Усімі колерамі вясёлкі расфарбавалі Астравец удзельнікі фестывалю фарбаў, які пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі прайшоў у нядзелю ў лесапаркавай зоне Астраўца.
Гучная музыка, фарбы розных колераў, якія, як сцвярджаюць арганізатары фестываля, аказваюць пазітыўны настрой на ўдзельнікаў, радасныя ўсмешкі дзяцей і дарослых – усё гэта зрабіла мерапрыемства яскравым і незабыўным.
– ColorFest – гэта музычны фестываль, які праходзіць у буйных гарадах нашай краіны з мінулага года. Праект аб’ядноўвае людзей, якія хочуць разам правесці час. Гэта новая форма адпачынку, альтэрнатыва традыцыйным канцэртам і дыскатэкам, – упэўнены каардынатар праекта “ColorFest” у Беларусі Віктар Барысевіч. –У аснове праекта ляжыць свята фарбаў Холі, якое кожную вясну праходзіць у Індыі. Аднак у нашай краіне яно перарасло ў музычны фестываль з магчымасцю абсыпацца фарбамі, якія з’яўляюцца абсалютна бясшкоднымі, бо выраблены з натуральных інгрыдыентаў.
Яшчэ да пачатку мерапрыемства ў лесапаркавай зоне Астраўца сталі збірацца дзеці і моладзь. Час ад часу сюды заходзілі людзі старэйшага пакалення – дзівіліся і ўсміхаліся.
– У кожным горадзе мерапрыемства праходзіць у пэўным фармаце. Нам вельмі прыемна, што на фестываль у Астраўцы прыйшлі не толькі дзеці і моладзь, але і дарослыя, – адзначыў Віктар Барысевіч. – Для такой аўдыторыі не хапае канцэрта, таму плануем у наступным годзе уключыць у праграму выступленні артыстаў, поп- і рок-груп.
Адкрыццё ColorFest пачалося з масавых кідкоў фарбы, якую можна было набыць на фестывальнай пляцоўцы – у імгненне вока твары, адзенне і зямля навокал набыла колеры вясёлкі.
Сумаваць моладзі не давалі вядучыя і пяць дзіджэяў, якія змянялі адзін аднаго на музычнай пляцоўцы.
– Мы даўно чакалі гэтае свята. І нарэшце яно адбылося. Гэтыя яркія фарбы, асабліва пасля шэрых дажджлівых дзён, дазволілі нам адчуць радасць і ўзнялі настрой. Гучная танцавальная музыка нікому не давала стаяць на месцы. Гэта вельмі крута! – падзялілася эмоцыямі Паліна Вайткевіч.

Асабліва запамінальнымі сталі масавыя кідкі фарбаў, калі неба і твары людзей расквечваліся яркімі колерамі. А колькі радасных эмоцый падарылі наведвальнікам фестывалю запускі фарбы з вогнетушыцеляў, калі здавалася, што ты трапіў у іншую рэальнасць, і вакол цябе ружовае, сіняе, зялёнае паветра.
– Вам падабаецца ColorFest? – час ад часу задаваў пытанне моладзі вядучы і атрымліваў у адказ аднагалосае “Так!”
У мінулую нядзелю ніводзін чалавек, які трапіў у лесапарк, не выйшаў з яго чыстым і сумным. Каляровыя фарбы на адзенні, на тварах і на зямлі і добрая музыка падарылі радасць дзецям і дарослым. А арганізатары фестывалю паабяцалі, што ў наступным годзе зноў расквецяць Астравец рознакаляровымі фарбамі.
Да пабачэння ColorFest! Да сустрэчы наступным летам!
Для даведкі:
Праект “ColorFest” стартаваў у нашай краіне ў мінулым годзе. Сёлета адкрыццё сезону адбылося 28 мая ў Гродне. Закрыццё адбудзецца 27 жніўня вялікім гала-канцэртам таксама ў абласным цэнтры.
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.

















Комментарии (0)