Ёсць у нашай краіне свята, якое праз роднае слова аб’ядноўвае ўсю нацыю. Гэта Дзень беларускай пісьменнасці. У мінулую нядзелю, 4 верасня, такое мерапрыемства прайшло ў 23 раз. Сёлета, у Год культуры, яго гаспадарамі сталі жыхары старажытнага Рагачова.
Гасцей на свята з’ехалася шмат. Упершыню былі прадстаўлены і дыяспары беларусаў – з 20 краін свету. Урачыстая цырымонія адкрыцця свята прайшла на цэнтральнай плошчы горада. У ходзе тэатралізаванай працэсіі людзі ў касцюмах шляхты і рыцарскіх даспехах вынеслі на сцэну гербы гарадоў, у якіх раней праходзілі Дні беларускай пісьменнасці, а таксама гербы часоў Вялікага княства Літоўскага і выяву беларускага першадрукара Ф. Скарыны.
Удзельнікаў свята віталі: намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава – яна ж зачытала і прывітанне ад імя Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, старшыні: аблвыканкама – Уладзімір Дворнік, Рагачоўскага райвыканкама – Сяргей Дзенісенка, епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан.
Са сцэны гучалі музыка і спевы ў выкананні вядомых беларускіх спевакоў і музыкаў. Пасля адкрыцця свята адбылося ўшанаванне новых лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага. Прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця Дома кнігі.
Асабліва многа ў Рагачове было жлабінчан, якія дабіраліся да сваіх суседзяў арганізавана і ў індывідуальным парадку.
Шматлюдна было на працягу ўсяго свята каля выставы раённай газеты «Новы дзень» на «Газетным бульвары». Нашы журналісты запрашалі шаноўных гасцей адправіцца ў падарожжа ў 80–90-я гады мінулага стагоддзя. У цэнтры ўвагі аказаўся альманах жлобінскіх паэтаў усіх часоў існавання раёнкі і беларускіх пісьменнікаў, якія нарадзіліся на Жлобіншчыне, – «Галасы роднага краю», выдадзены сёлета рэдакцыяй «Новага дня». Экзэмпляры гэтага зборніка былі падараваны галоўным рэдактарам газеты Галінай Мельнікавай Наталлі Качанавай, Уладзіміру Дворніку, міністрам: інфармацыі – Ліліі Ананіч, культуры – Барысу Святлову, якія таксама былі гасцямі нашай выставы (на здымку). Тут было рэканструявана рабочае месца журналіста 1980–90-х гадоў, а таксама знаходзілася выстаўка публікацый раёнкі, якія расказвалі аб сувязях паміж Жлобіншчынай і Рагачоўшчынай «Па-суседску мы жывём».
Ужывую гучала дыскатэка той эпохі – песні выконваў супрацоўнік рэдакцыі Андрэй Міхневіч. Яго падтрымалі дуэт баяністаў з Пірэвічаў «Брава», народны вакальны ансамбль «Дабаснянка» з Чырвонага Берага, жлобінскі бард Аляксандр Асмалоўскі.
Жадаючыя гулялі на прызы газеты ў дэкаратыўныя шашкі, папулярныя ў канцы XX стагоддзя на Жлобіншчыне.
Прадстаўнічым атрымалася «Жлобінскае падвор’е», арганізаванае нашымі работнікамі культуры. Тут жа старшыня праўлення Міжнароднай грамадскай арганізацыі саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў Анатоль Міроненка (Украіна) і сакратар гэтага аб’яднання Генадзь Говар (Гомель) уручылі членскія білеты жлобінскім мастакам Леаніду Вялічку, Уладзіміру Слесараву, Уладзіміру Сеніну і журналісту райгазеты «Новы дзень», краязнаўцу Мікалаю Шуканаву.
На дзясяткі метраў у розныя бакі святочнага палатачнага гарадка расцягнуліся выставачныя рады вырабаў выхаванцаў раённых цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі: «Эўрыка», тэхнікі, эколага-біялагічнага. Значную частку адной з вуліц занялі сталы раённага спажывецкага таварыства.
Да самага вечара доўжылася свята ў Рагачове. У гісторыю беларускай культуры ўпісана яшчэ адна яскравая старонка.
М. ВАРАНОВІЧ.
Фота М. СЕМЯНЦА.
Фотографии смотрите в разделе «Фотоновости»
Впечатления
Абид ТАХИРЛИ, журналист, г. Баку:
– Замечательно, что вы так чтите и развиваете свои духовные ценности, свою культуру. Это не только праздник письменности, он получился общенародным, собрал вместе и объединил разные поколения. Выставка прессы для меня особенно интересна, ведь сам я журналист, 20 лет проработал в газете «Страна огней», которая выходит в Азербайджане. В Беларуси я впервые, отдыхаю в санатории «Приднепровский». О мудром характере белорусов слышал от своего отца. Он был участником Второй мировой войны и прошёл её дорогами вместе со своим товарищем-белорусом. Счастья и мира всем вам!
Дзмітрый ПАЎЛАВЕЦ, дацэнт кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны:
– На свяце беларускай пісьменнасці ў Рагачове мяне прыемна здзівілі жлабінчане, чые выставы аказаліся ў цэнтры ўвагі рагачоўцаў і іх гасцей. Затрымаўся я і каля выставы райгазеты «Новы дзень», дзе мяне зацікавіў альманах «Галасы роднага краю», выдадзены рэдакцыяй раёнкі. Гэта – унікальная з’ява ў культурным жыцці Гомельшчыны. Тут жа спаткаў і свайго былога студэнта, цяперашняга супрацоўніка «Новага дня» Мікалая Шуканава. Рады быў новай сустрэчы са жлабінчанамі.

Комментарии (0)