29 Марта, 2024 Пятница

Родам з шацілава

  • 18 августа 2016 Культура Беларуская 0

    Вёска Шацілава — адзін са шматлікіх населеных пунктаў Гаранскага сельсавета Полацкага раёна, стаіць на беразе рэчкі Обаль, вабіць хараством прыроды і прыгажосцю сядзібаў дбайных гаспадароў.

    У гэты маляўнічы куточак Полацкага раёна, дзе пастаянна пражываюц­ь крыху менш за 30 мясцовых жыхароў, завітала свята «Дзень вёскі». У госці да сяльчан і шматлікіх дачнікаў. Хаця дачнікамі іх можна назваць умоўна, таму што гэтыя людзі, у большасці сваёй, — усе родам з Шацілава, дзякуй ім за тое, што не кідаюць хаты сваіх бацькоў, прыязджаюць сюды на лета з бліжэйшых населеных пунктаў, а некаторыя — з Мінска і нават з Масквы.

    Службы — для сяльчан

    У выхадны дзень да шацілаўцаў на свята прыехалі намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч, старшыня Гаранскага сельвыканкама Мікалай Карасёў, старшыні ўсіх сельвыканкамаў раёна. Госці прыехалі на свята, каб падзівіцца, як у сельскай мясцовасці можна рэалізаваць праект «Раённыя службы — для сяльчан!».

    — На сённяшнім свяце сяльчане атрымаюць новыя веды, прымуць удзел у акцыях і прэзентацыях, — распавяла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Астапава. 

    І запрасіла на экскурсію па вёсцы, дзе на розных вуліцах са сваімі пляцоўкамі размясціліся спецыялісты раённых служб: Полацкгаза, вузла паштовай сувязі, аддзела адукацыі, спорту і турызму, бібліятэчнай сістэмы, гарад­ской бальніцы, службы быту, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райпо, Цэнтра рамё­стваў і нацыянальных культур. Да тэматычных пляцовак падыхо­дзілі сяльчане, з цікавасцю слухалі спецыялістаў, набывалі неабходныя тавары.

    Пакланіліся крыжу

    А гэтым часам пачалося асвячэнне Паклоннага крыжа, які ўстаноўлены ў Шацілаве напярэдадні свята вёскі. Айцец Аляксей са Свята-Пакроўскай царквы г.Полацка паведаміў, што некалі ў Шацілаве была царква, гэтае месца — святое, намоленае, цяпер пакланіцца крыжу змогуць усе жадаючыя жыхары вёскі. Крыж быццам заменіць сяльчанам страчаную святыню. Свяшчэннаслужыцель адслужыў малебен у гонар устаноўленага крыжа, акрапіў яго і ўдзельнікаў малебна святой вадой.

    Брава, майстар!

    Удзельнікі экскурсіі па вёсцы Шацілава атрымалі сапраўднае задавальненне. Шчырыя ўсмешкі і гасціннасць мясцовых жыхароў і гасцей, іх добрыя пажаданні ўразілі і падарылі цудоўны настрой.

    Беларуская песня ў выкананні народнага ансамбля беларускай песні і музыкі «Полацкія рос­сыпы» Раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур неслася далёка па наваколлі. Гасцей за­цікавіла выстава «Святло залатой саломкі» майстра Зоі Прасняковай. Творчыя працы самадзейнага майстра ўпрыгожваюць мясцовы клуб. Таленавітай жанчыне падабаецца вязаць, вышываць, рабіць цікавыя працы з саломкі. У яе творчых працах значнае месца адведзена кветкам: ружам, лілеям, валошкам. Госці свята нібы зазірнулі ў душу майстра, падзякавалі Зоі Сямёнаўне за твор­часць, а дырэктар Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Вольга Шаркевіч уручыла ёй Падзячны ліст і каштоўны падарунак.

    Для аматараў чытання

    Супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы на чале з дырэктарам Ганнай Бурносенка прывезлі кніжную выставу, расказалі пра працу бібліёбуса.

    Работнікі Полацкага раённага вузла паштовай сувязі прапаноўвалі аформіць падпіску на газеты, набыць часопісы, давалі кансультацыі па паштовых паслугах. Забаўляльную праграму з канцэртам і конкурсамі прывезлі на свята супрацоўнікі Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

    Частуйцеся!

    Старэйшына вёскі Алена Пісаненка насупраць свайго дома зрабіла цікавую выставу з дароў прыроды, частавала гасцей пі­рагамі і варэнікамі. Гэтая гаспадыня — адзіная ў вёсцы, якая трымае на падворку карову.

    Стол для гасцей, на якім гаспадарылі дары прыроды, быў накрыты і ў двары самай пажылой жыхаркі вёскі Шацілава, 87-гадовай Леаніды Цімафееўны Смірновай. Павіншаваць жанчыну са святам вёскі прыехалі актывісты раённай ветэранскай арганізацыі. Людміла Андрэеўна Дзянісава напісала прыгожы верш пра вёску Шацілава, радкі якога кранаюць сэрца… Яшчэ адзін стол з ураджаем агародніны мы ўбачылі на падворку 65-гадовай Галіны Пятроўны Пахоменка. Яе сястра Раіса Пятроўна з задавальненнем прадэманстравала нам агуркі цікавага сорту даўжынёй амаль 30 сантыметраў! Віталь Андрэевіч Пахоменка сустракаў гасцей спевамі пад гармонік. Яны з ся­строй Таццянай прыязджаюць у бацькоўскі дом на лета з Мінска, ім даспадобы цішыня і прыгожы бераг рэчкі, які бачны з акна.

    У адным з двароў работнікі культуры наладзілі свята кало­дзежа. Галоўны герой свята — Дзед Ціхоня — забаўляў конкурсамі дарослых і дзяцей!

    На дапамогу 

    Прыёмшчыца заказаў з комплекснага прыёмнага пункта «Новыя Гараны» ААТ «Полацк­райбыт» Наталля Беражкова распавяла, што ўдзельнікі свята набылі некалькі ручнікоў, цікавіліся бытавымі паслугамі. Спецыялі­сты газавай службы — старшы майстар Аляксандр Жыгуноў і інжынер па ахове працы Ірына Баранава — давалі кансультацыі па ўстаноўцы газавага абсталявання, па правільным карыстанні газавымі балонамі. Дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага аблугоўвання насельніцтва Аляксандр Шухлеў расказаў, што з самага ранку ў Шацілаве рэалізуецца праект «Пчала ляціць на дапамогу». Да спецыялістаў звярнуліся 3 сталыя жанчыны з просьбай зрабіць ім прычоскі. Сяльчане даведаліся пра паслугі, якія аказваюць спецыялісты пажылым грамадзянам і інвалідам. 10  чалавек — трэцяя частка ад усяго насельніцтва вёскі Шацілава — абслугоўваюцца сацработнікам на даму. Усім гэтым грамадзянам на свяце ўручаны падарункі.

    Медыцынскія работнікі прапагандавалі здаровы лад жыцця. У палатцы райпо паведамілі, што на свяце карысталася попытам кулінарная прадукцыя, а так­сама шацілаўцы здалі 7  кілаграмаў лісічак.

    На галоўнай сцэне

    Шчыра віншаваў шацілаўцаў з днём вёскі старшыня Гаранскага сельвыканкама Мікалай Карасёў. Ён адзначыў, што дзякуючы стараннасці жыхароў, гэты населены пункт у дзень свайго нараджэння выглядае прыбраным, чыстым, утульным. Мікалай Васільевіч разам з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Новыя Гараны» Ларысай Кудранок уручылі падарункі сяльчанам у розных намінацыях конкурсу, вынікі якога былі падведзены напярэдадні свята.

    У намінацыі «Мае гады — маё багацце» ўшанавалі старажылаў вёскі Л.Ц.Смірнову, В.П.Калач, Л.А.Смірнову, А.Ф.Калач, М.М.Баранаву. Ім зычылі моцнага здароўя, каб святло ў дамах га­рэла яшчэ доўгія гады.

    Прыз за лепшую сядзібу са словамі падзякі за любоў да зямлі і роднай вёскі атрымала Зоя Марозава. За арыгінальнае афармленне ўчастка падзя­кавалі Анатолю Пісаненка. За арыгінальнае афармленне дома атрымала прыз Галіна Ярыга. У намінацыі «Майстар на ўсе рукі» адзначылі Сяргея Пахоменка. За творчы падыход у працы з дрэвам лепшай прызнана сядзіба Валянціны Лакомскай. У намінацыі «Удачны дачнік» перамог Аляксандр Шавяка. У конкурсе «Кветкавая карусель» перамог Пётр Андрэевіч Заплаўненка. Прызам адзначаны і лепшы палісаднік Уладзіміра Калача. Алена Пісаненка атрымала прыз як самая гасцінная гаспадыня.

    З удзячнасцю

    Спецыялісты «Полацкгаза» ўшанавалі самых дысцыплінаваных спажыўцоў звадкаванага газу індывідуальных установак вёскі Сяргея Пахоменка і Ула­дзіміра Акуцёнка. Памочнік урача Гаранскай амбулаторыі Ігар Мятла ўручыў падарунак самай паслухмянай пацыентцы Леані­дзе Смірновай. Работнікі пошты ўшанавалі падарункамі ўдзельнікаў акцыі па падпісцы на газету «Полацкі веснік» Аляксандра Пі­саненка, Галіну Пахоменка, Таццяну Пахоменка, Зою Марозаву і па­дзякавалі за шматгадовую працу аператару пункта паштовай сувязі «Новыя Гараны» Людміле Мазай. Ад Цэнт­ра культуры прымала добрыя словы за дапамогу ў правядзенні святаў і падарунак мясцовая жыхарка Анастасія Калач. Бібліятэкар Вольга Шавяка выказала словы ўдзячнасці вяскоўцам, якія адгукнуліся на просьбу прыняць удзел у выставе «Знатны дачнік». 

    … Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, у рэдакцыю нашай газеты прыйшло пісьмо са словамі шчырай падзякі за свята. У длінным спісе — Мікалай Карасёў, старшыня Гаранскага сельвыканкама, Вольга Шавяка, бібліятэкар Новагаранскай бібліятэкі, Вера Юдэнка, дырэктар Новагаранскага СДК, Ларыса Кудранок, намеснік дырэктара ААТ «Новыя Гараны», артысты Новагаран­скага СДК — Людміла Бортнікава, Вера Юдэнка, Галіна Карзюк, Святлана Сафроненка, Валянціна Кальсіна, Валерыя Прыгодзіч, гаранскага СДК — Галіна Сушчык, ансамбль «Полацкія россыпы» і спявак Васіль Граноўскі, паэтка Людміла Дзянісава.

    Автор: Алина БольшаковаПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)