы выпускніцы Чарневіцкай СШ Ірыны Бельскай (Ірына  здорава заявіць пра сябе і на рэспубліканскім узроўні), а сёння сваю родную старонку праслаўляе ўжо ў паэтычных радках юная Кацярына Ганебная.  На свяце вёскі дзяўчынка праявіла сябе як таленавітая вядучая і не менш таленавітая аўтарка.  Калі ж пачуў, як душэўна прачытала вялікі верш Янкі Купалы  86-гадовая Ерэна Юльянаўна Сямчонак, то ўпэўніўся: усе жыхары Чарневіч жывуць паэзіяй, вось чаму яны такія прыгожыя, ветлівыя, шчырыя.

    Урэшце і само свята атрымалася прыгожым, узнёслым, паэтычна-музычным.

    Як і на іншых святах вёскі, якія пастаянна праводзяцца на Глыбоччыне, былі тут і ганаровыя госці — першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Іосіф Пачкоўскі, які працаваў тут колісь аграномам, намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Янкевіч (пры ім у Чарневічах актыўна ішло будаўніцтва жылля), Лізавета Дзмітрыева, вучні якой і сёння перамагаюць на рэспубліканскай алімпіядзе па геаграфіі, кіраўнік вытворча-камерцыйнага прадпрыемства “Аута” Віктар Лабунька, які ў свой час як аграном абышоў пешкі ці не ўсе чарневіцкія палі.

    І, канечне ж, галоўнымі героямі свята вёскі Чарневічы сталі яе жыхары. На імправізаваную сцэну каля Дома культуры выходзілі і атрымлівалі ўзнагароды за самаадданую працу механізатары Віктар Казлоўскі, Алег Бельскі, Аляксандр Бортнік, Анатоль Крупко, Аляксей Грыдзюшка, Франц Шынкевіч, Аляксандр Арлоў, Дзмітрый Шуман, Андрэй Ганебны, Дзмітрый Бортнік, жывёлаводы  Таццяна Мішчук, Святлана  Кісель, Іван Кібісаў. Гэта пра іх дырэктар ААТ “Чарневічы” Уладзімір Бабіч скажа як пра шчырых і надзейных працаўнікоў, дзякуючы якім гаспадарка пакрысе набірае вышыню.

    А вось старшыня Празароцкага сельвыканкама Інеса Міхайлоўская больш гаварыла пра дбайных гаспадароў вёскі Чарневічы, дамамі і сядзібамі якіх проста нельга не залюбавацца. Так,  у намінацыі “Сядзіба года” перамагла маладая сям’я Дзмітрыя і Алены Шуманаў; у намінацыі “Дом узорнага парадку” – лепшымі прызнаны сем’і Анатоля і Святланы Крупко, Віктара і Таццяны Рамашкаў, Міхаіла і Алены Мартыновічаў. Уручаны ўзнагароды і лепшым кветкаводам.

    Словам, сцэнарый свята вёскі Чарневічы ў многім быў падобны на сцэнарыі такіх жа ўрачыстасцей, якія праходзяць у іншых вёсках раёна. І ўсё ж была ў ім свая “изюминка”. І нават не адна.

    У канцэртнай праграме, акрамя дарослых, выступалі і юныя артысты. На здзіўленне, іх было шмат – Мікіта Шуман, Ксюша Пратасевіч, Вераніка Капуста, Даша Казак, Маша Заяц, Каця Кісель, Улад Багдановіч. Значыць, песням і музыцы над Чарневічамі звінець і заўтра, і паслязаўтра! Можа і так стацца, што  і двухмесячны Коля Хаданёнак, самы юны жыхар вёскі,  папоўніць, як падрасце, шэрагі самадзейных артыстаў: пад песні і музыку спалася ў калясцы яму вельмі добра.

    Арганічна ўпісаўся ў сцэнарый і конкурс дзіцячага малюнка — аматараў паўдзельнічаць у ім было нямала.

    “Изюминка” свята – і прэзентацыя вуліц вёскі: жыхары Садовай, Маладзёжнай, Азёрнай, Язненскай падрыхтавалі не толькі святочныя сталы (чаго толькі на іх не было?!), але і арыгінальныя праграмы – з песнямі, прыпеўкамі, танцамі. Словам, на сцэну выйшлі нават тыя, хто на яе, магчыма, ніколі не выходзіў: тут ужо адзін за ўсіх, усе за аднаго.

    А як не сказаць пра конкурсы сярод удзельнікаў свята — “краса – доўгая каса”, “ногі сусветнага стандарту”, “вось гэта кулак!” і іншыя! Мора жартаў, усмешак, радасці разлілося наўкола падчас гэтых конкурсаў. І нічога незвычайнага тут няма, што самы вялікі кулак аказаўся ў механізатара Аляксандра Арлова, ногі сусветнага стандарту – у майстра спорту міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы  Пятра Дабравіцкага (аказваецца, чарневіцкая зямля шчодрая і на спартсменаў!). Уладальніцай  доўгай касы-красы стала ўжо вядомая нам Кацярына Ганебная.

    Песні, музыка прадаўжалі ліцца ракой, і нечакана для сябе прыйшоў да такой думкі: “Кожны конкурс, кожнае выступленне дабаўляе ў палітру свята ўсё новыя і новыя фарбы і адценні, і, каб маляўніча апісаць усё, што пачуў, пабачыў, проста не хопіць слоў.

    …Больш трох гадзін прадаўжалася святочная праграма, і гэтыя гадзіны – настолькі ўсім усё падалося цікавым – праляцелі імгненна. А позна ўвечары неба над Чарневічамі расквецілася дзіўнымі букетамі феерверку — вёска прадаўжала святкаваць.

    Автор: Алесь ЖыгуноўВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)