28 Марта, 2024 Четверг

Усе фарбы свята

  • 12 сентября 2016 Культура Беларуская 0

    На ўрачыстасць завіталі ганаровыя госці — старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч,  старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк,  намеснікі старшыні райвыканкама, кіраўнікі і прадстаўнікі працоўных калектываў сельгаспрадпрыемстваў, сельвыканкамаў, благачынны цэркваў Капыльскай акругі протаіерэй Сергій Чарны.

    Адкрыццё мерапрыемства адбылося ў зоне адпачынку, куды задоўга да пачатку свята заклікалі рознакаляровыя кампазіцыйныя фігуры з саломы, а таксама вясёлая музыка і гоман людзей. Сустракаў гасцей урачыстасці «Горад майстроў», які размясціўся ўздоўж цэнтральнай алеі. Удзельнікі свята знаёміліся з работамі юных фатографаў і мастакоў, якія прысвяцілі сваю творчасць роднаму гораду. Шырока прадставіла ўласную прадукцыю бізнес-кампанія Капыльскага дзяржаўнага каледжа «Эргана». Мноства прыгожых і цікавых работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва экспанавалі на выставе-продажы гарадскія ўстановы адукацыі. Як заўсёды, затрымліваліся прахожыя ля выхаванцаў і майстроў Капыльскага раённага цэнтра ткацтва.  Тут можна было не толькі ўбачыць тэхніку стварэння ручнікоў і набыць вырабы народнага мастацтва, але і прыняць удзел у майстар-класах. Побач працавала бібліятэка, дзе кожны мог выбраць сабе кнігі на любы густ, мноства з якіх распавядалі пра гісторыю горада, раёна і знакамітых землякоў Капыльшчыны.

    Тым часам на сцэне разгортвалася тэатралізаванае шоу з удзелам Князя і Княгіні, Глашатага, княжацкага аркестра і вясёлых скамарохаў. Прадстаўленне перанесла прысутных у далёкі 1652 год, калі наш горад менавіта 27 жніўня атрымаў прывілей на Магдэбургскае права — права на самакіраванне — ад князя Яна Казіміра. З гэтага часу ў Капыля з’явіліся свае герб і пячатка, шэраг іншых выдаткаў. Доўгі час лічылася, што першы ўспамін у гістарычных крыніцах пра наш горад быў у 1274 годзе. Але дзякуючы даследаванням, агучаным на навукова-практычнай канферэнцыі ў кастрычніку 2012 года, з’явілася падстава лічыць Капыль значна старэйшым. Пацвярджэннем гэтаму стала статутная грамата аб заснаванні Тураўскай епіскапіі. Дзякуючы пісьмовай крыніцы можна ўпэўнена сцвярджаць, што Капыль пачынае сваё летазлічэнне з 1006 года. Сімвалічную пячатку разам са статутнай граматай Князь уручыў кіраўніку раённай вертыкалі Анатолю Ліневічу.

    «Паважаныя капыляне і госці горада. У кожнага населенага пункта, кожнага горада краіны ёсць свая біяграфія, свой гістарычны лёс, — адзначыў Анатоль Канстанцінавіч. — Для ўсіх нас сёння дзве выдатныя нагоды, каб сабрацца разам — два святы, якія з’яўляюцца значнымі і важнымі для нашага горада і раёна, аб’яднаныя адной мэтай — жыць і працаваць на карысць роднай зямлі, рабіць яе прыгажэйшай і багацейшай. Сёння мы святкуем Дзень горада і «Дажынкі-2016». Кіраўнік раёна прывёў шмат гістарычных прыкладаў, якія яскрава сведчаць пра раннюю гісторыю Капыля, актыўны ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці краіны на працягу ўсяго існавання.

    Пасля гэтага прысутныя разам з жаночым вакальным ансамблем «Аліра» праспявалі гімн Капыля. Шмат прыгожых песень, харэаграфічных і музычных кампазіцый прысутным падарылі народны аркестр народных інструментаў «Капыльскія дудары», народны жаночы вакальны ансамбль «Аліра», выхаванцы дзіцячай студыі «Кліо» і дзіцячай школы мастацтваў.

    Другая частка свята была прысвечана выключна героям хлебных ніў, якія прыклалі шмат намаганняў, каб унесці важкі ўклад у агульны каравай Мінскай вобласці і рэспублікі. Сёлета з залацістых палеткаў аграрыі сабралі больш за 130 тысяч тон збожжа. Хлебам-соллю віталі арганізатары ўрачыстасці кіраўнікоў гаспадарак, а экіпажы камбайнераў і вадзіцелі на адвозцы збожжа — пераможцы раённага спаборніцтва — атрымалі ганаровыя граматы і прэміі ад райвыканкама. Для земляробаў раёна ў выкананні самадзейных артыстаў Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу і Навасёлкаўскага сельскага дома культуры таксама прагучала шмат выдатных і добра знаёмых песень.

    Трэба адзначыць, што да свята «Дажынак» работнікі падрыхтаваліся як след: на ярка аформленых падворках сельгаспрадпрыемстваў сталы патаналі ў кулінарных стравах. Аўтары «смачных выстаў» праявілі сябе яшчэ і як майстры-дызайнеры. Усё было аформлена з густам.

    Галоўным атрыбутам кожнага падворка стаў каравай, выпечаны з мукі новага ўраджаю. Усе ўдзельнікі свята апошняга снапа вясёлай песняй і жартамі запрашалі прысутных да сябе ў госці.

    Многія гараджане і госці свята прыйшлі на ўрачыстасць сем’ямі. Невыпадкова ў праграме мерапрыемства значыліся і забавы для самых маленькіх. Недалёка ад сцэны, дзе праходзіла асноўнае дзейства, была арганізавана гульнёвая праграма ад «Белтэлекама» з удзелам супергерояў фільмаў, працавалі разнастайныя атракцыёны. Своеасаблівым забаўляльным комплексам пад адкрытым небам стала пляцоўка Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна. Тут для самых маленькіх  арганізавалі салон аквагрыму (роспіс спецыяльнай фарбай твару і цела), пацешныя конкурсы з цікавымі прызамі і спартыўныя гульні. З задавальненнем удзельнікі свята фатаграфаваліся каля «жывога кутка», які размясціўся на выставе Капыльскай дапаможнай школы-інтэрната.

    Надзіманыя горкі, батуты, электрамабілі, паветраныя змеі, роставыя лялькі, продаж сувеніраў і цацак — чаго толькі не было прадстаўлена на свяце!

    Паколькі мерапрыемства доўжылася не адну гадзіну, для гасцей працавалі гандлёвыя кропкі Капыльскага райспажыўтаварыства, дзе можна было і наталіць смагу, і добра падсілкавацца.

    Ужо ўвечары стартаваў фестываль музыкі і фарбаў «Holi Music Fest», арганізаваны райкамам ГА «БРСМ». Падчас дыскатэкі юнакі і дзяўчаты танцавалі і адначасова з дапамогай спецыяльнай сухой фарбы афарбоўвалі суседзяў ва ўсе колеры вясёлкі. Шмат станоўчых эмоцый, безліч усмешак падарыў гэты маладзёжны флэшмоб не толькі самім удзельнікам, але і гледачам, што знаходзіліся побач.

    Кульмінацыяй урачыстасці стаў святочны феерверк, які асвяціў рознакаляровымі фарбамі неба над зонай адпачынку ўжо апоўначы. Але самыя стойкія капыляне і госці свята танцавалі ажно да дзвюх гадзін ночы.

    Фота аўтара і Крысціны ЖОГАЛЬ  

    Автор: Сяргей ЛАЗОЎСКІСлава працы
    Теги: 

Комментарии (0)