26 Апреля, 2024 Пятница

На Глыбоччыне адзначылі 155й-дзень нараджэння Ігната Буйніцкага

  • 31 августа 2016 Культура Беларуская 0

    У свой час мне пашчасціла пісаць рэпартаж са свята, прысвечанага Дню нараджэння нашага слыннага земляка, на якім прысутнічалі пісьменнікі з Мінска. У прыватнасці, свой верш, прысвечаны Буйніцкаму, чытаў на свяце вядомы беларускі паэт Пятрусь Макаль.

    На 155-м  дні нараджэнні Ігната Цярэнцьевіча гасцей з Мінска не было. Але, як і шмат гадоў назад, на свяце ў вёсцы Празарокі гучалі прысвечаныя яму вершы, песні, якія ён любіў, на сцэне сельскага Дома культуры віравалі танцы, якія значыліся ў рэпертуары ягонай трупы.

    Любоў да бацькі нацыянальнага тэатра з кожным годам расце. Пад зоркай Ігната Буйніцкага на Глыбоччыне нараджаюцца новыя цікавыя праекты, памяць пра яго свята захоўваецца, традыцыі ягонай трупы плённа развіваюцца. Мерапрыемствы, праведзеныя ў раёне да 155-ай гадавіны з дня нараджэння заснавальніка нацыянальнага тэатра, яшчэ раз пасведчылі пра гэта.

    Музей запрасіў на выставу

    Выстава, разгорнутая  ў гісторыка-этнаграфічным музеі да чарговай гадавіны з дня нараджэння Ігната Буйніцкага, была адметнай у тым сэнсе, што можна было не толькі паслухаць цікавы расказ навуковага супрацоўніка Уладзіміра Мірончыка пра жыццёвы і творчы шлях нашага славутага земляка, паглядзець на здымкі таго часу, калі, па словах Янкі Купалы, важна вадзіў рэй у нашых танцах Ігнат Буйніцкі, але і наталіцца дзівоснай музыкай акарыны, кларнета, балалайкі, мандаліны, іншых музычных інструментаў – на выставе былі прадстаўлены і яны.

    Цікава: ці адказалі б нашы чытачы на пытанне: “На якіх музычных інструментах ігралі ўдзельнікі трупы Ігната Буйніцкага?”.  Хутчэй бы за ўсё адказалі. Віталь Воранаў, наш сённяшні дудар, зачараваўшы сваёй ігрой на дудзе наведвальнікаў выставы, прытрымліваецца такой думкі: у трупе Буйніцкага асноўных інструментаў было тры – дуда, скрыпка, цымбалы. Больш таго: Віталь на адным са здымкаў паказаў фота дудара трупы Адама Шульгі, прачытаў верш нашага земляка Янкі Пачопкі “Дудар”, які быў надрукаваны ў 1913 годзе ў газеце “Наша ніва”:

    Гэй, дудар, чаго ты змоўчаў?

    Мо жалееш ты грудзей

    Або песні свае скончыў

    Ты, над-Дзвінскі салавей?

    Па тым, што сёння Віталь Воранаў жыве думкай пра адраджэння дуды як нашага нацыянальнага інструмента, пра тое, каб сабраць на Глыбоччыне ўсіх дудароў Беларусі, на пытанне Янкі Пачопкі “Гэй, дудар, чаго ты змоўчаў?” можна даць такі адказ: маўчанне было часовым, бо гучыць на Глыбоччыне дуда і радуе нас.

    Словам, кожны, хто прыйдзе ў музей на выставу, прысвечаную Ігнату Буйніцкаму,  не пашкадуе: ёсць на што паглядзець, ёсць каго  і што паслухаць.

    Сягоння людзі ў Празарокі са свету едуць і ідуць

    Бойкі гандаль у цэнтры Празарок, вяскоўцы ў святочным адзенні, музыка і спевы, госці ў вышыванках з кветкамі ў руках сведчылі аб тым, што ў Празароках – дзень незвычайны. Зрэшты, як ён можа быць звычайным, калі размова ідзе пра дзень нараджэння бацькі нацыянальнага тэатра Ігната Буйніцкага?!

    Рэй на свяце вёў… сам Ігнат Буйніцкі (яго ролю хораша выканаў “цярэшкавец” Дзмітрый Крывёнак). І хоць канцэртная частка свята праходзіла ў зале Дома культуры, месца хапіла ўсім: зала, разлічаная на 110 чалавек, была перапоўнена, і прыйшлося раз за разам прыносіць дадатковыя крэслы і лаўкі.

    Калі на сцэну альбо на пляцоўку выходзіць тэатр народнага фальклору “Цярэшка”, то ўжо і гадаць не трэба: настрой у гледачоў будзе выдатны – песні, жарты, танцы пасыплюцца, як цёплы летні дождж. Удзельнікі тэатра плённа развіваюць традыцыі трупы Буйніцкага і радуюць нас як сённяшнімі  танцамі, так і ўжо напаўзабытымі. І на гэты раз дзякуючы “цярэшкаўцам” спачатку гледачы пабачылі неўміручыя сцэнічныя вобразы Якіма Сарокі, Паўлінкі, пана Быкоўскага, хітрага Мікіты, збянтэжанага Саўкі, вясёлай Лявоніхі, дасціпнага Несцеркі, іншых герояў, а пасля, вобразна кажучы, нырнулі ў вір танцаў і песень, якія колісь ладзіў Ігнат Буйніцкі. Пасля кожнага выступлення ўдзельнікаў тэатра доўга-доўга  не змаўкалі апладысменты і воклічы “Брава!”. Што тут казаць?! “Цярэшка” – гэта брэнд, “Цярэшка” – гэта клас!

    Эстафету ад спевакоў і танцораў тэатра перанялі ўдзельніцы народнага ансамбля народнай песні “Крынічанька”. І зноў па зале пракаціліся хвалі апладысментаў. Калі шчыра, то такой “Крынічанькі” аўтар гэтых радкоў яшчэ не бачыў і не чуў: што ні песня, то маленькі шэдэўр!  А якія галасы! Слухаў бы і слухаў! Вось толькі беларускіх песень, на жаль, было малавата. Спадзяёмся, што будзе больш.

    Парадаваў усіх і фальклорны калектыў вёскі Празарокі, які выканаў песню “Ой, сівы конь бяжыць!” – яе,  кажуць, любіў слухаць Ігнат Буйніцкі.

    Як добрыя суседзі, цёпла, шчыра выступілі на свяце ўдзельнікі ансамбля “Суседзі” Азярэцкага цэнтра культуры.

    І гэта ж яшчэ не ўсё! Былі ж яшчэ выступленне драматычнага калектыву Празароцкага сельскага Дома культуры, вечарына ў беларускім стылі – “А музыкі граюць, граюць”, было шмат чаго іншага, напрыклад, выставы работ майстроў глыбоцкага Дома рамёстваў, народных умельцаў вёскі Празарокі.

    Словам, апладысменты не змаўкалі на працягу ўсяго дня. І людзі шчыра дзякавалі за свята работнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Празароцкаму сельвыканкаму, калектыву Празароцкай СШ, артыстам. І ахвотна дзяліліся сваімі ўражаннямі.

    Аляксандр Сулімаў:

    - Лічу, што гэта свята не толькі вёскі Празарокі і раёна, гэта свята культуры ўсёй Беларусі. Ігнат Буйніцкі – асоба значная,  і ў плане павышэння самасвядомасці людзей такія святы патрэбны.

    Валянціна Крупко:

    - Вельмі спадабалася, было весела, цікава. Аказваецца, на Глыбоччыне ёсць цудоўныя артысты, якія ні ў чым не ўступаюць зоркам беларускай эстрады! Паболей бы такіх канцэртаў.

    Людміла Слесаронак:

    - Малайцы! Высокі ўзровень выканання! А галоўнае – шчыра, душэўна, з любоўю да людзей.

    Вось, бадай, і ўсё, што хацелася сказаць (калі казаць сціпла) пра раённыя ўрачыстасці, прысвечаныя 155-ай гадавіне з дня нараджэння Ігната Цярэнцьевіча Буйніцкага.

    Автор: Алесь ЖыгуноўВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)