29 Марта, 2024 Пятница

Творчая вандроўка па сталіцы свята беларускага пісьменства

  • 02 сентября 2016 Культура Беларуская 0

    У 22-гі раз пройдзе сёлета Дзень беларускага пісьменства. Сустракаць рэспубліканскае свята выпаў гонар нашым суседзям – рагачоўцам, якія ўжо наводзяць апошні лоск перад сустрэчай гасцей з розных куткоў Беларусі, а таксама з замежжа. Журналісты «Новага дня» наведалі перадсвяточны Рагачоў і на свае вочы пераканаліся, што праца тут і сапраўды праведзена каласальная. Горад, якому сёлета спаўняецца 874 гады, нібы памаладзеў. Заўсёды зялёны і ўтульны, ён здолеў захаваць сваю непаўторную ауру, нягледзячы на грандыёзны для невялікага райцэнтра маштаб работ. А рэканструкцыя тут ідзе адразу на 40 аб’ектах: другое жыццё атрымалі важныя сацыяльныя і культурныя будынкі, кіламетры дарог і інжынерных сетак, зялёныя зоны, фасады жылых дамоў. Запрашаем чытачоў «НД» разам з намі зазірнуць да суседзяў у пярэдадзень свята, якое будзе сапраўды грандыёзным. 

    Наша творчая вандроўка па сталіцы сёлетняга Дня беларускага пісьменства пачалася з цэнтральнай гарадской плошчы, якая ўжо амаль што гатова да прыёму гасцей. Менавіта тут будзе ўсталявана галоўная пляцоўка свята. Мы засталі як раз апошнія прыгатаванні. Завяршаецца рэканструкцыя фантана, што стане ўпрыгожваннем толькі што высаджанага сквера. Побач рабочыя разгружаюць не зусім звычайны груз – гіганцкія дэкаратыўныя вазоны, якія па задумцы архітэктараў стануць тут арыгінальным працягам «зялёнай тэмы», гэткай «вішанькай на торце». Кубы з высаджанымі ў іх туямі плануецца расставіць абапал усёй плошчы.

    Гэтыя здымкі зроблены з балкона ўнікальнага будынка з больш як 100-гадовай гісторыяй – Дома кнігі імя Уладзіміра Караткевіча. Яго ўрачыстае адкрыццё прымеркавана як раз да Дня пісьменства і стане галоўнай падзеяй свята. Пад адным дахам тут будуць працаваць цэнтральная раённая бібліятэка, яе дзіцячы аддзел, а таксама кнігарня «Першацвет». Гэта сапраўдны храм кнігі, па якому нас праводзіць дырэктар бібліятэкі Таццяна Голубева. Яна з гонарам паказвае і шыкоўную канферэнц-залу, і фарзацы выданняў нашых класікаў, аддрукаваныя на халсце, – ад Скарыны і Гусоўскага да сучасных аўтараў, і ўнікальны гадзіннік, дзе замест лічбаў – вокладкі вядомых твораў: «Адзін дзень з жыцця Івана Дзянісавіча», «Два капітаны», «Тры таварышы»...

    У гарадскім парку сустракаем будаўнікоў з розных раёнаў Гомельшчыны. Мазыране завяршаюць работы па абсталяванню дзіцячага гарадка і амфітэатра, зробленага з рознакаляровых празрыстых панэляў, які, дарэчы, не паўтарае ніводзін з падобных аб’ектаў у іншых гарадах. Дарожкі дробнаштучнай пліткай выкладаюць рабочыя Лельчыцкага ДРБУ, якія працуюць тут на розных аб’ектах з мая. Светлагорцы шчыруюць на пляцоўцы з ваеннай тэхнікай. Танкі, самаходкі, зенітныя ўстаноўкі – увесь гэты арсенал перададзены гораду да свята Міністэрствам абароны. Тут ёсць і сапраўдныя рарытэты, што ў 1943 годзе прымалі ўдзел у аперацыі «Баграціён».

    Нягледзячы на «руіны», якія пакуль што прысутнічаюць на частцы тэрыторыі парку, новыя аб’екты ўжо абжывае мясцовая дзятва. «Ды іх адсюль проста не выцягнуць», – кажа пра сваіх унукаў, з захапленнем гуляючых у лабірынтах дзіцячага гарадка, задаволеная бабуля Людміла Анатольеўна.

    Дарэчы, зусім побач знаходзіцца адзін з найпрыгажэйшых куточкаў Рагачова, які таксама змяніў свой выгляд да свята, – глядзельная пляцоўка на высокім беразе Дняпра. Адсюль адкрываецца маляўнічы, непаўторны від: неба «ўпадае» ў раку. Менавіта тут разумееш, чаму гэтая зямля дала Беларусі столькі таленавітых майстроў слова.

    Літаральна ў гэтыя дні па горадзе пусцілі «паэтычны аўтобус», у салоне якога гучаць вершы беларускіх паэтаў. Пафарбаваны ў сонечны колер, з вядомымі нам з маленства радкамі, нанесенымі на кузаў рамантычным курсівам, ён «вандруе» па вуліцах Рагачова разам з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам… Мы таксама сустрэліся з незвычайным транспартам на адным з прыпынкаў у час нашай вандроўкі па Рагачову.

    Рухаемся па галоўнай вуліцы Леніна далей ад цэнтра. І тут кіпіць работа. Велічная брама з аркай вымалёўваецца ля ўваходу ў новую зону адпачынку, якую рагачоўцы атрымалі ў падарунак дзякуючы рэспубліканскаму фэсту. Яшчэ не так даўно гэтае месца ў народзе звалася «Балотам», а сёння замест хмызняку і асокі вабяць вока два прыгожых вадаёмы, вакол якіх будуць устаноўлены арыгінальныя архітэктурныя формы і ліхтары. Спускаемся сюды па шматлікіх шырокіх ступенях, у хуткім часе яны набудуць свой канчатковы парадны выгляд. І няхай новаспечанай рагачоўскай лесвіцы далёка да Пацёмкінскай, – яна абавязкова стане яшчэ адной «фішкай» горада над Друццю і Дняпром…

    Мы пакідалі Рагачоў з надзеяй зноў вярнуцца сюды ў дзень самога свята. Дарэчы, на яго чакаецца звыш 10 тысяч гасцей, сярод якіх будуць прадстаўнікі кіраўніцтва рэспублікі і вобласці, літаратары, святары, журналісты, сябры з гарадоў- пабрацімаў і проста сябры – людзі, неабыякавыя да беларускага слова. Ну і, вядома ж, суседзі, найбліжэйшыя з якіх мы – жлабінчане. Будзем святкаваць Дзень беларускага пісьменства разам з рагачоўцамі, разам з усёй Беларуссю! Гэта падзея таго каштуе. Да сустрэчы 4 верасня ў Рагачове.

    У творчай вандроўцы пабывалі Людміла АРОЛ і Мікалай СЕМЯНЕЦ (фота).

    Яшчэ здымкі – на сайце «Новага дня» ndsmi.by.

    Аўтары выказваюць падзяку за дапамогу пры падрыхтоўцы матэрыяла намесніку старшыні Рагачоўскага райвыканкама Руслану Іванавічу Смірнову і намесніку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Тамары Уладзіміраўне Вараб’ёвай. 

    Автор: Людміла АРОЛНовы дзень

Комментарии (0)