26 Апреля, 2024 Пятница

Класiка з авангардам i музыка нiадкуль

  • 22 сентября 2016 Культура Русский 0

    Новы канцэртны сезон ансамбль салістаў «Класік-Авангард» распачаў з найцікавейшага праекта «Маладая Польшча».

    Мадэрнісцкі накірунак пад аднайменнай назвай узнік у польскай культуры на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў, яго асноўнай ідэяй стала імкненне і пошук новых выяўленчых сродкаў, развіццё самабытнага нацыянальнага мастацтва. Гэты рух ахапіў усе яго галіны: літаратуру, асабліва паэзію, жывапіс, тэатр, музыку.

    — Прыхільнікам гэтай плыні быў, напрыклад, славуты Станіслаў Выспянскі — адзін з найбольш выдатных і рознабаковых творцаў Еўропы свайго часу. Паэт і драматург, жывапісец і дызайнер, архітэктар і тэатральны дзеяч. Яго называлі польскім Леанарда да Вінчы. Яго метафарычная драма «Вяселле», напісаная ў 1901 годзе, сёння вядомая ва ўсім свеце. Удзельнікам «Маладой Польшчы» быў і наш зямляк, кампазітар Мечыслаў Карловіч, ураджэнец маёнтка Вішнева на Смаргоншчыне. Разам з Каралем Шыманоўскім яго лічаць адным з заснавальнікаў сучаснай польскай музыкі, — гаворыць Уладзімір Байдаў, стваральнік і нязменны лідар ансамбля салістаў «Класік-Авангард», захоплены новай праграмай.

    У Малой зале Белдзяржфілармоніі публіка змагла пачуць не толькі творы многіх старадаўніх польскіх кампазітараў, але і натхнёныя, пранікнёныя паэтычныя радкі тых часоў, а таксама ўбачыць відэапраекцыі карцiн мастакоў плыні «Маладая Польшча».

    Сёлета ансамбль салістаў «Класік-Авангард» — адзін з нашых самых вядомых інструментальных калектываў у жанры камернай музыкі — адзначае 25-годдзе. Юбілейная дата, вартая ўключэння ў Кнігу рэкордаў Гінэса, без жартаў заўважае на гэты конт Уладзімір Байдаў. Сапраўды, рэдкі ансамбль салістаў здолее існаваць столькі гадоў. «Слізкі» жанр, тлумачыць музыкант, бо спалучае ў сабе дзве несумяшчальнасці: выканаўца тут і саліст, і ансамбліст. Адсюль праблемы і складаныя адносіны, з-за якіх разбураюцца і квартэты, і трыа, і квінтэты. Дабіцца, каб саліст стаў ансамблістам, вельмі цяжка, сцвярджае Уладзімір Байдаў. Саліст — мастак-індывідуаліст, яркі творца. А ў ансамблі ён павінен прытрымлівацца пэўных рамак — такія правілы калектыўнага музіцыравання.

    Пытаюся ў маэстра: як жа на працягу столькіх гадоў удаецца стрымліваць амбіцыі двух дзясяткаў салістаў і аб’ядноўваць іх у ансамбль? Дакладнага адказу ў яго няма, шчыра прызнаецца, што складанасці бываюць часам. Але трымацца калектыву дапамагаюць прысутнасць агульных музычных інтарэсаў і вялікая колькасць розных праграм, якія даюць магчымасць вызначыцца кожнай індывідуальнасці.

    Вось і прэм’ер да свайго юбілейнага года ансамбль падрыхтаваў некалькі. Сярод іх знакавыя канцэрты, прысвечаныя 500-годдзю з часу выдання Францыскам Скарынам «Псалтыра», 500-годдзю рэфарматарскай дзейнасці нямецкага багаслова Марціна Лютэра, 130-годдзю мастака Марка Шагала.

    Шэраг цікавых праграм падрыхтавалі да новага сезона і іншыя філарманічныя калектывы.

    Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча працягвае сваю дзейнасць, скіраваную да творчасці народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Мулявіна. У лістападзе музыканты адправяцца ў гастрольны тур па гарадах Беларусі і Польшчы з яго рок-операй «Песня пра долю». А ў снежні прадставяць канцэрт-прэзентацыю новай кнігі «Уладзімір Мулявін і Лідзія Кармальская. Недасказанае…». Яе аўтары раскрываюць рамантычную гісторыю кахання песняра і яго першай жонкі даўжынёй у 17 гадоў.

    Сюрпрызы рыхтуе Дзяржаўны камерны аркестр. Напрыклад, у адным з яго канцэртаў загучыць новы, вельмі прыгожы італьянскі клавесін, нядаўна набыты філармоніяй. Упершыню голас дэбютанта прадэманструе вядомая расійская клавесіністка Вольга Мартынава.

    Пазнаёмяць меламанаў і з рэдкім, незвычайным электронным музычным інструментам. Яго амаль 100 гадоў таму ў Петраградзе стварыў савецкі фізік-акустык і музыкант Леў Тэрмен і назваў сваім імем — тэрменвокс, што ў дакладным перакладзе азначае «голас Тэрмена». Унікальнасць інструмента ў тым, што, каб іграць на ім, не патрэбны дотык рук выканаўцы. Музыка льецца нібы ніадкуль. Хто чуў, гавораць, гучанне вельмі падобнае на жаночы голас, толькі нейкі касмічны, незямны.

    У лістападзе запланавана выступленне камернага аркестра ў Парыжы. Саліраваць з нашымі музыкантамі будзе кумір мінскай публікі французскі піяніст Люка Дэбарг. Менавіта ён стаў ініцыятарам запрашэння, бо ў час двух мінулых прыездаў у Мінск яму вельмі спадабалася супрацоўніцтва з гэтым калектывам. З гастролямі чакаюць наш камерны аркестр і ў Нарвегіі, гэтай традыцыі ўжо 20 гадоў.

    Афіцыйна новы філарманічны сезон адкрываецца заўтра. Як заўсёды, гэта пачэснае права — у Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава.

    А далей — сачыце за афішай. Пачынаецца сезон прэм’ер.

    Цытата

    Аляксандр Гарбар, генеральны дырэктар Белдзяржфілармоніі:

    — Кожны з 19 нашых калектываў знаходзіцца зараз на творчым узлёце, у няспынным пошуку. Няма ніякага кансерватызму, застою ці замшэласці. Канечне, шукаць і знаходзіць нешта новае, каб прывабіць гледачоў, бывае няпроста. Але творчы ўздым высокі ва ўсіх. Сёння наша задача не толькі захаваць той брэнд, які мае Белдзяржфілармонія ў краінах СНД і Еўропы, але і ўзняць яе імідж на парадак вышэй. Мы гэтым жывём, да гэтага імкнёмся, і ў нас, здаецца, няблага атрымліваецца. Вось і ў сёлетнім 79-м канцэртным сезоне складваецца вельмі яркі калейдаскоп музычнага жыцця, які стане добрым творчым набыткам да будучага 80-годдзя нашай філармоніі.

    Автор: Ирина СВИРКОРэспубліка

Комментарии (0)