03 Мая, 2024 Пятница

Авэ, Наталля і Эдуард...

  • 14 сентября 2016 Культура Беларуская 0

    V літаратурна-музычны фестываль «Зорка Наталлі», што праведзены ў гімназіі г. Лунінца, спалучыў імёны Наталлі Мурко (29.02.1952-31.12.2011) і Эдуарда Белавуса (11.09.1965-02.08.2016).

    Неаддзельны іх імёны. Наталля Мурко была салісткай “Канцэрціна”, часта выступала ў дуэце са скрыпачом. На першым дні яе памяці менавіта Эдуард Белавус прапанаваў адкрыць у ДШМ музей славутых лунінецкіх настаўнікаў музыкі, каб увекавечыць дзейнасць спявачкі, а таксама кампазітара Яўгена Куфайкіна і “бацькі хораў” Барыса Шчура. Цяпер у гэтым пераліку заўсёды будзе гучаць і яго імя.

    Аб памяці ўсхвалявана гаварылі вядучыя сустрэчы – вучні 10 “А” класа Вікторыя Хвастова, Кацярына Калюціч, Аляксандра Елізава, Уладзімір Назараў, Дзмітрый Кішкевіч, Уладзіслаў Шабан. Гучалі відэазапісы Наталлі Мурко. Юныя танцоры ўзорнага ансамбля “Мірыданс” выканалі “Лунінецкі вальс”.

    У гэты дзень гімназію наведалі госці з Ізраіля. Іосіф Шохат (Іерусалім), продкі якога жылі ў Мікашэвічах, адзначыў, што ўзяў жменю зямлі з малой радзімы сваёй маці, а ў сэрцы захавае спевы лунінчанкі, якая годна была выступаць на сцэнах славутых опер свету…

    Дзякуючы Наталлі Мурко, усталяваны моцныя сувязі з вядомымі літаратарамі Беларусі, якія захапляліся яе “залатым голасам”. Сёлета гімназія прымала паэтку Іну Фралову (на верхнім здымку), якая ўпершыню наведала Лунінец. Было цікава пачуць расказ аб святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Рагачове. На памяць вучням пакінуты фотаальбомы аб “калысцы” многіх нацыянальных творцаў, зборнік вершаў “Белы бераг” з аўтографам.  Пісьменнік Сяргей Трахімёнак падзяліўся ўспамінамі аб Наталлі Іванаўне, выканаў некалькі песень.

    Ганаровымі гасцямі гімназіі былі і родныя Наталлі Іванаўны. Самая маленькая з чатырох унучак уручала ўдзельнікам Дыпломы памяці. Напярэдадні ў ЦДТ, дзе займаецца 6-гадовая Злата, была выстава творчасці гурткоўцаў. І сваімі малюнкамі юная творца ўшаноўвала памяць бабулі…

    Адкрыў фестываль дырэктар Аляксандр Грушэўскі. У падрыхтоўцы праграмы ўдзельнічалі намеснік дырэктара Наталля Скамейка, бібліятэкар Ірына Раманчук, класны кіраўнік 10 “А” Эдуард Кунда, кіраўнік навуковага таварыства вучняў “Зямляне” Ірына Грушэўская.

    Пяць год таму 9 верасня Наталля Мурко была ганаровай госцяй гімназіі (тады яшчэ ліцэя). Спявала свой лю-бімы раманс “Зорка Венера”. Шануючы імя сёлетняга юбіляра – Максіма Багдановіча, быццам і ад лунінецкіх творцаў гучаў яго запавет…

    Автор: Таццяна КанапацкаяЛунінецкія навіны

Комментарии (0)