03 Мая, 2024 Пятница

Шэдэўры з каменю застануцца ў Маладзечне

  • 26 августа 2016 Культура Беларуская 0

    Як вядомыя скульптары ствараюць шэдэўры з каменю для будучага скверу дэкаратыўна-паркавых скульптур у Маладзечне.

    30 жніўня ў Маладзечне ў 12.00 у скверы Палаца культуры пройдзе закрыццё пленэру скульптараў «Вернісаж камянёў», а таксама адкрыццё сквера дэкаратыўна-паркавых скульптур.

    Удзельнікі адкрытага пленэру «Вернісаж камянёў», які ўвесь жнівень праходзіць у нашым горадзе, спрабуюць пачуць мелодыю маладзечанскіх валуноў і ўвасобіць яе ў сваіх выявах. Вынікам іх калектыўнай працы пад агульнай назвай «Мелодыя камянёў» стане своеасаблівы «аркестр», што загучыць ля гарадскога Палаца культуры. Менавіта тут 30 жніўня адбудзецца закрыццё пленэру, якое адначасова стане адкрыццём парка каменных скульптур. «МГ» абавязкова раскажа пра гэту неардынарную падзею.

     Пленэр такога маштабу – нячастая з’ява для Беларусі. Каардынатар «Вернісажу камянёў» наш зямляк, выпускнік СШ №8 Валянцін Борзды гаворыць, што за апошнія трыццаць гадоў у Мінску адбылося не больш за тры падобныя мерапрыемствы. Статус культурнай сталіцы Беларусі даў магчымасць правесці ў Маладзечне адкрытыя пленэры мастакоў і скульптараў, якія маюць рэзананс па ўсёй краіне і за яе межамі.

    На месяц тэрыторыя зелянгаса стала майстэрняй пад адкрытым небам. Напачатку кожны з творцаў выбраў сабе камень, а тое і некалькі. Магутнай тэхнікай іх перавезлі з палёў і абмежкаў у горад. Цяпер з ранку да вечара ў наваколлі зелянгаса чуваць пранізлівы гук спецыяльных піл, шліфавальных машын, іншых прыстасаванняў, якімі апрацоўваюць граніт. Самі скульптары – у навушніках, акулярах, спецадзенні. Здымаць «стружку» з каменя – работа хоць і далікатная, творчая, але адначасова фізічна няпростая, шумная.

    «Звычайная работа, мы да яе прывыклі», — паціскае плячыма Валянцін Борзды. Яшчэ студэнтам тэатральна-мастацкага інстытута, цяперашняй Акадэміі мастацтваў, Валянцін прымаў удзел у стварэнні мемарыяльнага комплексу «Шталаг-342». Ён гаворыць, што з радасцю прыехаў на пленэр, бо даўно хацеў зрабіць падарунак гораду дзяцінства і маладосці. Яго кампазіцыя – з трох частак. Скульптар паказвае нам эскіз: ніжняя ўпрыгожана расліннымі элементамі і служыць пастаментам, сярэдняя нагадвае па форме ракавінку, хаця сам творца вобразна называе яе «мацерыком Маладзечна». У ёй утульна ўладкавалася міфічнае лясное стварэнне, мабыць, язычніцкае, якое іграе на жалейцы. Аўтар наўмысна не даў яму імені, бо ў кожнага ўзнікаюць свае асацыяцыі. Ясна адно: персанаж родам з-пад Маладзечна…

    Работы яшчэ шмат, аднак намер аўтара ўжо выдатна праглядваецца, да незвычайнага ляснога музыкі можна дакрануцца рукой. Так і бачу гараджан, якія фатаграфуюцца разам з ім, а нехта, магчыма, захоча сыграць дуэтам на жалейцы… І правесці рукой па клавішах фартэпіяна, якія з дня ў дзень упарта здабывае з граніту Спартак Аруцюнян. Ён родам з Арменіі, аднак з канца 70-х гадоў жыве ў Мінску, доўгі час працаваў у мастацкім камбінаце. Спартак удзельнічаў у афармленні фае нашай гасцініцы, быў рады прыехаць у Маладзечна зноў і пакінуць пра сябе добрую памяць. Ён выбраў вельмі незвычайны камень. На ім – створаны прыродай профіль чалавека. Спартак упэўнены, што гэта музыкант. Магчыма, нават Міхал Клеафас Агінскі. «У вашым горадзе паставілі оперу «Невядомы партрэт», дык можа, гэта ён і ёсць?» — інтрыгуе нас скульптар. У ніжняй частцы валуна ўжо добра праглядаюцца клавішы піяні-

    на. Па задумцы аўтара побач будзе стаяць лавачка, на якую кожнаму захочацца прысесці…

    Як і зайграць на каменнай валынцы, якую стварае вядомы маскоўскі скульптар Юрый Кандрашоў. Прасякнуцца мелодыяй старадаўняга беларускага інструмента яму дапамог таленавіты маладзечанскі музыкант Сяргей Ярук. І вось у нас з’явіцца, магчыма, першы ў Беларусі помнік валынцы. Дарэчы, Юрый Кандрашоў закончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, сябруе з беларускімі калегамі. Ён ствараў вітражны камплект свяцільняў для каміннай залы Мірскага замка.

    Вядома маладзечанцам імя скульптара Вадзіма Мацкевіча, аўтара бронзавай «Пасажыркі», якая ўпрыгожыла прывакзальную плошчу і вельмі спадабалася жыхарам нашага горада. Яго новая, на гэты раз каменная скульптура нагадвае скрыпку.

    А самая маштабная работа вернісажу – уАляксандра Шомава. Мы, затаіўшы дыханне, назіралі, як з пяцітоннага валуна нараджаецца на свет дзяўчына з арфай. Аўтар называе яе «антычнай рэплікай», хвалюецца, што мала часу. «Калі я выбіраў камень, думаў, што ён меншы, аказалася, палова яго была схавана ў зямлі», — гаворыць наш субяседнік, які ў многіх сваіх творах апявае жанчыну. Адна з яго самых вядомых работ — помнік першай настаўніцы, два гады таму ўстаноўлены ў Мінску ля ўваходу ў педуніверсітэт імя Максіма Танка.

    Кожны са скульптараў сказаў сваё важкае слова ў прафесіі, творчасці. Кожны працуе ў адметнай толькі яму манеры. І мелодыі іх каменных скульптур розныя, але, дзякуючы сумеснай ідэі, сугучна сальюцца ў адну. Без сумненняў, маладзечанцы яе пачуюць…

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)