13 Июля, 2025 Воскресенье

Гасцям тут заўсёды рады

  • 19 августа 2016 Культура Беларуская 0

    У дваццаць першы раз гасцінная алашкаўская зямля збірае сёлета ў сікораўскім яблыневым садзе сяброў — арганізатараў і ўдзельнікаў абласнога фестывалю “Яблычны фэст”. Напярэдадні правядзення гэтага мерапрыемства мы сустрэліся з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама Людміла Уладзіміраўнай Стома, каб паведаміць чытачам нашай газеты, якія сёлета новаўвядзенні плануюцца ў фестывалі.

    — Людміла Уладзіміраўна, не сакрэт, што шматлікія шаркаўчане з нецярпеннем з году ў год чакаюць фестываль “Яблычны фэст”. А як ён пройдзе сёлета?

    — Трэба адзначыць, што абласное свята аматарскіх аб’яднанняў “Яблычны фэст” праводзіцца ў мэтах падтрымкі сацыяльна значных творчых ініцыятыў аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах і прадугледжвае далучэнне насельніцтва да нацыянальных традыцый і духоўных каштоўнасцей. Праграма свята прадугледжвае правядзенне экскурсіі ў музеі Івана Сікоры, канцэрт з удзелам вядучых калектываў мастацкай самадзейнасці вобласці, прэзентацыі клубаў прыродазнаўчага і гісторыка-краязнаўчага накірункаў, клубаў маладых дызайнераў-мадэльераў, дзіцячых і маладзёжных студый і тэатраў мод, выставу-дэгустацыю страў клубаў нацыянальнай кухні, пленэр мастакоў, яблычны кірмаш і іншыя мерапрыемствы.

    — Вядома, што акрамя шаркаўчан будуць і госці з іншых рэгіёнаў Віцебшчыны. А хто менавіта завітае ў Алашкі?

    — Сёлета чакаем прыезду творчых калектываў з трынаццаці раёнаў нашай вобласці, а яшчэ з гарадоў Віцебск і Наваполацк. Прыедуць дэлегацыі з Даўгаўпілса і Екабпілса (Латвія). На галоўнай сцэне свята выступяць вакальны ансамбль “Невестушки” і танцавальны калектыў “Солис-делдзе” з Латвіі.

    — Два гады запар у сікораўскім садзе праходзіў раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла”. Ці будзе сёлета праходзіць гэта мерапрыемства?

    — Абавязкова будзе. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй, праводзіць конкурс “Уладар сяла” падчас “Яблычнага фэсту”. Сёлета за званне пераможцы паспрачаюцца 11 сямей. Дарэчы, мінулагоднім пераможцам рэспубліканскага этапу — сям’і Рамановічаў — сёлета будуць уручаны дыпломы пераможцаў, памятныя ленты і галоўны прыз гэтага праекта — матаблок “Фермер”.

    — Людміла Уладзіміраўна, учора вернікі праваслаўнай канфесіі адзначалі Праабражэнне Гасподняе (Яблычны Спас). Ці чакаецца прыезд у Алашкі свяшчэннікаў з гэтай нагоды?

    — Так, сапраўды, мы запрасілі наведаць свята, каб урачыста асвяціць плады новага ўраджаю дабрачыннага Шаркаўшчынскага раёна протаіерэя Пятра Бараноўскага і настаяцеля храма іконы “Усіх Смуткуючых Радасць” протаіерэя Віктара Валашчука. Таму ў кожнага жадаючага будзе цудоўная магчымасць пакаштаваць асвечаныя яблыкі, грушы і іншую садавіну.

    — Праграма свята заўсёды яркая і насычаная. Таму, Людміла Уладзіміраўна, будзем спадзявацца, што і настрой у гасцей фестывальных Алашак будзе ўзнёслы і бадзёры.

    — Сапраўды так. Арганізатары “Яблычнага фэсту” — галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, абласны метадычны Цэнтр народнай творчасці, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама — максімальна паклапаціліся правесці яго на належным узроўні, каб свята пакінула самыя светлыя ўражанні і ўспаміны на ўвесь год.

    Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК

    Автор: Сяргей РайчонакКліч Радзімы

Комментарии (0)