Случчане малююць у мастацкім кірунку авангард, выкарыстоўваюць розныя тэхнікі. Падчас адкрыцця выстаўкі аўтары падарылі галерэі мастацтваў па адной сваёй рабоце. Цікавы факт: абодва мастакі нарадзіліся ў адзін дзень з розніцаю ў некалькі гадоў.
З творчасцю Алега Генрыхавіча Шапеля многія случчане знаёмыя: сцэнаграфія да спектакляў і тэматычных праграм гарадского Дома культуры – яго рук справа, Алег Генрыхавіч працуе мастаком-пастаноўшчыкам народнага тэатра. У парку культуры і адпачынку на пляцоўцы з драўлянымі скульптурамі ёсць і яго работа, створаная падчас конкурсу «Сонечная цеплыня дрэва». Дарэчы, сёлета Алег Генрыхавіч зноў не застаўся без дыплома гэтага свята-конкурсу майстроў драўлянай манументальнай скульптуры, які ў чарговы раз праходзіў у Беразіно. А ўдзельнічае ён з 1998 года, у 2011-м атрымаў гран-пры.
І вось яшчэ адзін бок таленту случчаніна – жывапіс. «Гавораць, мела мастацкія здольнасці мая прабабуля Параска з Бранавіч, адзначаюць нават знешняе падабенства, – расказвае Алег Генрыхавіч. – Я вучыўся ў Слуцкай мастацкай школе. Мне цікавы вобраз чалавека, яго характар. І гэта прасцей для мяне рэалізаваць у жывапісе. Спадзяюся, і ў скульптуры адтачу сваё майстэрства». Некаторыя карціны Алега Шапеля ўжо былі прадстаўлены, як і работы Сяргея Саламаціна, у галерэі мастацтваў на выстаўцы «Фарбы Случчыны» ў 2014 годзе. Цяпер да ўвагі гледачоў – работы апошніх гадоў, выкананыя маслам і акрылам.
Сяргей Генадзьевіч Саламацін працуе на адным з прыватных прадпрыемстваў у Слуцку, ён мастак па прафесіі, скончыў Бабруйскае мастацкае вучылішча, быў студэнтам мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава на. У Слуцку яго персанальная выстаўка першая, раней работы С.Г. Саламаціна былі прадстаўлены ў Дзяржаўным музеі беларускай літаратуры ў Мінску на выстаўцы «Блазны». Мастак лічыць важным данесці да гледача сваю ўнутраную прастору. Карціны, прадстаўленыя ў галерэі, створаны за апошні год. У далейшым аўтар плануе працаваць над партрэтамі, жанравымі кампазіцыямі.
Многа цёплых слоў прагучала ад калег нашых мастакоў падчас адкрыцця выстаўкі, якая, па словах наведвальнікаў, не саступае вернісажам сталічных мастакоў. Карціны А.Г. Шапеля і С.Г. Саламаціна незвычайныя і вельмі цікавыя. Прыходзьце і здзіўляйцеся.
Комментарии (0)