28 Марта, 2024 Четверг

Страцім-лебедзь беларускай літаратуры

  • 07 сентября 2016 Культура Русский 0

    У гэтым годзе наша краіна адзначае 125-годдзе са дня нараджэння выбітнага кла-сіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, які быў не толькі надзелены рысамі геніяльнасці паэт, але і аўтарам пейзажнай, любоўнай, сацыяльна-філасофскай лірыкі і вытрыманых у фальклорна-эпічным духу паэм. Ён быў, як вядома, і самабытным празаікам – апавядальнікам і эсэістам, і непераўзыдзеным майстрам паэтычнага перакладу, і тонкім бліскучым літаратурным крытыкам, і глыбокім вучоным-даследчыкам – заснавальнікам навуковай гісторыі беларускай літаратуры і мастацтва, і чуйным да пульсу часу, дасведчаным і перакананым публіцыстам, і нарэшце – выдатным мысліцелем рэвалюцыйна-дэмакратычнай школы. Ва ўсіх гэтых галінах творчай дзейнасці ён пакінуў спадчыну, якая па сённяшні дзень працягвае эстэтычна актыўнае жыццё.

    Старонкі жыццяпісу

    Нарадзіўся Максім Багдановіч 9 снежня (27 лістапада па старым стылі) 1891 года ў Мінску ў сям’і педагога, этнографа, мовазнаўца Адама Ягоравіча Багдановіча і Марыі Апанасаўны Багдановіч (народжанай Мякота). У той час бацька будучага паэта працаваў загадчыкам і настаўнікам  1-га Мінскага гарадскога прыходскага вучылішча. Па рэкамендацыі дактароў Адам Багдановіч пакінуў выкладчыцкую дзейнасць і летам 1892 года пераехаў з сям’ёю ў Гродна, дзе знайшоў службу ў Сялянскім банку. Бацька будучага паэта паходзіў з прыгоннай дворні мястэчка Халопенічы на Віцебшчыне, але дзякуючы фенаменальным здольнасцям і вялікай жыццёвай энергіі сам здолеў пракласці сабе дарогу ў жыцці. Займеўшы настаўніцкую адукацыю, ён захапіўся збіраннем і вывучэннем беларускага фальклору, этнаграфіі і зрабіў немалы ўнёсак у беларускую навуку. А маці Максіма Багдановіча – таксама была адукаваная, высокай культуры жанчына. Да замужжа яна выхоўвалася ў сям’і мінскага губернатара, вучылася ў настаўніцкай школе ў Пецярбурзе.

    Максім быў другім дзіцём у сям’і. У 1896 годзе Багдановічаў напаткала вялікае гора: пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці Марыя Багдановіч захварэла на сухоты і неўзабаве памерла. Калі толькі надарылася магчымасць, Адам Ягоравіч у канцы 1896 года, баронячыся ад пакутлівых успамінаў і ратуючы дзяцей ад неспрыяльнага, залішне вільготнага клімату, пераязджае ў Ніжні Ноўгарад. Тут, у глыбіні Расіі, пачынаецца новая старонка ў жыцці  Багдановічавай сям’і.

    Праз некалькі гадоў Адам Ягоравіч узяў шлюб з Аляксандрай Волжынай, роднай сястрой жонкі Максіма Горкага. Бацька Максіма Багдановіча быў добрым сябрам рускага пісьменніка, чыя зорка толькі ўзыходзіла на літаратурным небасхіле. Аднак Аляксандра Волжына памерла пры родах, маленькі сын Аляксандр гадаваўся у сям’і Горкага, але ў двухгадовым узросце хлопчык цяжка захварэў і памёр. Пазней А.Я. Багдановіч звязаў сваё жыццё з сястрой першай жонкі – Аляксандрай Апанасаўнай Мякота і ў іх нарадзілася пяцёра сыноў.

    Парадненне сям’і Багдановічаў з няўрымслівым і цікаўным да ўсяго Максімам Горкім вельмі паспрыяла зацікаўленасці Максіма Багдановіча літаратурнай творчасцю. Свае першыя практыкаванні ў паэзіі, прытым на беларускай мове, ён пачаў рабіць, калі яму было 10-11 гадоў. Выяўленню дзіцячай схільнасці садзейнічала і сур’ёзнае выхаванне сыноў Адамам Ягоравічам. Увесь свой немалы педагагічны талент ён аддаваў дзецям, сам вучыў іх пісаць і чытаць, шмат расказваў пра Беларусь, апавядаў ім народныя казкі і паданні, будзячы фантазію. Часта бацька выводзіў дзяцей на ўзбярэжжы Волгі і Акі, вучыў любіць прыроду, назіраць за ёй. З лета 1908 па 1916 год Багдановічы жылі ў Яраслаўлі. “Геаграфія” атрымання адукацыі Максімам Багдановічам была наўпрост звязана с месцамі жыхарства: Ніжагародская мужчынская гімназія, Яраслаўская мужчынская гімназія  і Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй у Яраслаўлі, які паэт скончыў у 1916 годзе.

    У 1909 годзе ў Максіма праявіўся тубёркулёзны працэс у легкіх. Ад тубёркулёзу паэт лячыўся недалёка ад Ялты, дзе пазнаёміўся з дзяўчынай М. А. Кіціцынай. Гэтае знаёмства, як мяркуюць даследчыкі, мела сімва-лічны працяг у некаторых вершах Багдановіча. Заўважны след у творчасці паэта пакінулі яшчэ дзве дзяўчыны: Ганна Гапановіч і Ганна Какуева. Ганне Гапановіч, стрыечнай сястры па бацьку, Максім Багдановіч падараваў рукапісны зборнік “Зеленя”. Каханнем і музай паэта ў яраслаўскі перыяд стала сястра яго аднакласніка Ганна Какуева. Яе вобразам  навеяны творы „Учора шчасце толькі глянула нясмела”, „Больш за ўсё на свеце жадаю я” і інш.

    Будучы класік беларускай літаратуры знаходзіўся ў рускамоўным асяроддзі, аднак агмень беларускасці заўсёды падтрымліваўся бацькам, цёткамі паэта Марыяй і Магдалінай, роднымі сёстрамі Адама Ягоравіча, што перабраліся разам са сваімі  сем’ямі  следам за А. Я. Багдановічам з Беларусі ў Расію. Памкненне Мак-сіма ў юначым узросце самастойна авалодаць беларускай мовай падтрымлівала яго хросная маці Вольга Епіфанаўна Сёмава, якая выпісала яму ў Яраслаўль беларускія газеты “Наша доля” і “Наша ніва”.

    З’яўленне новага беларускага паэта на берагах Волгі, паводле ўспамінаў тагачаснага сакратара “Нашай нівы” Вацлава Ластоўскага, была неадназначна ўспрынята “нашаніўскімі” культурніцкімі дзеячамі. Той-сёй  палічыў яго дэкадэнтам, а матывы ягоных твораў неактуальнымі для тагачаснага беларускага руху. Ды заступіліся Янка Купала і сяргей Палуян. І своеасаблівасць таленту паэта, ягоную непадобнасць да іншых хутка зразумелі і ацанілі. З 1909 года Максім Багдановіч рэгулярна пачынае друкавацца на старонках “Нашай нівы”.

    Вехавай падзеяй асабістага знаёмства і далучэння да найноўшай беларускай гісторыі і рэалій вясковага жыцця пачатку ХХ стагоддзя, што непасрэдным чынам адбілася на творчасці, стала наведанне ў 1911 годзе Максімам Багдановічам старажытнай Вільні, а таксама фальварка Ракуцёўшчына каля Маладзечна.

    У Вільні паэт пазнаёміўся з выдатнымі дзеячамі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху братамі І. і А. Луцкевічамі, беларускім пісьменнікам, гісторыкам, філолагам, літаратуразнаўцам В. Ластоўскім, выдаўцом, мовазнаўцам і літаратуразнаўцам Б. Эпімах-Шыпілам. Па запрашэнні Луцкевічаў Максім Багдановіч амаль усё лета жыў у іх родзіча ў фальварку Ракуцёўшчына.

    Адразу пасля заканчэння Дзямідаўскага юрыдычнага ліцэя Максім Багдановіч перабраўся ў Мінск, каб непасрэдна далучыцца да беларускага грамадскага і культурнага жыцця. Жыў у адным з пакояў кватэры, якую здымаў і Змітрок Бядуля. Працаваў Максім Багдановіч сакратаром губернскай харчовай камісіі, быў пастаянным наведвальнікам клуба беларускай інтэлігенцыі “Беларуская хатка”, прымаў ўдзел у працы Мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Аднак слабае здароўе не вытрымлівала нагрузак. З неспадаючай высокай тэмператураю Максім Багдановіч піша паэму з трагічным сюжэтам “Страцім-лебедзь!”. Мабыць, сябе ўяўляў ён такім лебедзем, які ўсклаў на свае крылы занадта вялікі цяжар і зараз не вытрымліваў – хутка слабеў.

    Сілы зыходзілі, і ў лютым 1917 года цяжка хворы паэт выехаў на лячэнне ў Ялту, дзе памёр у адзіноце 25 мая таго ж года. Яго пахавалі на трэці дзень пасля скону на гарадскіх ялцінскіх могілках. Рабілі гэта чужыя людзі, удалечыні ад Беларусі, якая заўсёды была ў яго снах.

    Асноўныя грані творчасці

    Мастацкая рэалізацыя Максіма Багдановіча прадстаўлена ў розных іпастасях: паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, літаратурны крытык і т. д. Яго творчасць развівалася ва ўмовах уздыму нацыянальнага адраджэння і абвастрэння сацыяльных канфліктаў і была прасякнута пафасам патрыятычнага служэння беларускаму народу. Багдановіч сцвердзіў сябе як паэт-гуманіст у самым сапраўдным сэнсе гэтага слова. Услед за Купалам і Коласам ён убачыў у беларускім селяніне чалавека багатай і прыгожай душы, адораную талентам, любоўю і дабрынёй асобу. Па глыбіні пранікнення ў духоўную спадчыну стагоддзяў з Багдановічам маглі параўнацца нямногія, і менавіта ён быў у ліку першых, хто ўчытаўся ў гераічныя старонкі нацыянальнай гісторыі і глянуў на свой народ як на народ з эпічным мінулым.

    Пры жыцці Максіма Багдановіча выйшаў толькі адзін зборнік яго вершаў “Вянок” (Вільня, 1913 г.), які стаў унікальнай з’явай у беларускай літаратуры па сваёй эстэтычнай выверанасці, канцэптуальнай, кампазіцыйнай прадуманасці. Пісаўся “Вянок” на працягу 1909-1912 гг., калі аўтару было 17-20 гадоў. У ідэйна-творчай эвалюцыі паэта адрозніваюць давянковы і паслявянковы перыяды.

    Максім Багдановіч стаў адным з першых у беларускай літаратуры, хто пачаў распрацоўку такіх складаных вершаваных форм, як санет, трыялет, актава, рандо, пентаметр і інш. У іх ён імкнуўся сцвердзіць вялікія вобразна-выяўленчыя магчымасці беларускай мовы. Акрамя таго, паэт стаў адным з заснавальнікаў беларускай пейзажнай і інтымнай лірыкі, пачынальнікаў урбаністычнай паэзіі, вя-лікае значэнне надаваў распрацоўцы гістарычнай тэматыцы.

    Максім Багдановіч – бадай што ці не адзіны ў гісторыі беларускай паэзіі, у каго – ад першых радкоў і да апошняга перадсмяротнага чатырохрадкоўя – амаль ўсё ішло на хрэстаматыйна-класічным узроўні. У яго амаль немагчыма знайсці верш, які быў бы недасканалы ў кампазіцыі, у логіцы вобраза і асацыятыўных сувязей. У яго было да-сканалае пачуццё меры і суразмернасці, і ў гэтых адносінах з усіх беларускіх паэтаў мінулага і сучаснага ён найбольш блізкі і роднасны Пушкіну.

     

    Слуцкія ткачыхі

    Ад родных ніў, ад роднай хаты

    У панскі двор дзеля красы

    Яны, бяздольныя, узяты

    Ткаць залатыя паясы.

    І цягам доўгія часіны,

    Дзявочыя забыўшы сны,

    Свае шырокія тканіны

    На лад персідскі ткуць яны.

    А за сцяной смяецца поле,

    Зіяе неба з-за акна, –

    І думкі мкнуцца мімаволі

    Туды, дзе расцвіла вясна;

    Дзе блішча збожжа ў яснай далі,

    Сінеюць міла васількі,

    Халодным срэбрам ззяюць хвалі

    Між гор ліючайся ракі;

    Цямнее край зубчаты бора...

    І тчэ, забыўшыся, рука,

    Заміж персідскага узора,

    Цвяток радзімы васілька.

     

    Раманс

    Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

    Светлыя згадкі з сабой прывяла...

    Помніш, калі я спаткаўся з табою,

    Зорка Венера ўзышла.

    З гэтай пары я пачаў углядацца

    Ў неба начное і зорку шукаў.

    Ціхім каханнем к табе разгарацца

    З гэтай пары я пачаў.

    Але расстацца нам час наступае;

    Пэўна, ўжо доля такая у нас.

    Моцна кахаў я цябе, дарагая,

    Але расстацца нам час.

    Буду ў далёкім краю я нудзіцца,

    У сэрцы любоў затаіўшы сваю;

    Кожную ночку на зорку дзівіцца

    Буду ў далёкім краю.

    Глянь іншы раз на яе, —

                                          у расстанні

    Там з ёй зліём мы пагляды свае...

    Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,

    Глянь іншы раз на яе...

     

    Верш “Слуцкія ткачыхі” датуецца 1912 годам. Быў напісаны пад уражаннем калекцыі беларускага старажытнага мастацтва, сабранай І. Луцкевічам, з якой Максім Багдановіч пазнаёміўся летам 1911 года. Паясы, па ўспамінах бацькі паэта, зрабілі вялікае ўражанне на паэта: ён пераглядаў іх па некалькі разоў.

    Змест верша не зусім адпавядае гістарычнай рэчаіснасці. Паясы – залата-, срэбна- і шаўкабітныя – выраблялі на мануфактуры М. Радзівіла ў 1758-1844 гг. Як сведчаць дакументы, на мануфактуры працавалі ў асноўным мяшчане з Слуцка і Нясвіжа, часткова шляхта – і толькі мужчыны. Жанчыны  не займаліся вырабам паясоў, прыгонныя сяляне ніколі не ткалі ў панскім двары. Аднак радзівілаўскія вырабы сапраўды перанялі стыль персідскіх тканін, пашыраных у Беларусі і Польшчы ў ХVI- пач. XVIII ст., з якімі яны канкурыравалі. І сапраўды, у стылістыку персідскіх узораў уносіліся мясцовыя матывы. На сённяшні дзень невядома, наколькі Максім Багдановіч быў знаёмы з фактамі ці наўмысна або міжвольна  ад іх адхіліўся. Верш не пра ткацтва, і менавіта такое адхіленне дапамагло ярчэй і глыбей перадаць сэнс эстэтычна дасканалага і эмацыйна насычанага твора.

    Автор: Ю. ДашкевичВеснік Чэрыкаўшчыны
    Теги: 

Комментарии (0)