08 Мая, 2024 Среда

У Крупсім раёне завяршае сваю работу абласны пленэр па вырабу скульптур з каменя

  • 14 сентября 2016 Культура Беларуская 0

    Амаль месяц скульптары Ігар Засімовіч, Аляксандр Сакалоў, Кацярына Зантарыя і Алег Купрыянаў шчыравалі над вялізнымі валунамі, каб пераўтварыць іх у арыгінальныя арт-аб’екты, што ўпрыгожаць горад Крупкі

    Увесь гэты час на адной з пляцовак ААТ «Крупскі райаграсервіс» кіпела творчая работа. Спачатку цяжкая тэхніка даставіла сюды некалькі камянёў, магутны пад’ёмны кран размясціў іх на асфальтаваным месцы. А затым пасля неабходнай падрыхтоўкі майстры ўзяліся за вельмі няпростую справу – увасобіць у камені тыя задумы, што былі спачатку ў марах, а затым на паперы. Журналісты нашай газеты не маглі ўтрымацца, каб не паназіраць за гэтай таямнічай дзеяй. 

    – Усе выхадныя будзем пыліць як трэба, прыязджайце, калі ласка! – запрасіў нас знакаміты беларускі скульптар Ігар Засімовіч.

    Некалькі дзён мы сустракаліся са скульптарамі. Размаўлялі пра мастацтва ўвогуле, пра канкрэтныя работы, якія застануцца ў нашым горадзе пасля пленэра. Трэба сказаць, што гэта цікавыя, адкрытыя, таленавітыя людзі, вельмі прыемныя ў зносінах. А што такое «будзем пыліць» даведаліся ўвачавідкі. 

    Каб зразумець, як працуе скульптар з камнем, уявіце сабе: чалавек у спецыяльнай экіпіроўцы і рэспіратары з магутнай шліфавальнай машынай у руках. Вось так, у дрэнна праглядваемых клубах каменнага пылу, праходзіць большая частка работы.  

    – Вось гэтыя тры валуны – будучая скульптурная кампазіцыя «Сэрца зямлі». Над ёй мы працуем у суаўтарстве з Кацярынай Зантарыя, – расказвае Ігар Засімовіч. – Сам камень нагадвае постаць зубра, мы яго яшчэ крыху дапрацуем. На цэнтральным камені будзе сама назва «Сэрца зямлі», і кожная літара будзе суправаджацца своеасаблівай ілюстрацыяй і мець канкрэтны сэнс. Напрыклад, с – спадчына, сядзіба, спеў; э – эра, эдэм; р – род, Рагнеда і гэтак далей. Атрымаецца такая карціна края, пазнавальныя вобразы дамоў, цэркваў, кніг, знакамітых людзей. Да таго ж, у вас тут знайшліся шыкоўныя камяні, і мы проста радуемся, што можам увасобіць нашыя задумы.

    З Кацярынай Зантарыя мы сустрэліся праз некалькі дзён, яна займалася паліроўкай аднаго з фрагментаў выявы. Здаецца, літары выступалі з каменя прама на вачах.

    – Вось, ужо пакрысе праяўляюцца, ажывае наша задума, – гаварыла яна, пяшчотна датыкаючыся да каменя. 

    Малады скульптар Алесь Сакалоў тым часам шчыраваў над цікавай прасторавай работай, і яго валун ужо нагадваў каўчэг. 

    – Апошнім часам я працую з біблейскімі тэмамі. І тут, на пленэры, задумаў зрабіць скульптуру на тэму Ноева каўчэга, – расказаў Алесь. – Аснова – камень, а контуры каўчэга – з дрэва. У мяне ёсць свая станкавая работа на гэтую тэму, і, адштурхнуўшыся ад яе, я працую зараз. Работа пабудавана на арнаменце, фактычна, гэта малюнак вакол валуна. Тут будзе і птушка, што прынесла ў дзюбе аліўкавую галінку.

    Наш зямляк, беларускі скульптар Алег Купрыянаў, задумаў стварыць дарун-камень. У вялікім валуне ён прабіў месца для арнаментальнага ручніка, які вырабляецца з металу. 

    – Зверху будзе ўпрыгожванне ў выглядзе або дрэва жыцця або галубей. Яшчэ не вырашыў, як кажуць – у працэсе, – дзеліцца Алег. – Мая работа сімвалізуе мужчынскі і жаночы пачатак, сям’ю, працяг роду. Вось такое паглыбленне ў сямейную тэматыку. Чаму камень-дарун? Кожнаму, хто да яго датыкнецца, ён падорыць свае сілы і сваю энергію.

    Пленэр заканчваецца, але цалкам у завершаным выглядзе скульптуры мы пабачым яшчэ не зараз. Плануецца, што ўстаноўлены яны будуць у гарадскім парку. А гэта – таксама нямалая частка работы. Зразумела, што каменная скульптура – не карціна, так проста яе не возьмеш і не перанясеш. Да прыкладу, самы вялікі камень важыць каля 13 тон. Таму збірацца ў гатовыя кампазіцыі будуць ужо непасрэдна на месцы. Для гэтага падрыхтуюцца спецыяльныя фундаменты.

    – Бліжэй да вады будзе ўстаноўлена скульптура Алега Купрыянава, – дзеліцца планамі Ігар Засімовіч. – На фоне вады – работа Алеся Сакалова. Яна размесціцца недалёка ад сцэны, на прасвет вельмі добра будзе чытацца ідэя каўчэга, камяні, вада, птушкі – усё будзе працаваць. І наш зубр, як мы сталі яго называць, дакладней, статак з трох зуброў, будзе пасвіцца недалёка ад сядзібнага дома. Кампазіцыя зойме метраў 30, там яна набудзе сваю замкнёную тэрыторыю. Дрэвы аддзяляюць бюст Уладзіміра Кавалёнка, таму нічога не будзе перашкаджаць адно аднаму. Гэта пачатак парка, і ўсё цудоўна будзе выглядаць.

    Нагадаем, што пленэр прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Аракчэева, чыё імя носіць мастацкая галерэя ў нашым горадзе.

    Автор: Марина БородавкоКрупскі веснік

Комментарии (0)