23 Апреля, 2024 Вторник

Мой родны кут...

  • 05 сентября 2016 Культура Беларуская 0

    Свята аграгарадка Астроў­шчына чакалі ўсе: мясцовыя жыхары, асабліва дзеці, іх сваякі з горада, сельская ўлада, работнікі культуры. Напрыканцы лета ўсім хацелася сабрацца вялікай дружнай сям’ёй, каб разам уславіць сваю малую Радзіму, павіншаваць маладых бацькоў з папаўненнем у сям’і і падзякаваць дбайным гаспадарам, якія сваёй руплівай працай упрыгожваюць дамы і прысядзібныя ўчасткі, уносяць уклад у агульны воблік населенага пункта.

    Арганізатары свята па­клапаціліся, каб Астроўшчына ў святочны дзень адчула сябе імянінніцай. Для яе падрыхтавалі царскі падарунак: па ініцыятыве і з дапамогай дырэктара ДП «Астроў­шчына» Аляксандра Ярахновіча на ўездзе ў вёску ўстанавілі паклонны крыж, які на доўгія гады стане абярэгам для населенага пункта, сімвалам адраджэння духоўнасці. Свята пачалося з малебна ў гонар гэтай значнай падзеі, які здзейсніў айцец Аляксандр.

    Вядучыя святочнага канцэрта, дырэктар сельскага Дома культуры Таццяна Ігнацьева і мастацкі кіраўнік Марына Багушонак, шчыра, сардэчна віншавалі сяльчан са святам, чыталі цудоўныя вершы пра Радзіму, якая «дае сілу і надзею, суцяшае боль і вучыць любові». Бібліятэкар Інеса Тарасевіч падрыхтавала да свята новую песню, назва якой — «Аграгарадок». Дапоўнілі канцэрт выступленні Юліі Шынкевіч, любіміцы публікі Ірачкі Красоўскай. Гледачы не шкадавалі далоняў для апладысментаў: усім было хораша і весела!

    Ганаровую місію па ўшанаванні сяльчан — гаспадароў лепшых сядзіб — выканала старшыня Аст­роўшчынскага сельскага Савета дэпутатаў Марыя Сцепулёнак. Памятныя прызы з удзячнасцю за прыгажосць, якую яны ствараюць, кіраўнік сельскай улады ўручыла Уладзіміру і Іне Снарскім, Генадзю і Вользе Арцямёнак, Міхаілу і Святлане Пяткевіч, Віктару і Валянціне Мароз, Юліі Фёдараўне Краўцовай, Вользе і Юрыю Мінаковым. Салодкія прызы атрымалі гаспадары сядзіб, якія былі пераможцамі па добраўпарадкаванні прысядзібнай тэрыторыі ў мінулым годзе і не змянілі сваіх адносін да прыгажосці і парадку і сёлета: Вольга і Сяргей Ярахновіч, Марына і Леанід Станкевіч, Аляксей і Юлія Шынкевіч, Юрый і Святлана Хрол, Дзмітрый і Марыя Суржэнка.

    На свяце адзначалася, што Астроўшчыну ў апошні час асабліва палюбілі буслы. Усё лета кружылі над вёскай. Але больш за ўсё — над вуліцамі Палявой і Лясной. У сям’ю Ірыны і Сергея Смірновых яны прынеслі сыночка Аляксандра, у сям’ю Уладзіміра і Наталлі Глебка — дачушку Арышу, сям’і Вольгі і Юрыя Мінаковых падарылі маленькага Сцяпана, а сям’ю Станкевічаў папоўніла дзяўчынка Стафанія, а на вуліцы Садовай яны завіталі да сям’і Канцыял і ўзнагародзілі іх маленькай Златай.

    Але на свяце астроўшчынцы не толькі віншаванні і ўшанаванні прымалі. Яны станавіліся актыўнымі ўдзельнікамі розных конкурсаў і за свае таленты, здольнасці і спрыт таксама атрымлівалі прызы. Напрыклад, Святлана Маслёнак з вуліцы Маладзёжнай атрымала званне «Астроўшчын­скі эрудыт», а перамогу ў конкурсе «Дбайная гаспадыня» яна раз­дзяліла са сваёй суседкай Валянцінай Прэдкель.

    Святочную атмасферу свята стваралі шматлікія песні, выставы дзіцячых малюнкаў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сяльчан, рознакаляровыя батуты, салодкая вата і водар пап-корна. Нават прырода спрыяла агульнаму прыўзнятаму настрою: стаяла летняе ціхае надвор’е, сонца ласкава сагравала промнямі ўсіх, хто завітаў на святочную пляцоўку ў цэнтр аграгарадка Астроўшчына. На развітанне вядучыя святочнай праграмы прачыталі цудоўныя вершы, якія прагучалі як наказ: «Няхай будуць шчаслівыя ўсе людзі: бацькі, рабяткі, старыя. Мы былі, ёсць і вечна будзем, родныя нашы землякі!».

    Автор: Алина БольшаковаПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)